— Я ведаю, кошты нават сьмешныя. Брыджэт мне распавядала, прыходзіла адна вар’ятка, прагнула даведацца, дзе мы спынімся. Мабыць, прасяклі чуткі, што нам прапанавалі добрыя расцэнкі.
— Яна хацела далучыцца да групы?
— Брыджэт сказала, яна ня мела правы. Мы замовілі месцы па гэтых тарыфах кадук яго ведае калі. Але яна патрабавала, каб ёй сказалі назву гатэля.
— Ну, нарэшце, — узрадаваўся Бары, бо яны вышлі на сонейка і пачалася пераклічка. Uno, due, tre. Лідэры груп вельмі сур'ёзна ставіліся да сваіх абавязкаў.
— Ты раней спынялася ў гатэлі, Фрэн? — спытала Кэці у аўтобусе, што рушыў у плыні машын, кіроўцы якіх падаваліся вельмі нецярплівымі.
— Двойчы, сто гадоў таму, — безуважліва адгукнулася Фрэн.
Кэці зацікавілася. — Ты мне ніколі не распавядала.
— Калі табе абавязкова трэба ведаць, гэта было ў Корке, з Кенам.
— Так-так, калі ты казала, што начавала ў школьнай сяброўкі?
— Так. Не хацела даць бацькам падставу думаць, быццам я зьбіраюся падкінуць ім на выхаваньне яшчэ адно дзіця. — Фрэн падміргнула Кэці.
— Але ж ты занадта старая для такіх рэчаў, хіба не?
— Паслухай, калі я зноў буду з Кенам у Амэрыцы, зараз, бо ты выйграла гэтыя квіткі … я, магчыма, нараджу табе маленькага браціка ці сястрычку, каб зьехаць зь ім дахаты.
— Ці нават застацца зь ім там?
— Ёсьць зваротны квіток, памятаеш?
— Дзеці не народзяцца аб ноч, памятаеш?
Яны абедзьве разрагаталіся і прыняліся паказваць адна адной будынак на Віа Гіалецьці, побач якога спыніўся аўтобус.
Сыньёра ўскочыла на ногі і прынялася ўсхвалявана нешта даводзіць кіроўцу.
— Яна кажа яму, што нас трэба адвезьці ў гатэль, а не высаджваць тут, — растлумачыла Сьюзі.
— Адкуль ты ведаеш, ты ж нават не ў вечаровым клясе? — абразіўся Лу.
— Вох, калі працуеш стольніцай, рана ці позна пачнеш разумець усё на сьвеце, — адмахнулася Сьюзі. Потым, зірнуўшы на твар Лу, дадала, — Зноў жа, ты стала размаўляеш у хаце па-італьянскі, вось я і нахапалася слоў. — Такое тлумачэньне мусібыць болей яго задаволіла.
Сьюзі апынулася цалкам права. Аўтобус разьвярнуўся і даставіў іх да Albergo Francobollo.
— Гербавы Гатэль, — пераклаў Біл. — Лёгка запомніць.
— Vorrei un francobollo per l’Irlandia, — разам выгукнулі ўсе і Сыньёра падаравала ім шырокую ўсьмешку. Да Рыма дабраліся без усялякіх здарэньняў, гатэль замоўлены, кляс настроены рашуча. Дарма яна турбавалася. Хутка можна будзе паслабіцца і нацешыцца новым спатканьнем з Італіяй, яе фарбамі, гукамі, паветрам. У яе палягчэла на сэрцы.
Сустрэча ў Albergo Francobollo, далёка ня самым шыкоўным гатэлі Рыма, перасягнула ўсе чаканьні. Сыньёр і сыньёра Buona Sera бясконца захапляліся іх выдатным італьянскім.
— Bene, bene benissimo, — крычалі яны на бягу, сьпяшаючыся ўверх і ўніз па лесьвіцах, у пакоі.
— Мы сапраўды сказалі «Дабрывечар, спадар Дабрывечар»? — спытала Фіёна ў Бары.
— Так, але ўзгадай, якія ў нас бываюць прозьвішчы, дарэчы Кукса. А яшчэ вось у нашым супэрмаркеце ёсьць сталы пакупнік Скарга.
— Але ў нас не сустрэнеш спадарычню Дабранак ці спадара Дабранач, — настойвала Фіёна.
— Затое ў нас ёсьць мястэчка Лох, а там свая футбольная каманда Лох і хор Лох, што сьпявае часам ранішняй імшы … як на гэта павінны рэагаваць прыежджыя?
— Я цябе кахаю, Бары, — нечакана сказала Фіёна. Яны як раз дабраліся да свайго пакоя і апошняя фраза дасягнула вушэй спадарыні Дабрывечар.
— Каханьне. Вельмі, вельмі добра, — усьміхнулася яна і пасьпяшалася ўніз, уладкоўваць астатніх пастаяльцаў у іх пакоях.
Коні дбайна разьвесіла вопратку ў сваёй палове маленечкай шафы. З акенца ёй былі бачныя стрэхі і вокны высокіх камяніц вузкай вулачцы, што вяла да Piazza dei Cinquecento. Коні спаласнулася ў невялікім ракамыйніку ў пакоі. Даўнютка яна не спынялася ў гатэлі бяз ваннай у нумары. Але і з тых часоў, як яна выпраўлялася ў падарожжа з такім лёгкім сэрцам, мінула шмат гадоў. Грошай у яе больш як у іншых, але ёй і ў галаву не прыходзіць з-за тага глядзець пагардліва на сваіх спадарожнікаў. Няма ні найменшай спакусы ўзяць у пракат машыну ці запрасіць іх на абед у пяцізоркавую рэстарацыю. Ёй карціць разам з ўсімі прыступіць да ажыцьцяўленьня плянаў, так дэталёва распрацаваных Сыньёрай і Эйданам Даннам. Як і ўсе астатнія чальцы вечаровага кляса, яна адчувала, іх сяброўства значна глыбей чыста прафэсійнага. Нікога не зьдзівіла адмова жонкі Эйдана далучыцца да групы.
— Signor Dunne, telefone, — паклікала зь лесьвіцы сыньёра Буона Сера.
Эйдан як раз угаворваў Лапіка хоць пару дзён пачакаць і не спрабаваць неадкладна прапанаваць начысьціць медныя накладкі на дзьверы.