Людзі вакол іх танчылі і напявалі словы тага няскладанага сьпеву. У бацькі Брыджэт і Граніі і ў галаве не было адшукваць жонку. Ён размаўляў з Сыньёрай. Яны выглядалі, як людзі, якія могуць пачаць танчыць у любы момант, калі гэта прыйдзе аднаму зь іх у галаву. Бацька Бары не аглядаўся зьбянтэжана, ён размаўляў з сваёй жонкай, быццам яна зноў стала рэальнай асобай. Брыджэт вырашала не зацягвацца ў шчыгульную спадніцу, яна апранула вольную пунсовую сукенку. Яе рукі ўвіналі шыю мужчыны, якому гэта відавочна дастаўляла задавальненьне. Гранія прыхінулася да Тоні. Яны ня танчылі, але яны зьбіраліся ажаніцца. Фіёну запрасілі на вясельле.
Як выдатна нарэшце пасталець, падумала Фіёна. Ня ўсё гэта здарылася дзякуючы ёй, але да вельмі значнай часткі здарэньняў яна дачыненьне мае.
VIAGGIO
— Навошта запрашаць на нашае вясельле спадара Данна? — жадаў ведаць Лу.
— Бо гэта будзе прыемна Сыньёры, у яе больш нікога няма.
— У яе нікога няма? Дзеля Бога, хіба яна не жыве з тваёй сям'ёй?
— Ты выдатна ведаеш, што я маю на ўвазе, — непахісна стаяла на сваім Сьюзі.
— Тады мо мы і яго жонку павінны запрасіць? Сьпіс расьце з кожнай хвіляй. Ты памятаеш? Мы плацім сямнаццаць фунтаў з чалавека, і гэта пакуль яны не прыгубілі трункі.
— Каго мы сапраўды не запросім, так гэта яго жонку. У цябе з галавой усё добра? — На твары Сьюзі мільгануў выраз, што вельмі не спадабаўся Лу. Выраз, што сьведчыў аб яе сумненьні. Ці трэба ёй выходзіць за таго, хто тупы, як корак.
— Зразумела, не яго жонку, — гарачліва вымавіў Лу. — Я, мусіць, трызьню, вось і ўсё.
— Кагосьці з свайго боку жадаеш дадаць? — спытала Сьюзі.
— Не-не. Паміж іншым, яны ж і з майго боку. Хіба яны ня едуць з намі ў вясельнае падарожжа? — павесялеў Лу.
— І разам зь імі яшчэ палова Дубліна, — акругліла вочы Сьюзі.
— У аддзеле рэгістрацыі, колькі я разумею, — вымавіла Нэл Данн, калі Гранія назвала ёй дату.
— Крывадушна брацца шлюбам у цэрквы, калі ні водны з нас туды ня ходзіць. — Нэл сьцепанула плячыма. — Ты ж прыйдзеш, маці, абяцаеш? — занепакоілася Гранія.
— Вядома прыйду, чаму ты пытаеш?
— Ну … проста…
— У чым справа, Гранія? Я ж паабяцала.
— Ну, зь вечарыны ў школе ты сышла ў самы розрух, а для таты гэта была асаблівая ноч. І у Італію ты зь ім ня едзеш.
— У Італію мяне ніхто ня клікаў, — з жалезам у голасе адказала Нэл Данн.
— Усе могуць паехаць у Рым і Флярэнцыю? — запытала Берні Даффі сваю дачку Лізі.
— Не, маці. Шкадую, але паездка разьлічаная толькі на наш кляс, — папрасіла выбачэньня Лізі.
— Няўжо ім ня варта набраць пабольш людзей? — Берні няблага адцягнулася на festa. І меркавала, у viaggio будзе яшчэ лепш.
— Што будзем рабіць? Яна мне ні хвілі супакою не дае, — пазьней паскардзілася Лізі Білу.
— Возьмем яе замест тага ў Галуэй, пабачыцца з тваім бацькам, — нечакана прапанаваў Біл.
— Сьмяесься?
— Чаму? Чым кепская вандроўка? Гэта яе адцягне, прынамсі зойме на нейкі час. Яна ня будзе сябе адчуваць адхіленай ад усяго займальнага, калі апынецца ў эпіцэнтры гэтай драмы.
— Выдатная ідэя, — захапілася Лізі.
— І потым, я ж ўсё роўна павінен сустрэцца зь ім, так?
— Навошта? Ажаніцца мы зьбіраемся толькі ў дваццаць пяць гадоў.
— Я ведаю, але Луіджы жэніцца і дачка спадара Данна выходзіць замуж … можа і нам прысьпешыцца, як табе падаецца?
— Perche non? — твар Лізі асьвятліла шырокая ўсьмешка.
— Я папрасіў Сыньёру напісаць сям'і Гаралдзі ліст для мяне, — абвясьціў Лапік. — Яна сказала, яна ўсё растлумачыць.
Мэгі і Гус пераглянуліся. Сыньёра, несумнеўна, павінна разумець фармальны характар запрашэньня, зробленага ў імпэце падзякі заможнай, дабразычлівай сям'ёй, кранутай сумленнасьцю ірляндзкага парцье. Яны не меркавалі, што ён паставіцца да іх словаў так сур'ёзна, пачне вывучаць італьянскі і нецярпліва чакаць гасьціннага прыёму.
Сыньёра, як любы сталы чалавек, павінна слушна паставіцца да сытуацыі. Хоць у той вечар, на festa, было нешта вельмі дзіцячае ў жанчыне ў кавава-ліловай сукенцы, ахопленай шчырым хваляваньнем ад посьпеху ўрокаў і падтрымкі, атрыманай вечаровым клясам. Такі чалавек не ад сьвету гэтага цалкам можа, як і Лапік, выказаць здагадку, што тыя Гаралдзі з распасьцёртымі абдымкамі чакаюць кагосьці, аб кім яны, мусіць, ужо і ня памятаюць.
Але Гус з Мэгі ні ў якім выпадку ня стануць засмучаць Лапіка. Ён захоўвае пашпарт у гатэльным сэйфе і ўжо памяняў грошы на lire. Гэтае падарожжа зашмат значыць для яго і нічым не павінна быць азмрочанае. Усё будзе выдатна, казалі адно аднаму Гус і Мэгі, і ўсім сэрцам тага прагнулі.