Выбрать главу

— Ну і добра, — хітнуў Эйдан.

— Ну і добра, — усьміхнулася яму Сыньёра.

Моладзь пасьмяялася бы, пазнаўшы, як шмат значылі для іх тыя некалькі хвіль, што яны праседзелі побач, рука ў руцэ, пад зоркамі, што прачыналіся над Piazza Navona.

Аўтобусная экскурсія задумвалася з мэтай даць ім магчымасьць адчуць Рым, распавяла Сыньёра. Потым усе здолеюць самастойна сплянаваць свой вольны час. Ня кожны захоча правесьці некалькі гадзін у музэі Ватыкана.

Паколькі да сьняданку далі сыр, Сыньёра параіла зрабіць канапкі, каб падсілкавацца днём. А увечары ў рэстарацыі нездалёк ад гатэля адбудзецца вялікая вячэра. Адтуль яны вернуцца пешкі. Зноў жа, ніхто не абавязаны ісьці на вячэру, адзначыла яна. Але сумненьняў не ўзьнікала, пойдуць усе.

Аб жанчыне, якая цікавілася імі, ня згадвалі. Сыньёра і Эйдан Данн былі занадта занятыя абмеркаваньнем маршруту з кіроўцам аўтобуса, каб узгадаць аб тым.

Ці знойдзецца час кінуць па грошыку ў знакаміты фантан Трэві? Ці можна прыпаркаваць аўтобус непадалёк ад Bocca della Verita? Будзе прышпільна пакласьці рукі ў рот вялізнага, шмат бачыўшага каменнага твару, што па паданьні адкусвае пальцы ілгунам. Ён высадзіць іх ля падножкі Іспанскіх Прыступак, каб яны падняліся па іх, альбо наверсе і яны спусьцяцца? Не было ні хвіліны на думкі аб жанчыне, якая шукала іх. Хто б яна ні была.

Калі яны, падаючы з ног, вярнуліся з экскурсіі, да вячэры заставалася дзьве гадзіны. Сыньёра накіравалася ў рэстарацыю, пакінуўшы Коні падрамаць у іх нумары. Ёй карцела ўдакладніць сьпіс страў і ўхіліць магчымыя шэрыя плямы. Усё павінна адпавядаць замове.

На дзьверы вісела аб'ява, драпіраваная чорным мошастам. CHIUSO: morte in famiglia. Сыньёру душыла лютасьць. Чаму чалец сям'і ня мог памерці ў нейкі іншы дзень? Чаму ён памёр дакладна калі сорак два ірляндца павінны прыйсьці на вячэру? Зараз у яе засталося менш за гадзіну на пошукі новага месца. Сыньёра не выпрабоўвала ні найменшай спагады да сямейнай трагедыі, толькі абразу. Чаму яны не патэлефанавалі ў гатэль, як яна прасіла іх зрабіць у выпадку нейкіх цяжкасьцяў?

Яна аббегла ўсе вулачкі ў навакольлях Тэрміні. Маленькія гатэлі, танныя карчмы, у якіх могуць падсілкавацца спазьнелыя на цягнік. І ні намёку на цудоўную рэстарацыю накшталт той, на якую яна разьлічвала. Кусаючы вусны, наблізілася яна да мястэчка пад назвай Катаньні. Павінна мець дачыненьне да Сыцыліі. Ці добры гэта знак? Ці не спудлуе яна, папрасіўшы іх зьлітавацца і за паўтары гадзіны накухарыць для сарака двух ірляндцаў шыкоўную танную вячэру? Можа і спудлуе, але паспрабуе.

— Buona sera, — павіталася яна.

Квадратны цёмнавалосы маладзён узняў вочы. — Signora? — вымавіў ён. Потым недаверліва зірнуў на яе яшчэ раз. — Signora? — паўтарыў ён, зьмяніўшыся ў твары. — Non e possibile, Signora, — ён кінуўся да яе з распасьцёртымі абдымкамі. Па чыстай выпадковасьці яна трапіла ў рэстарацыю Альфрэда, старэйшага сына Марыё і Габрыэлі. Ён расцалаваў яе ў абедзьве шчакі і са словамі: — E un miracolo, — прысунуў ёй крэсла.

Сыньёра села. Галава ў яе ішла колам і яна, каб не зваліцца, схапілася за бок стала.

— Stock Ottanta Quattro, — ён наліў ёй вялікі келіх дужага салодкага італьянскага брэндзі.

— No grazie … — яна зьлёгку прыгубіла духмяны напой. — Гэта твая рэстарацыя, Альфрэда?

— Не, не, Сыньёра, я тут працую, зарабляю грошы …

— Але твая ўласная гасьцініца. Гасьцініца тваёй маці. Чаму ты не працуеш там?

— Мая маці памерла, Сыньёра. Шэсьць месяцаў як памерла. Яе браты, мае дзядзькі, яны спрабавалі ўмешвацца, прымаць рашэньні … яны нічога ня ведаюць. У нас няма выбару. Энрыка тут, але ён яшчэ дзіця. Мой другі брат не зьбіраецца вяртацца з Амэрыкі. Мне прыйшлося паехаць сюды, у Рым, трохі падвучыцца.

— Твая маці памерла? Бедная Габрыэла. Ад чаго яна памерла?

— Ад рака. Вельмі, вельмі хутка. Яна пайшла да лекара ўсяго праз месяц пасьля сьмерці бацькі.

— Мне так шкада, — уздыхнула Сыньёра. — Не магу табе перадаць, наколькі мне шкада. — І раптам усяго тага апынулася для яе зашмат. Сьмерць Габрыэлі зараз, а не шмат гадоў таму, гарачы брэндзі ў яе горле, месца для сёньняшняй вячэры, Марыё ў сваёй магіле поруч Аннунцыяты. Яна плакала і плакала, а сын Марыё гладзіў яе па галаве.

У сваім пакоі, на сваім ложку, Коні ляжала, абвінуўшы ногі ручнікамі, змочанымі зімняй вадой. Чаму яна не ўзяла з сабою бальзам для ног, або тыя мяккія, як пальчаткі, скураныя туфлі для шпацыру? Ёй, верагодна, не жадалася распакоўваць шыкоўную касмэтыку на вачах у абыякавай да мітусьлівых рэчаў Сыньёры. Але хто мог чакаць такога ад мяккіх чаравікаў, што каштавалі гэтулькі, колькі нікому зь яе кампаньёнаў не зарабіць і за тры тыдні? Трэба было прадугледзець, зараз вось прыходзіцца адплачвацца. Заўтра яна высьлізне на Via Veneto і купіць сабе нейкія гожыя італьянскія пантофлі. Ніхто не зьвярне ўвагі, а калі і зазначаць, якога кадука. Тут нікому няма справы да чужых прыбыткаў і розьніцы ва ўзроўні жыцьця. Ні адзін не зацыкляецца на бізнэсе і багацьці. Усе яны не падобныя да Гары Кейна.