— Толькі ўявіць, ніколі ў жыцьці я не была замежжам, а улетку пабываю двойчы, — распавяла Фрэн Канстанцы.
— Двойчы?
— Так, у дадатак да viaggio Кэці выйграла два квітка ў Амэрыку. Вы не паверыце, але яна брала ўдзел у конкурсе нейкага часопісу, што прынесла ў школу яе сяброўка, Хэррыет. І перамагла. Прыз — два квітка ў Нью-Ёрк, дык мы абедзьве едзем.
— Выдатна. Ці ёсьць у вас дзе спыніцца?
— Так. У мяне ёсьць сябар, хлопец, зь якім я доўга сустракалася, ён зьбіраецца прыехаць сустрэць нас. Гэта больш за чатырыста міль, але яны там не зьвяртаюць увагі на такія рэчы.
— Вы, пэўна, яму па-ранейшаму падабаецеся, калі ён зьбіраецца праехаць такую адлегласьць.
Фрэн усьміхнулася. — Спадзяюся, што так. Мне ён падабаецца як раней. Хіба ня цуд, што Кэці выйграла тыя квіткі?
— Вядома.
— Ведаеце, калі яна сказала, мне зьвярзлося, ёй даў іх яе бацька. Але не, квіткі апынуліся аплачаныя гэтым часопісам, таму поўны парадак.
— Чаму яе бацька павінен быў даць іх і не сказаць вам?
— Ну, я зараз зь ім ня бачуся, а ён жанаты на адной з найбагатых жанчын Ірляндыі. Але я не прыму іх ад яго, мне падачкі не патрэбныя.
— Не, зразумела не. У вас захаваліся пачуцьці да бацькі Кэці?
— Ніякіх, усё гэта было тысячу гадоў таму. Я радая, што ў яго ўсё добра. Ён жанаты на Мар'яне Хайес і валодае чвэрцю Дубліна.
— Барталамеа, як ты думаеш, вы зь Фіёнай зможаце заняць адзін пакой? — запытала Сыньёра.
— Si, grazie, Сыньёра, усё ўладкавалася. — Бары паружавеў, узгадаўшы, як файна ўсё ўладкавалася.
— Божухна, гэта ўсё спрашчае, асобныя пакоі такая праблема.
Сыньёра зьбіралася скаапэравацца з Канстанцай, а Эйдан Данн з Лапікам. Ва ўсіх астатніх таксама меліся кампаньёны.
Турыстычнае агенцтва аб усім цудоўна падбала, гэта была та самая установа, у якой працавала Брыджэт Данн. Яны падалі найлепшыя кошты, калі ўглыбіліся ў сытуацыю. Брыджэт Данн сказала, ёй і самой амаль карціць паехаць.
— Чаму ты ня едзеш з сваім старэчай? — спытала яна Гранію.
Зараз Гранія толькі сьмяялася ў адказ на паддзёўкі сястры. — Мы з Тоні не жадаем дакучаць там таце. Да таго ж занятыя, рыхтуемся да дзядоўскага вясельля стагодзьдзя.
Брыджэт хіхікнула. Гранія такая шчасьлівая, што на яе і пакрыўдзіцца немагчыма.
Ім абедзьвюм падавалася дзіўным, што іх маці ніякай выявай ня ўдзельнічае ў падрыхтоўцы знакамітага viaggio. Але яны не абмяркоўвалі гэты тэмат. Занадта трывіяльна і сур'ёзна было гэта адначасова. Няўжо маці і тата растаюцца? Падобныя рэчы не здараюцца ў такіх сем'ях, як іх.
Фіёна прывяла Бары на вячэру да сабе дахаты амаль напярэдадні viaggio.
— Ты практычна жывеш у маёй хаце, — скардзіўся ён, — а мяне да сабе не пускаеш.
— Не жадаю, каб ты сустрэўся з маімі бацькамі, пакуль ня стала занадта позна.
— Што значыць занадта позна?
— Занадта позна табе ад мяне зьбегчы. Жадаю, каб ты зьнемагаў ад фізычнага запалу да мяне, кахаў мяне і захапляўся мною як асобай.
Бары ня здолеў захаваць абыякавы выраз твару, так сур'ёзна і горача гаварыла Фіёна. — Калі ўся справа ў фізычным запале, тады добра, — сказаў ён. — Неяк перажыву, якімі бы жудаснымі яны ні апынуліся.
Яны ткі апынуліся дастаткова жудаснымі. Маці Фіёны сказала, што лепшага месца для адпачынку, як Ірляндыя, не знайсьці. Тут табе не пагражае сонечны ўдар і па торбах тваіх ніхто шнарыць ня будзе.
— Кішэньнікаў тут ня менш, як паўсюль.
— Але тут яны, прынамсі, размаўляюць па-ангельскі, — умяшаўся яе бацька.
Бары ахвотна паведаміў, што вывучае італьянскі. Ён здолее замовіць абед, зьвязацца з паліцыяй, патлумачыцца ў лякарні і ў транспарце.
— Вось бачыш, — не хаваў задавальненьня ад уласнай слушнасьці бацька Фіёны. — Напэўна гэта вельмі небясьпечнае месца, раз вас вучаць усяму такому.
— Колькі трэба даплачваць за асобны пакой? — спытала яе маці.
— Пяць фунтаў за ноч, — сказала Фіёна.
— Дзевяць фунтаў за ноч, — вымавіў адначасова зь ёй Бары. Яны спалохана пераглянуліся. — Справа ў тым … мм … разумееце, для мужчын даражэй, — у роспачы паспрабаваў выратаваць сытуацыю Бары.
— Чаму? — Бацька Фіёны нешта западозрыў.
— Нейкія італьянскія дзівацтва. Навязваюць мужчынам пакоі пабольш, для іх вопраткі і рэчаў.
— Табе не падаецца, што звычайна больш вопраткі маюць жанчыны? — Зараз падазроны зьявіліся і ў маці Фіёны. Што за паўлін, якому для гардэробу патрэбен вялізны пакой, увінаецца вакол яе дачкі?
— Ведаю, мая маці сказала тое самае … Паміж іншым, яна так чакае спатканьня з вамі, вельмі жадае пазнаёміцца.