Фіёна падышла да Нэл Данн, якая сядзела ў ганарлівай самоце з пагардлівым выглядам. — Вы мяне памятаеце, спадарыня Данн?
— А, Фіёна? — яна ўзгадала імя зь відавочнай напругай і без адмысловай цікавасьці.
— Вы заўсёды былі такая любасная да мяне, спадарыня Данн, калі я была маленькай, я гэта памятаю.
— Я?
— Так, калі я прыходзіла на гарбату. Мне бы не карцела, каб вам манілі.
— Хто ж мне маніць?
— Вось той чалавек, Дэн.
— ШТО? — Нэл паглядзела туды, куды паказвала Фіёна.
— Разумееце, ён усім вакол распавядае, што яго жонка за сабою ня даглядае, апранаецца пачварна, увесь час спрабуе жыцьцё самагубствам скончыць, як яму ад яе сысьці карціць. Але ў яго цэлая чарга жанчын, і ўсім ён распавядае адну і тую гісторыю.
— Не разумею, аб чым ты кажаш.
— Вы, верагодна … пачакайце… дама серады і яшчэ нейкага дню. Так у яго заведзена.
Нэл Данн паглядзела на элегантную жанчыну, якая радасна сьмяялася разам з Дэнам Хэлі. Гэта ня можа быць ягоная жонка, аб якой ён распавядаў. — З чаго ты ўзяла, што ведаеш аб ім нешта? — спытала яна Фіёну.
— Вельмі проста. Ён і маёй маці галаву закружыў. Прыяжджаў на вэне, сустракаў з працы, вёз. Яна ім трызніла. Жудасны ўспамін.
— Зь якой нагоды ты мне гэта распавядаеш? — Яна перайшла на шэпт і зацкавана паглядзела вакол.
Спадарыня Данн дакладна перапалохалася, зразумела Фіёна. — Ці бачыце, ён прывозіць гародніну і кветкі туды, дзе я працую, і заўжды распавядае аб гэтых жанчынах, нават аб вас, як вы ад яго бяз одуму. Вас ён заве «шыкоўная дама з Квеньціна». Я як зразумела, што ён пра маці Брыджэт і Граніі кажа, рыхтык як з маёй маці было … нават супакой страціла.
— Я ня веру ніводнаму твайму слову. Ты небясьпечная, звар'яцелая дзяўчынка, — спадарыня Данн бліснула сплюшчыўшыміся быццам шчыліны вачыма.
Луіджы захоплена танчыў з Кацярынай з італьянскага клясу. Кацярына і яе сяброўка Хэррыет вызваліліся ад варты ў гардэробе і зараз наганялі выпушчанае.
— Выбачай. — Фіёна выцягнула Луіджы з круга танцуючых.
— Ты чаго? Сьюзі ня супраць, ёй падабаецца, калі я танчу, — абурыўся ён.
— Зрабі мне вялізную ласку, — узмалілася Фіёна. — Толькі не пытай ні аб чым.
— Лёгка, — хітнуў Луіджы.
— Можаш ты падысьці вось да таго цёмнавалосага чалавеку, там, поруч дзьвярэй, і сказаць яму, што калі ён не жадае непрыемнасьцяў, яму трэба пакінуць у супакою даму, зь якой ён сустракаецца па серадах.
— Але … ?
— Ты абяцаў не пытаць, навошта!
— Я і не пытаю, навошта, я толькі пытаю, ці адкалашмацяць мяне ?
— Не, не адкалашмацяць. І яшчэ, Луіджы …
— Так?
— Дзьве рэчы. Можаш ты нічога не казаць аб тым Сьюзі і Барталамеа?
— Не пытаньне.
— І можаш ты паспрабаваць выглядаць трохі разьюшана, калі будзеш размаўляць зь ім?
— Пастараюся, — ганарліва паабяцаў Луіджы. Хто-хто, а ён здолее.
Нэл Данн амаль наблізілася да Дэна. Ён размаўляў з каржакаватай пысай вельмі лютага выгляду. Яна зьбіралася прайсьці побач і не растульвая вуснаў запрасіць яго на пару слоў, хітнуўшы ў бок калідора.
У любым выпадку, чаму ён не сказаў ёй, што ідзе сюды? Такая сакрэтнасьць. Такая ўтоенасьць. Цалкам магчыма, ёсьць шмат што яшчэ, невядомае ёй. Але дакладна перад тым, як яна дабралася да яго, ён падняў вочы і зазначыў яе. Ягоны твар сказіў спуд. Ён рушыў ад яе прочкі. Яна ўбачыла, як ён схапіў за руку жонку і запрасіў яе на танец.
Гурт граў Ciao Ciao Bambino. Ім гэты сьпеў быў брыдкі, але праца ёсьць праца. Заўтра яны зьявяцца ў вечаровай газэце.
Фіёна ўзабралася на крэсла, каб бачыць, што адбываецца. І назаўжды захаваць у памяці. Бары толькі што спытаў яе, ці згодна яна паехаць зь ім у viaggio і яна сказала так. І вось яе будучыя сьвёкар і сьвякруха танчаць адно з адным.
Маці Брыджэт і Граніі штосілы імкнулася адшукаць свой палітон і зьбегчы. Яна прымусіла Кацярыну і Хэррыет адчыніць для яе гардэроб. Толькі Фіёна зазначыла, як яна сыходзіць. Бары наогул не зьвярнуў на яе ўвагі. Дасьць Бог, ён ніколі аб ёй не пазнае, і што яшчэ важней, ніхто ніколі не пазнае аб фрэзіях.
— Патанчыш са мной? — спытаў ён. Гучалі Тры Грошыка ў Фантане. Салодка і сэнтымэнтальна.
Бары дужа прыціснуў яе. — Ti amo, Fiona, carissima Fiona.
— Anch’io, — усьміхнулася яна.
— ШТО? — не паверыў ён сваім вушам.
— Anch’io. Гэта значыць я таксама. Я таксама цябе кахаю. Ti amo da morire.
— Пане, адкуль ты ведаеш? — спытаў ён, зьдзіўлены, як ніколі ў жыцьці.
— Я запытала Сыньёру. І трэніравалася. На ўсялякі выпадак.
— На ўсялякі выпадак?
— На выпадак, калі ты гэта скажаш. Каб здолець адказаць.