Выбрать главу

— Хто ведае, што можа адбыцца да верасьня?

Яго ўласныя словы. Вельмі дзіўна, але, зрэшты, магчыма, гэта лепшае, што магло адбыцца з Выгляд-На-Гару.

У школе Тоні А’Брайн глыбока зацягнуўся. З гэтага часу яму прыйдзецца паліць толькі ў сваім кабінэце. Ён бачыў, як Эйдан Данн затрымаўся ў браме і нават пагладзіў яе зь пяшчотай. Эйдан добры настаўнік і добры чалавек. Ён варты такой ахвяры, як вечаровыя клясы. Усёй той чортавай працы, што маецца быць, барацьбы з камісіяй і Радай, ілжывых абяцаньняў аб самаакупнасьці клясаў, хоць усім выдатна вядома, што ніякіх шанцаў на тое няма.

Ён цяжка ўздыхнуў і паспадзяваўся, што Эйдан распавядзе ўсё хатнім ў адпаведным сьвятле. У адваротным выпадку яго ўласная будучыня з Граніей Данн, першай жанчынай, зь якой ён гатовы злучыць свой лёс, апынецца пад вялікім пытаньнем.

— У мяне выдатныя навіны, — паведаміў Эйдан за вячэрай. Ён распавёў ім аб вечаровых клясах, пілётнай схеме, прыбудове, фондах, вылучаных яму, аб тым, што там будзе выкладацца Італьянская Мова і Культура.

Ягоны запал захапіў іх. Яны засыпалі яго пытаньнямі. Ці будзе там месца, каб павесіць малюнкі, постэры, мапы? Ці змогуць яны вісець там стала? Каго з адмыслоўцаў ён запросіць для лекцый? Ці будзе ў іх італьянская кухня? А арыі з опэр?

— Як ты пацягнеш такую вялізную працу, калі будзеш Дырэктарам? — спытала Нэл.

— Не-не, я буду займацца гэтым замест таго, каб быць Дырэктарам, — нецярпліва растлумачыў ён і зірнуў ў іх твары. Ні ў каго не мільганула і сьледу расчараваньня, яны палічылі тое добрай альтэрнатывай. Сьмешна, але ён і сам усё больш схіляўся да такога меркаваньня. Магчыма, гэты дзівак Тоні А’Брайн разумнейшы за тых, хто аказаў яму давер. Яны размаўлялі, як сапраўдная сям'я. Колькі чалавек неабходна набраць? Патрэбен штодзённы італьянскі, карысны на адпачынку? Альбо больш сур'ёзны ўзровень? На ежу забыліся.

Пазьней, значна пазьней, Брыджэт спытала: — Хто зараз стане Дырэктарам замест цябе?

— А, чалавек па імі Тоні А’Брайн, настаўнік геаграфіі, выдатны хлопец. Выгляд-На-Гару будзе ў надзейных руках.

— Вядома, яны не прызначылі жанчыну, — чмыхнула Нэл.

— Колькі я ведаю, яны разглядалі дзьве жаночыя кандыдатуры, але зрабілі добры выбар, — адказаў Эйдан. Ён наліў усім яшчэ па келіху віна з пляшкі, што адмыслова набыў, каб адзначыць свае добрыя навіны. Хутка ён пойдзе ў свой пакой; сёньня трэба зьняць меркі для паліц. Адзін з настаўнікаў у школе сталярнічае ў вольны час, ён абяцаў зрабіць кніжныя паліцы і невялічкія падстаўкі пад італьянскія талеркі.

Яны не зазначылі, як Гранія паціху паднялася і выйшла з кухні.

Ён сядзеў у гасьцёўні і чакаў. Яна абавязкова прыйдзе, хаця б дзеля таго, каб выказаць яму сваю нянавісьць. Калі ўжо ні для чаго іншага. Бразнуў дзьвярны званок, і вось яна тут, вочы чырвоныя ад сьлёз.

— Я набыў кававую машыну і трошкі выдатнай молатай калюмбійскай кавы. Здатна?

Яна ўвайшла ў пакой. Юная, але не даверлівая, ужо не. — Ты вылюдак, проста жудасны, хлусьлівы вылюдак.

— Не. — Яго голас гучаў вельмі спакойна. — Я сумленны чалавек. Ты павінна давяраць мне.

— Як я магу давяраць табе? Ты кпіў нада мной увесь гэты час, кпіў над маім бацькам, нават калі казаў аб кававарцы. Добра, сьмейся, колькі твая душа жадае. Я прыйшла сказаць табе, што ты найбольш мізэрнае зь нікчэмнасьцяў. Спадзяюся, горш за цябе я ўжо нікога ня стрэну. Спадзяюся, у мяне наперадзе доўгае жыцьцё і на маім шляху сустрэнуцца сотні і сотні людзей, але гэта будзе самым дрэнным з усяго, што яшчэ здарыцца са мной: паверыць таму, хто паняцьця ня мае аб чалавечых пачуцьцях. Калі ёсьць Бог на сьвеце, прашу, прашу цябе, Божа, зрабі так, каб гэты чалавек быў самым мізэрным з усіх, каго я калісь пабачу. — Яе боль быў такі вялізны, што ён нават не адважыўся дакрануцца да яе.

— Яшчэ раніцай я ня ведаў, што ты — дачка Эйдана Данна. Яшчэ раніцай я паняцьця ня меў, што Эйдан разьлічвае стаць Дырэктарам, — пачаў ён.

— Ты павінен быў мне сказаць, ты павінен быў мне сказаць. — Яна заплакала.

Нечакана ён адчуў, што вельмі стаміўся. Гэта быў доўгі дзень. Ён ціха загаварыў: — Не, я ня мог табе сказаць. Я ня мог заявіць: «Твой бацька памыляецца, насамрэч гэтую працу атрымае твой пакорлівы слуга». Гэта было бы здрадай да яго, я абавязаны быў зрабіць так, каб ён не выглядаў дурнем ва ўласных вачах, не адчуваў расчараваньня, і атрымаў тое, што яму сапраўды патрэбна — новае становішча, што надасьць яму сілы і аўтарытэт.

— Як жа, вядома, — вымавіла яна пагардліва. — Кінуць яму падачку, вечаровыя клясы.