— Не ва ўсіх. — Брэнда Брэнан кіўнула туды, дзе размаўлялі Эйдан з Луіджы. — У яго няма. Я спытала яго супрацьзачаткаваю жонку, чаму яна ня едзе ў Рым разам з ўсімі. Яна сьцепанула плячыма і паведаміла, што яе ня клікалі, а сама яна навязвацца не жадае, ехаць туды не жадае і наогул лічыць гэта ўсё лухтой. Гэта нармалёва?
— Бедны Эйдан, — паспачувала Сыньёра.
Абвясьцілі іх рэйс.
Сястрычка Гугліема махала ўсім, як звар'яцелая. Для Алівіі сама паездка ў аэрапорт ужо была падзеяй. — Мой брат кіраўнік банку, ён зьбіраецца сустрэцца з Папам, — паўтарала яна незнаёмцам.
— Ну, калі ў яго ёсьць грошы, яму будуць радыя, — адрэагаваў хтосьці з мінакоў. Біл толькі ўсьміхнуўся. Яны зь Лізі махалі Алівіі, пакуль ня страцілі яе з вачэй.
— Сорак два чалавека, кагосьці мы згубім, — адзначыў Эйдан, пералічыўшы ўсю групу поруч выхаду да трапу.
— Вы аптыміст! Мне падаецца, мы згубім іх усіх, — усьміхнулася Сыньёра.
— Але ж павінна спрацаваць сыстэма падліку, — Эйдан імкнуўся выглядаць больш упэўнена, як адчуваў сябе насамрэч. Ён падзяліў іх на чатыры групы па дзесяці чалавек і ў кожнай прызначыў старэйшага. Па кожным прыбыцьці альбо адбыцьці лідэры павінны дакласьці, што ўсе на месцы. Зь дзецьмі гэта працуе, але сталыя могуць і пакрыўдзіцца.
Ніхто не пярэчыў, некаторыя нават віталі такі крок.
— Уявіце, Лу лідэр, — з захапленьнем шапнула Сыньёры Сьюзі.
— Хто ж падыдзе лепш за надзейнага, сямейнага чалавека накшталт Луіджы? — спытала Сыньёра. Вядома, калі шчыра, яны з Эйданам спынілі выбар на ім з-за яго хмурнага, нават лютага выгляду. Ніхто зь яго каманды ня стане затрымлівацца, калі ім прыйдзецца адказваць перад Луіджы.
У салён самалёту ён правёў іх маршам, нібы на бойку. — Падніміце пашпарты, — закамандаваў ён. Усе паслухмяна паднялі. — Зараз, калі ласка, дбайна схавайце і зашпіліце на маланку. І каб да Рыма я іх ня бачыў.
Экіпаж зьвярнуўся да пасажыраў спачатку на ангельскім, потым на італьянскім. Сыньёра на адным з урокаў давала ім гэтую тэму. Калі стуардэса загаварыла, вучні вечаровага кляса прыняліся задаволена ківаць адно аднаму, словы і фразы гучалі знаёмыя. Маладзіца паказала аварыйнае выйсьце справа і зьлева, кляс захлёбваючыся паўтарыў destra, sinistra. Хоць яны ўжо і выслухалі ўсё гэта на ангельскім.
Калі ў адказ на grazie, якім яна скончыла сваю прамову, вечаровы кляс закрычаў prego, Эйдан сустрэўся вачыма з Сыньёрай. Гэта сапраўды здарылася. Яны ляцяць у Рым.
Сыньёра сядзела поруч Лапіка. Усё было для яго новае і ўсё хвалявала яго, ад паса бясьпекі да маленькіх порцый самалётнай ежы.
— Гаралдзі будуць у аэрапорту? — нецярпліва спытаў ён.
— Не, Лярэнца. У першыя некалькі дзён мы будзем знаёміцца з Рымам… зьдзейсьнім экскурсіі, аб якіх размаўлялі, памятаеце?
— Так, але раптам яны жадалі адразу забраць мяне да сабе? — Яго буйны твар азмрочыла турбота.
— Яны ведаюць, што вы прыяжджаеце, я ім пісала. Ведаюць, што мы зьвяжамся зь імі ў чацьвер.
— Giovedi, — сказаў ён.
— Bene, Lorenzo, giovedi.
— Вы свой дэсэрт есьці будзеце, Сыньёра?
— Не, Лярэнца. Вазьміце, калі ласка.
— Проста не люблю, каб прадукты гінулі.
Зараз яна трохі пасьпіць, сказала Сыньёра і заплюшчыла вочы. Хоць бы ўсё мінула добра. Калі ласка, хай усе яны адчуюць магію тага месца. Хай Гаралдзі успомняць Лярэнца і будуць любасныя зь ім. Яна ўклала сэрца ў ліст да іх, адсутнасьць адказу засмучвала яе.
Аўтобус чакаў іх. — Dov’e l’autobus? — спытаў Біл.
— Ды вось ён, перад намі, — паказала Лізі.
— Бачу, але мне карцела пагаварыць аб тым, — растлумачыў Біл.
— Тут ва ўсіх дзеўчын грудкі і сьцёгны вялізныя, — захоплена шапнула Фіёна на вуха Бары, агледзеўшыся па баках.
— Па дзеля мяне, даволі сымпатычна глядзіцца, — натапырыўся Бары. Гэта яго Італія, ён экспэрт па гэтым месцы пасьля сваёй паездкі на Чэмпіянат Сьвету, ён не жадае ніякіх нападкаў і паклёпу.
— Ты не зразумеў, мне падабаецца, — растлумачыла Фіёна. — Проста было бы выдатна, калі б Брыджэт Данн іх бачыла … а то яна вечна бзыкае пра сябе.
— Ты, пэўна, можаш сказаць яе бацьку, ён ёй скажа, — з сумненьнем прапанаваў Бары.
— Відавочна не магу, яна зразумее, што я аб ёй гавэндала. Дарэчы, па яе словам гатэль нядрэнны. Яна абяцала, мы не расчаруемся.
— Я так дакладна не расчаруюся, — Бары абняў Фіёну.
— Я таксама. Я дагэтуль толькі ў адным гатэлі была, на Маёрке. Ніхто з нас там спаць ня мог, так было шумна. Таму мы ўсе ўсталі і пайшлі зварот, на пляж.
— Колькі я ў курсе, нам прапанавалі вельмі нізкія кошты. — Бары катэгарычна не жадаў чуць ніякай крытыкі.