Выбрать главу

— Так, пра яе часьцяком ў газэтах пішуць.

— У найблізкай будучыні ты зноў здолееш прачытаць аб ёй у газэтах, — загадкава паабяцала немаладая жанчына.

Няўжо яна зьбіраецца выправіцца ў Квеньцін і зрабіць там сцэну?

— Адкуль у вас такая ўпэўненасьць? Я вось аб чым, як вы можаце сапраўды ведаць, дзе яна працуе, спадарыня Хэлі?

— Я яго высачыла, — пераможна заявіла яна.

— Вы высачылі яго?

— Мінулай ноччу ён зьехаў на сваім вэне. Па серадах ён часта зьяжджае. Пабыў у хаце, паглядзеў тэлевізар, а пасьля дванаццаці сказаў, што павінен ісьці, начная праца ёсьць. Схлусіў. Я заўсёды ведала, ён маніць аб начной працы па серадах — занадта дбайна апранаецца, чысьціць зубы, чаравікі ваксуе. Шмат чаго.

— Як жа вы прасачылі за ім, спадарыня Хэлі? Хіба ён не на сваім вэне паехаў?

— На вэне. Але мяне таксоўка чакала, са сгаслымі агнямі. Мы за ім на адлегласьці ехалі.

— Увесь час чакала таксоўка? Пакуль ён памкнецца сысьці? — Больш як сам учынак Фіёну ашаламіла яго найпоўная, звар'яцелая экцэнтрычнасьць.

— Не. Я ведала, ён каля паўночы сыдзе, таму таксоўку замовіла на ўсялякі выпадак на бяз чвэрткі дванаццаць. Потым села і паехала за ім.

— Пане міласэрны, спадарыня Хэлі, што падумаў таксіст?

— Ён думаў аб файным рахунку на яго лічыльніку, вось аб чым ён думаў.

— І што адбылося?

— Вэн збочыў і спыніўся ззаду Квеньціна. — Яна зрабіла паўзу. Вельмі засмучанай яна не выглядала. Фіёна часьцяком бачыла спадарыню Хэлі куды больш напружанай і прыгнечанай. Што ж яна магла ўбачыць падчас сваёй экстраардынарнай місіі?

— А пасьля?

— Пасьля мы чакалі. Я маю на ўвазе, ён чакаў, і мы з таксістам чакалі. Выйшла жанчына. Разгледзець я яе ня здолела, зацёмна было. Яна пайшла нацянькі да вэну, быццам ведала, што ён там чакае, і яны зьехалі. Так хутка, што мы іх страцілі.

Фіёна адчула палягчэньне. Але спадарыня Хэлі вярнула яе на зямлю. — У наступную сераду мы іх ня страцім, — рашуча паабяцала яна.

— Гэта ж вар'яцкі дорага. На заплачаныя таксісту грошы вы маглі набыць новую шыкоўную спадніцу, — распачала Фіёна беспасьпяховую спробу ўтрымаць яе ад іншай спробы.

— Я зэканоміла гаспадарчыя грошы і прагну выдаткаваць іх на тое, што дасі мне задавальненьне.

— Але калі ён убачыць вас, выявіць...

— Я нічога благога не раблю. Нікому не забараняецца пракаціцца на таксоўцы.

— Ну ўбачыце вы яе. Што зьменіцца?

— Пазнаю, што яна зь сябе ўяўляе, жанчына, якую ён думае, ён кахае. — У яе голасе гучала найпоўная ўпэўненасьць у пачуцьцях Дэна Хэлі.

— Твая маці ў Квеньціне працуе? — спытала Фіёна ў Брыджэт.

— Уга, а навошта табе?

— Яна ведае, хто там працуе па начах? З маладзенькіх стольніц напрыклад?

— Бадай так, яна там ужо даўнавата. А навошта табе?

— Калі я скажу табе імя, здолееш распытаць яе, не тлумачачы, чаму пытаеш?

— Магу, а навошта?

— Ты калісьці спыніш пытаць навошта?

— Я ніколі нічога не раблю, не спытаўшы навошта, — ухмыльнулася Брыджэт.

— Добра, тады забудзь.

— Я ж не адмаўляюся.

— Забудзь. Забудзь.

— Добра, высьветлю я ў яе ўсё. Гэта твой Бары? У ім справа? Думаеш, у яго шуры-муры з кімсьці з Квеньціна?

— Не зусім.

— Вядома, я яе распытаю.

— Не, ты зашмат пытаньняў задаеш. Толькі ўсё сапсуеш.

— Годзе табе, Фіёна, мы ж сяброўкі. Ты нас выбаўляеш, мы цябе выбаўляем. Давай імя і я маці ціхенька, няўзнак распытаю.

— Паглядзім.

— Дык як яе клічуць?

— Пакуль ня ведаю, але хутка даведаюся, — адказала Фіёна.

— Як нам высьветліць яе імя? — запытала Фіёна спадарыню Хэлі.

— Ня ведаю. Я думала, мы павінны проста застукаць іх.

— Не, калі мы пазнаем яе імя, у нас будзе перавага. Тады, магчыма, яе і застукваць не спатрэбіцца.

— Не ўяўляю, як ільга пазнаць яе імя, — зьбянтэжылася Нэса Хэлі. Яны моўчкі разважалі, седзячы насупраць адна адной.

— Няхай, — пачала Фіёна. — Няхай вы яму паведаміце, што тэлефанавала жанчына з Квеньціна, прасіла ператэлефанаваць, але не назвалася, сказала, ён ведае, хто тэлефанаваў. Тады мы здолеем падслухаць, каго ён пакліча да тэлефона.

— Фіёна, ты дарма губляеш час у сваёй лякарні, — выгукнула маці Бары. — Ты павінна працаваць прыватным шпіком.

Яны правялі апэрацыю ў той самы вечар. Калі Дэн вярнуўся дахаты, жонка пачаставала яго вячэрай, а потым, быццам толькі ўзгадала, перадала паведамленьне з Квеньціна.

Ён пайшоў у вітальню, тэлефанаваць, а Фіёна ўключыла міксэр на поўны моц, тым часам як маці Бары падслухоўвала ля дзьвярэй.

Яны абедзьве важдаліся ля пліты, калі Дэн Хэлі вярнуўся ў кухню. — Ты нічога не пераблытала, тэлефанавалі з Квеньціна?