Выбрать главу

Бары гаварыў так горача, з такой падзякай, што бацьку стала сорамна. — Калі гэта Дэн Хэлі сыходзіў зь вечарыны, пакуль трункі на стале ня скончыліся? — запытаў ён сына.

— Фіёна сустрэне нас там? — Спадарыня Хэлі абвыкла да маральнай падтрымкі з боку любаснай маладзенькай дзяўчынкі, да якой яна ўсё больш прывязвалася. Фіёна ўзяла зь яе абяцаньне ўстрымацца ад спроб сустрэцца з Нэл. Толькі на тыдзень. Адзіны тыдзень. Нэса Хэлі нехаця пагадзілася.

— Так, яна вельмі настойвала. Жадала пайсьці туды сама, — сказаў Бары. — Гатовыя, едзем?

Яны зьехалі.

Сыньёра стаяла ў вэстыбюлі.

Перад выхадам яна зазірнула ў люстэрка ў хаце Селіванаў. Яна з напругай пазнавала ў сабе жанчыну, якая прыехала ў Ірляндыю летась. Удава, як яна сябе бачыла, у тузе па мёртвым Марыё. Доўгія валасы прыбраныя ў хвост, доўгая спадніца вісіць мехам. Нясьмелая да бязладзьдзя. Ні працу знайсьці, ні жыльлё. Уласнай сям'і баялася.

Сёньня яна стаіць высокая і элегантная. Яе сукенка кававага і ліловага адценьняў цудоўна спалучаецца зь незвычайным колерам яе валосься. Па меркаваньні Сьюзі такая сукенка павінна каштаваць ня менш як 300 фунтаў. Толькі ўявіць. Ёй прыйшлося дазволіць Сьюзі нафарбаваць яе.

— Хто там на мяне будзе глядзець, — паспрабавала пярэчыць яна.

— Гэта вашая ноч, Сыньёра, — настойвала Пэгі Селіван.

Так і было. Яна стаяла тут, у вэстыбюлі зь зіготкімі разнаколернымі агнямі, абчэпленым фатаздымкамі і плякатамі, пад гукі італьянскіх сьпеваў і музыкі. Да ўрачыстага адкрыцьця прыедзе гурт, а пакуль уключылі магнітафон. Яны вырашылі, што касэты з Nessun Dorma, Volare і Arrivederci Roma трэба ставіць часьцей. Нічога занадта незнаёмага.

Падышоў Эйдан Данн. — Мне ніколі не падавалася выпадку падзякаваць вам, — сказаў ён.

— Гэта я павінна дзякаваць вам, Эйдан. — Ён адзіны з усіх так і не атрымаў італьянскага варыянту свайго імя. Гэта вылучала яго.

— Нэрвуецеся? — спытаў ён.

— Трошкі. Але ж мы акружаныя сябрамі, чаму я павінна хвалявацца? Усе за нас, супраць нас ніхто тут не наладжаны. — Сыньёра ўсьміхнулася. Яна выкінула з галавы той факт, што ніхто зь яе сям'і, яе ўласнай сям'і, ня прыйдзе сёньня ўвечары падтрымаць яе. Яна прасіла іх, але ўмольваць ня стала. Было б так цудоўна хоць аднойчы сказаць людзям — гэта мая сястра, гэта мая маці. Але не.

— Вы выглядаеце файна, Нора. Я хачу сказаць, менавіта вы сама, ня проста ўсё вакол.

Ніколі раней ён ня зваў яе Норай. Яна не пасьпела абмеркаваць гэта, пачалі зьбірацца людзі. У дзьвярах працягвала квіток сяброўка Канстанцы, надзвычай эфэктная жанчына па імі Вера.

У гардэробнай, былой каморцы, юная Кацярына зь італьянскага клясу з сваёй сяброўкай, яркай дзяўчынкай, Хэррыет, выдавалі людзям нумаркі і раілі не губляць іх. Незнаёмыя людзі ўваходзілі, захапляліся ўбачаным. Дырэктару, Тоні А’Брайну, бясконца мелася пераадрасоўваць ухваленьня. — Баюся, я да таго дачыненьня ня маю, усё заслуга спадара Данна, аўтара тага праекту, і Сыньёры.

Яны стаялі тут, прымаючы віншаваньні, быццам жаніх і нявеста.

Фіёна зазначыла як Гранія і Брыджэт уваходзяць разам з маці. У яе перахапіла дыханьне. Яна шмат разоў сустракала спадарыню Данн раней, але сёньня ледзь пазнала яе. Гэтая жанчына выглядала поўнай развалінай. Падаецца, яна нават памыцца загультаілася.

Выдатна, маркотна падумала Фіёна. Жудаснае адчуваньне ў грудзях не давала ёй спакою, быццам яна праглынула нейкі кавалак, што захраснуў на паў шляху. Накшталт вельмі цьвёрдай бульбачкі ці сырых кіяхоў. Яна ведала, гэта спуд. Фіёна, мышанё у акулярах, зьбіралася ўмяшацца ў нечыя жыцьці. Зьбіралася наплесьці людзям плойму хлусьні і напалохаць іх да сьмерці. Ці здолее яна, альбо спатыкнецца і ўсё сапсуе?

Вядома, здолее. Навошта тады той вечар, калі Гранія частавала іх кітайскімі стравамі? Пасьля яго Фіёна стала паводзіць сябе цалкам інакш і, падумаць толькі, як шмат добрага з тага выйшла. Менавіта ёй атрымалася ўгаварыць Нэсу Хэлі падхарашыцца і прыйсьці на гэтую вечарынку. Мышанё у акулярах на тое няздольнае. Раз ужо яна зайшла так далёка, яна абавязаная пераадолець апошнюю перашкоду. Трэба пакласьці канец любоўнай сувязі, катуючай гэтулькі сэрцаў. Зрабіўшы гэта, яна здолее наладзіць уласны лёс, свой уласны раман.

Фіёна азірнулася вакол, імкнучыся замацаваць на твары ўпэўненую ўсьмешку. Трэба зараз трохі пачакаць, пакуль народ разварушыцца.

На гэта спатрэбілася зусім няшмат часу. Вакол загаманілі, зазьвінелі келіхі, прыбыў гурт. Танцы пачаліся з музыкі шасьцідзесятых, што ўладкоўвала ўсіх.