Выбрать главу

— Навошта? — зьдзівілася маці Фіёны.

Бары паняцьця ня меў навошта, таму сказаў: — Ёй гэта падабаецца, яна любіць людзей.

— Шанцуе некаторым, — прабурчэў бацька Фіёны.

— Як будзе па-італьянскі «посьпехаў табе, тата»? — спытала Гранія ў бацькі ўвечары напярэдадні viaggio.

— In bocca al lupo, Papa. — Яна паўтарыла. Яны сядзелі ў яго кабінэце. Ён дастаў з паліц свае мапы і даведнікі. Усё гэта трэба пакласьці ў кайстру і ўзяць з сабою ў ручную паклажу. Ня мае значэньня, сказаў ён, ці страціцца яго вопратка, іншая справа такія каштоўныя рэчы.

— Маці на працы? — няўзнак пацікавілася Гранія.

— Мяркую, так, любачка.

— Да нашага вясельля ты загарыш, нібы нэгар, — пастаралася яна ўтрымаць радасны настрой.

— Так. Ведаеш, мы б жадалі зладзіць яго тут.

— Насамрэч, тат, мы аддаем перавагу пабу.

— Я заўсёды думаў, што тваё вясельле будзе тут і я возьму на сабе ўсе выдаткі.

— Ты заплаціш за вясельны торт і шампанскае, дастаткова?

— Спадзяюся.

— Тага цалкам досыць. Слухай, ты нэрвуесься з-за паездкі?

— Трохі. Раптам усё апынецца ня так добра, як мы абяцаем, спадзяемся і нават памятаем. Людзі так выдатна займаліся, жах, калі напрыканцы ўсё пойдзе ў глум.

— Нямо, татачка. Усё будзе выдатна. Я бы і сама жадала паехаць з вамі.

— Я бы таксама жадаў, каб ты паехала. — Ні адзін зь іх не ўзгадаў ні словам тое, што жонка Эйдана, зь якой ён пражыў дваццаць пяць гадоў, ехаць не жадае. Па яе словах, ёй ніхто і не прапаноўваў.

Джымі Селівану апынулася па дарозе, таму ён падвёз Сыньёру ў аэрапорт.

— Вы прыедзеце залішне рана, — сказаў ён.

— Я занадта хвалююся. Не магу заставацца дома, карціць ўжо рушыць.

— Заедзеце пабачыцца з роднымі мужа ў тую вёску, дзе жылі?

— Не, Джымі, часу ня будзе.

— Крыўдна зрабіць увесь гэты шлях да Італіі і не наведаць іх. Кляс мог бы адпусьціць вас на дзянёк-іншы.

— Гэта занадта далёка, на высьпе Сыцылія, у самім канцы Італіі.

— Так яны і не пазнаюць, што вы там былі?

— Не, яны не пазнаюць.

— Што ж, тады добра. Прынамсі не пакрыўдзяцца.

— Не хвалюйцеся. А мы са Сьюзі па вяртаньні распавядзем вам усё ў падрабязнасьцях.

— Адылі вясельле нічога было, як лічыце, Сыньёра?

— Я атрымала велічэзнае задавальненьне, і ўсе астатнія, колькі я ведаю, таксама.

— Прыйдзецца мне за яго адплачвацца да канца жыцьця.

— Лухта, Джымі, вам тое ў радасьць. У вас толькі адна дачка і гэта было сапраўднае сьвята. Людзі яшчэ шмат гадоў успамінаць будуць.

— Ну, каб працьверазець ім не адзін дзень спатрэбіўся, — празьзяў ён пры думцы аб сваёй легендарнай гасьціннасьці. — Спадзяюся, Сьюзі з Лу здолеюць выбрацца з ложку і не спазьніцца ў аэрапорт.

— Вы ж разумееце, маладыя, — дыпляматычна адказала Сыньёра.

— Яны былі ў тым ложку за шмат месяцаў да таго, як сталі маладымі, — неўхваляльна нахмурыўся Джымі Селіван. Яго заўжды раздражнялі паводзіны Сьюзі у гэтым пляне.

Апынуўшыся ў аэрапорце, Сыньёра адшукала вольнае мястэчка і выняла самаробныя цэтлікі. На кожным Vista del Monta — Выгляд-На-Гару па-італьянскі — і імя чалавека. Так ужо напэўна ніхто не заблукае. Калі ёсьць Бог на сьвеце, ён павінен радавацца, што ўсе гэтыя людзі едуць у Сьвяты Горад, ён не дазволіць ім згубіцца альбо пацярпець ад няшчаснага выпадка. Сорак два чалавека, уключаючы яе саму і Эйдана Данна. Цалкам досыць, каб запоўніць аўтобус, што павінен іх чакаць. Цікава, хто прыйдзе першым? Можа, Лярэнца? Хутчэй за ўсё Эйдан. Ён зьбіраўся дапамагчы ёй раздаваць цэтлікі.

Але гэта апынулася Канстанца. — Мая суседка па пакоі, — радасна павіталася яна і прышпіліла цэтлік.

— Вы ж цалкам маглі дазволіць сабе асобны пакой, Канстанца, — закранула Сыньёра тэмат, што ніколі ня згадваўся раней.

— Так, але з кім бы я тады гутарыла … хіба ня ў тым палова задавальненьня ад вандроўкі?

Перш як Сыньёра пасьпела адказаць, зьявіліся астатнія. Вялікая частка прыехала рэйсавым аўтобусам. Яны падышлі атрымаць свае цэтлікі. Да чаго элегантна гучыць на італьянскім назоў нашай школы, пацешыліся ўсе.

— Ні адна душа ў Італіі не пазнае, якая дзіра Выгляд-На-Гару насамрэч, — скептычна зазначыў Лу.

— Гэй, Луіджы, будзь шчыры, за гэты год яна зьмянілася. — Эйдан меў на ўвазе аздабленьне, афарбоўку, новы падстрэшак для ровараў. Тоні А’Брайн выканаў усе свае абяцаньні.

— Прабач, Эйдан, ня думаў, што ты чуеш, — ухмыльнуўся Лу. На вясельлі Эйдан выдатна падтрымаў кампанію. Сьпяваў La donna e mobile і ведаў усе словы.

Брэнда Брэнан прыехала ў аэрапорт памахаць усім на разьвітаньне. Сыньёра была кранутая да глыбіні сэрца. — Ты такая добрая да мяне, ва ўсіх астатніх ёсьць нармалёвая сям'я.