У гэтыя дні Тоні А’Брайн нагадваў д'ябла. Каб дагадзіць Граніі Данн, каханьню ўсяго яго жыцьця, ён кінуў паліць і не знаходзіў сабе месцы. Але дзеля элемэнтарнай справядлівасьці ён павінен вытрымаць. Гранія зьдзейсьніла для яго цуд, наведала свайго бацьку і схіліла яго на іх бок.
Невядома, як яна дамаглася тага, але наступным днём Эйдан Данн прыйшоў у яго кабінэт і прапанаваў сваю руку.
— Я сябе паводзіў як бацька зь Віктарыянскай мэлядрамы, — сказаў ён. — Мая дачка досыць сталая, каб жыць сваім розумам. Калі ты зробіш яе шчасьлівай, усё добра.
Ад такога шоку Тоні ледзь не зваліўся з фатэлю. — Я жыў недарэчным жыцьцём, Эйдан, ты гэта ведаеш. Але слова гонару, Гранія зьявілася для мяне паваротнай кропкай. З тваёй дачкой я пачуваюся лепш, маладзей. Яна дала мне надзею і шчасьце. Я ніколі ня здраджу яе. Калі ты хоць чамусьці верыш, ты павінен верыць гэтаму.
Яны паціснулі адно аднаму рукі з такой сілай, што адчувалі боль яшчэ некалькі дзён.
І ў школе і хаце жыцьцё стала значна прасьцей. Яна перастала прымаць супрацьзачаткавыя пігулкі. Ён разумеў, шмат у чым гэта зьвязана з учынкам Эйдана. Дзіўны чалавек … Ня ведай яго Тоні А’Брайн так добра, можна было бы паверыць, што паміж спадаром латыністам і Сыньёрай нешта ёсьць.
Але гэта неймаверна.
Сябры Сыньёры, Брэнда і Патрык Брэнаны, абодва атрымалі запрашэньне на вечарыну. Ці варта мець посьпех, сказалі яны, калі нельга перадаручыць камусьці свае абавязкі? Існуе памагаты шэф-кухара, існуе другі распарадчык. Ацалее рэстарацыя адзіны вечар бязь іх. Ці яны першапачаткова хібна вядуць справу. І вядома Нэл Данн, касірка, таксама ідзе. Сапраўды, кіраўніцтва Квеньціна пяройдзе да каманды запасных, перасьмейваліся яны.
— Ня ведаю, навошта мы ўсе туды зьбіраемся, мусібыць глуздам крануліся, — вымавіла Нэл Данн.
— Дзеля салідарнасьці і падтрымкі, зразумела. Навошта ж яшчэ? — адказала спадарыня Брэнан, дзіўна паглядзеўшы на Нэл.
Не ўпершыню Нэл адчула, што спадарыня Брэнан ня вельмі яе палюбляе. Урэшце, яна задала слушнае пытаньне. Такія людзі як Брэнаны, ды, калі ўжо на то, і сама яна, Нэл Данн … у сваёй чорнай сукенцы і жоўтым шаліку яна сядзіць у Квеньціне, быццам каралева, яе ведаюць у Дубліне … усе яны павінны цягнуцца ў баракі Выгляд-На-Гару, дзе гэтулькі гадоў мучыцца дурам Эйдан.
Але аб сказаным яна пашкадавала. У Брэнанаў чамусьці іншае меркаваньне.
Добра, можна і схадзіць. Дэн у гэты вечар заняты, кудысьці павінен пайсьці з сваім сынам, і яе дзеці дастануць, калі яна ня прыме удзел ў тым балагане. Нуда будзе сьмяротная, як заўжды ў гэтай школе. Але прынамсі ня прыйдзецца турбавацца аб строі. Пяць фунтаў за кавалак піцы і гурт, што аглушыць цябе італьянскімі сьпевамі. Гасподзь усемагутны, на якія ахвяры мусіш ісьці дзеля сем'і.
Брыджэт і Гранія апраналіся да festa.
— Спадзяюся, усё пройдзе добра, для таты гэта так важна, — Гранія падфарбавала вейкі.
— Тата зладзіцца з чым заўгодна, калі зьмірыўся з тым, што ты сьпіш зь ягоным босам. Зараз яго нішто зь сядла ня выб'е. — Брыджэт начэсвала валасы перад люстэркам у гасьцёўні.
Гранія выйшла зь сябе. — Можа зьменіш кружэлку? Чалавечыя адносіны ложкам не абмяжоўваюцца.
— Ён, мусіць, даўно сьпёкся, вядома, у ягоныя гады, — хіхікнула Брыджэт.
— Калі я пачну распавядаць, ты зьзелянееш ад зайздрасьці, — ужо спакайней адказала Гранія, накладваючы цені. Увайшла іх маці.
— Гэй, маці, варушыся, праз некалькі хвіль выходзім, — прысьпешыла яе Брыджэт.
— Я гатовая.
Яны паглядзелі на маці. Валасы гладка зачэсаныя, ніякай касмэтыкі, паштадзенная сукенка, на плечы накінуты вольны жакет. Сёстры абмяняліся поглядамі і абышліся без камэнтарыяў.
— Добра, — кіўнула Гранія, — хадзем.
Гэта быў першы выхад Нэсы Хэлі пасьля лякарні.
На меркаваньне Бары маці не выглядала так добра ўжо шмат гадоў. Па-за ўсякім сумненьнем, Фіёна цудоўна на яе ўплывае. Ён ламаў галаву, ці варта яму запрасіць Фіёну паехаць зь ім у viaggio. Гэта шмат што азначала, напрыклад, адзін пакой на дваіх, а гэты бок спраў не занадта прасунуўся з моманту іх знаёмства. Ён, вядома, жадаў, але неяк усё не складалася, ці момант непрыдатны, ці месца.
Яго бацька выглядаў зьбянтэжаным. — Што за людзі там будуць, сынок?
— Усе, хто ходзіць у наш кляс і тыя, каго яны здолеюць зацягнуць, як я зацягнуў цябе. Там выдатна будзе, сапраўды.
— Не сумняваюся.
— Тат, спадарыня Кларк дазволіла мне ўзяць вэн, хоць гэта і не па працы паездка. Таму калі табе або маці надакучыць ці стоміцеся, я здолею адвезьці вас дахаты.