Выбрать главу

— Калі я здолею дапамагчы вам з асьвятленьнем, вы купіце новую сукенку? — спытала Сьюзі.

— Ты ж не зьбіраесься прапанаваць Луіджы … — усхвалявалася Сыньёра.

— Не, клянуся, я не дазволю яму зноў зьвязацца з апраметнай. Занадта цяжка было выцягнуць яго адтуль. Насамрэч я ведаю аднаго электрыка, яго клічуць Жак. Мне патрэбен быў хтосьці для рамонту кватэры і Лу спытаў у італьянскім клясе. Лапік параіў чалавека, які выконваў працы ў іх гатэлі. Выдатны адмысловец. Даслаць яго да вас?

— Ну, Сьюзі …

— Калі ён возьме танна, а ён так і зробіць, вы купіце сукенку? — настойвала яна.

— Вядома, Сьюзі, — паабяцала Сыньёра, ня здольная зразумець, чаму людзі надаюць вопратцы такое значэньне.

Жак прыйшоў паглядзець на школьны вэстыбюль. — Ясная справа, сьвіран сьвіранам, — сказаў ён.

— Ведаю, але мне падавалася, калі прымацаваць тры-чатыры шэрагу разнаколерных агнёў, накшталт калядных гірлянд …

— Будзе выглядаць вельмі кранальна.

— У нас ня хопіць грошай набыць нешта іншае, — знэрвавалася Сыньёра.

— А хто вядзе прамову аб набыцьці? Я зраблю тут для вас нармалёвае асьвятленьне. Прынясу патрэбнае абсталяваньне, атрымаецца нібы на дыскатэцы. Увечар усталюю, раніцай забяру.

— Вы ня можаце так зрабіць. Гэта будзе каштаваць цэльнае багацьце. І хтосьці павінен гэтым кіраваць.

— Я пабуду тут і нагледжу, каб нічога не ўзьляцела ў паветра. Паколькі гаворка ідзе ўсяго аб адным вечары, вам гэта нічога каштаваць ня будзе.

— Зь якой нагоды вы павінны рабіць гэта для нас?

— Глядзіце на гэта як на выдатную рэкляму для маёй фірмы, — рот Жака расьцягнуўся ва ўсьмешцы ад вуха да вуха.

— Магу я прапанаваць вам пару квіткоў, на выпадак, калі вы захочаце прыйсьці з кімсьці? — Сыньёры карцела аддзячыць яго за дабрыню.

— Не, Сыньёра. Сёньня я вандрую самотна, — усьміхнуўся Жак. — Але хто ведае, што мяне чакае на вашай вечарынцы. Асьвятленьне зойме ў мяне ня ўвесь час.

Біл Бурк і Лізі Даффі павінны былі запрасіць дзесяць чалавек. Прадаць квіткі ў банку апынулася цяжка, бо Біла апярэдзіла Гранія Данн.

Так ужо здарылася, менавіта ў гэты вечар у Дублін зьбіралася маці Лізі.

— Лічыш, варта? — спытаў Біл. Занадта непрадказальны чалавек спадарыня Даффі. Як бы небясьпека не пераважыла плюсы.

Лізі паставілася да праблемы сур'ёзна. — Чаго самога дрэннага можна ад яе чакаць?

Біл таксама перайшоў на сур'ёзны тон. — Нап'ецца і пачне сьпяваць з гуртом? — зрабіў ён здагадку.

— Не, яна, калі напіваецца, распавядае ўсім, якое быдла мой бацька.

— Будзе грукатаць музыка, яе ніхто не пачуе. Давай запросім яе.

Канстанца магла павыкупляць усе квіткі, не зазначыўшы адмысловых зьмен на сваім банкаўскім рахунку, але гэта было бы зусім ня тое. Запрасіць госьцяў, вось чым яна зьбіралася заняцца.

Вераніка, вядома, пойдзе і прывядзе сяброўку з працы. Цудоўна, калі ў цябе ёсьць дачка. Запрашаючы сына, Рычарда, яна пачувалася куды менш упэўнена. Ці захоча ён прыйсьці з сваёй дзяўчынай? Ён пагадзіўся нечакана ахвотна. Пасьля суду і прысуду дзеці аказалі ёй вялізную падтрымку. Як яна і прадказвала, Гары атрымаў мінімальны тэрмін. Яе чацьвёра дзяцей тэлефанавалі і наведвалі маленькую кватэрку ля мора кожны тыдзень. Мусібыць, яна зрабіла слушна.

— Ты не дасі веры, — патэлефанаваў ёй праз пару дзён Рычард. — Ведаеш, хто зьбіраецца на вашу італьянскую festa у школе Выгляд-На-Гару? Мой бос, спадар Мэлан. Ён мне сёньня казаў.

— Які усё ж цесны сьвет, — зьдзівілася Коні. — Тады я, мабыць, запрашу яго цесьця. Паўль жонку прывядзе?

— Пэўна, — адказаў Рычард. — Пажылыя людзі заўсёды так робяць. — Хто ж зь іх італьянскага кляса мог запрасіць Паўля Мэлана, зьдзіўлялася Коні.

Гус і Мэгі паабяцалі Лапіку у абавязковым парадку прыйсьці на festa. Нягледзячы ні на што. Яны да таго ж запрасілі свайго сябра, уладальніка крамачкі чыпсаў, у падзяку за яго пераклады. А у якасьці прыза для лятарэі прапанавалі некалькі бясплатных абедаў зь віном у іх гатэлі.

У хаце, дзе жыла Сыньёра, Джэры Селіван жадаў ведаць, якая ніжняя ўзроставая мяжа.

— Шаснаццаць, Джэры, я табе ўжо распавядала, — адказвала Сыньёра. Яна ведала, у школе выяўляюць незвычайную цікавасьць да танцаў у вэстыбюлі з дыскатэчнымі агнямі і трункамі.

Спадар А’Брайн, Дырэктар, катэгарычна пярэчыў нават супраць прысутнасьці старшаклясьнікаў у якасьці запрошаных. — Няўжо вы нядосыць часу бавіце ў тым будынку? — бурчэў ён. — Чаму бы вам не пайсьці, як звычайна, у вашы прапаленыя сутарэньні, слухаць музыку, ад якой вушы згортваюцца?