Выбрать главу

— Гэта вашы італьянскія сябры? — жвава зацікавіўся Лапік.

— Не, Лярэнца, у мяне няма сяброў у Італіі.

— Але вы бывалі тут раней.

— Чвэрць стагодзьдзя таму, ні адна душа мяне ня памятае.

— А ў мяне тут сябры, — ганарліва заявіў Лапік. — І у Барталамеа прыяцелі, зь якімі ён пазнаёміўся на Чэмпіянаце Сьвету.

— Цудоўна, — хітнуў Эйдан, — але мне, мабыць, лепш пайсьці высьветліць, хто мне тэлефануе.

— Тата?

— Брыджэт? Усё добра?

— Цалкам. Усе дабраліся?

— Да адзінага чалавека. Вечар шыкоўны, зьбіраемся прашпацыраваць да Piazza Navona, мабыць штосьці вып'ем.

— Выдатна, нават файна.

— Так. Брыджэт, нешта … ?

— Пэўна, гэта бздура, тат, але нейкая кранутая двойчы спрабавала высьветліць, у якім гатэлі вы спыніліся. Хутчэй за ўсё, нічога асаблівага, але мне неяк няёмка. Падаецца, у яе з галавой кепска.

— Яна растлумачыла, навошта?

— Сказала, што пытае проста так, і калі я не адкажу, ёй прыйдзецца мець размову з маім кіраўніцтвам.

— І як ты зрабіла?

— Ну, тат, я падумала, што яна ня мае да вашай групы дачыненьня, і сказала не. Я сказала, мой бацька там, і калі ёй карціць перадаць камусьці паведамленьне, дык можна зрабіць гэта праз мяне.

— Слушна.

— Ня вельмі. Яна пайшла да боса, сказала, ёй тэрмінова трэба зьвязацца са спадарам Даннам з Выгляд-На-Гару. Ён ёй паведаміў назоў гатэлю, а на мяне лаяўся.

— Пэўна, яна мяне ведае, раз ёй вядома маё імя.

— Не, я зазначыла, як яна чытала на цэтліку маё імя, Брыджэт Данн. Паслухай, я проста жадала сказаць …

— Сказаць што, Брыджэт?

— Мабыць яна вар’ятка, будзьце напагатове.

— Дзякуй табе шчыры, Брыджэт, мая дзяўчыначка дарагая, — адказаў ён і зразумеў, што вельмі даўно ня зваў яе так.

Паколькі вечар быў цёплы, яны выправіліся шпацыраваць па Рыме.

Яны прайшлі непадалёк ад Santa Maria Maggiore, але нядосыць блізка, каб спыніцца і зазірнуць унутр.

— Сёньня проста вечар зносін … мы ўсе нешта вып'ем на гожым пляцы. Заўтра агляд культурных і рэлігійных славутасьцяў для жадаючых, а жадаючыя пасядзець папіць каву могуць прысьвяціць свой час гэтаму занятку. — Сыньёры карцела засьведчыць, што ім не пагражае залішняя апека, але яна зразумела па іх вачах, што пакуль іх лепей пасьвіць. — Як думаеце, што мы павінны сказаць, калі ўбачым дзіўны пляц, скрозь ў фантанах і статуях, Piazza Navona? — спытала яна, азірнуўшыся вакол.

І тут, дакладна пасярод вуліцы, яны закрычалі, — In questa piazza ci sono multi belli edicifi!

— Benissimo, — празьзяла Сыньёра. — Avanti, зараз пойдзем і знойдзем яе.

Яны утульна сядзелі, усе сорак два чалавека, і любаваліся на ноч, што ахінала Рым.

Сыньёра апынулася побач з Эйданам. — Ніякіх праблем не паўстала? — спытала яна.

— Не-не, Брыджэт тэлефанавала даведацца, як нам спадабаўся гатэль.

— Яна так дапамагла нам ва ўсім, ёй сапраўды карцела, каб паездка апынулася ўдалай для вас, для нас усіх.

— Так і будзе. — Яны паволі, маленькімі глыточкамі, пілі каву. Сёй-той узяў піва, астатнія grappa. Сыньёра папярэдзіла, кошты тут для турыстаў, і параіла абмежавацца адной замовай, проста для стварэньня атмасфэры. Трэба нешта пакінуць на марнаваньні ў Firenze і Siena. Усе ўсьміхнуліся амаль недаверліва, калі яна згадала тыя назвы. Яны тут, у Італіі, viaggio пачалося. Гэта ўжо ня гутаркі на ўроках дажджлівымі аўторкамі і чацьвяргамі.

— Так, Эйдан, усё пройдзе ўдала, — сказала Сыньёра.

— Брыджэт паведаміла яшчэ сёе-тое. Мабыць ня варта за фатыгу, але нейкая звар'яцелая прыходзіла ў агенцтва, прагнула ведаць, дзе мы спыніліся. Па меркаваньні Брыджэт, ад яе можна чакаць праблем.

Сыньёра сьцепанула плячыма. — У нас тут такога шчасьця і так будзе больш як досыць, але ж мы зладзімся, што б на нас ні звалілася, як вам падаецца?

Невялікія групкі вечаровага кляса пазіравалі адна перад адной побач Фантана Чатырох Рэк.

Ён узяў яе руку ў сваю. — Абавязкова зладзімся.

— Прыехала ваша сяброўка, сыньёр Данн, — паведаміла сыньёра Буона Сера.

— Сяброўка?

— Дама з Ірляндыі. Яна нават удакладняла, ці той гэта гатэль і ці ўся ваша група спынілася тут.

— Яна назвалася? — спытаў Эйдан.

— Не, толькі даведвалася, ці ўсе спыніліся тут. Я ёй распавяла, што заўтрашняй раніцай у вас маецца аўтобусная экскурсія. Слушна?

— Слушна, — задуменна пацьвердзіў Эйдан і на ўсялякі выпадак пацікавіўся: — На кранутую яна не падобная?

— Кранутую, сыньёр Данн?

— Pazza? — прыйшла на дапамогу Сыньёра.

— Не-не, зусім не pazza. — Сыньёру Буона Сера шакавала здагадка, што кранутая жанчына адважылася наводзіць даведкі ў гатэлі Франкабола.