Як дзіўна, думкі аб ім больш не выклікалі ў яе ніякіх эмоцый. Напрыканцы года ён выйдзе на волю. Яна чула ад старога спадара Мэрфі, ён мае намер перабрацца ў Англію. Сёй-той зь сяброў нагледзіць за ім. Цікава, Сабіна Кэсі зь ім паедзе? Яна задавала сабе тыя пытаньні, як магла бы разважаць аб малазнаёмых, нецікавых ёй людзях, ці аб героях тэлесэрыялаў. Не, ад кагосьці яна чула, у іх адносінах азначылася відавочнае астуджэньне. Ён адмовіўся ўбачыцца са спадарычняй Кэсі, калі яна прыйшла даведацца яго ў астрог. Верагодна, вінаваціць яе ва ўсіх здарэньнях.
Гэтая навіна не прынесла Коні Кейн асаблівай радасьці. У нейкім пляне куды лягчэй уяўляць яго ў новым жыцьці побач з жанчынай, зь якой ён заўжды быў зьвязаны. Цікава, ці былі яны некалі тут разам, удзьвюх, Сабіна і Гары? Ці адчулі яны дакрананьне тага дзівоснага горада? Ці кахалі яны тады адно аднаго? Гэтага яна ніколі не пазнае, ды насамрэч тое і ня мае значэньня.
Яна пачула мяккі грук у дзьверы. Мусібыць, ужо вярнулася Сыньёра. Але не, гэта апынулася маленькая, пасьпешлівая сыньёра Буона Сера. — Вам ліст, — працягнула яна канвэрт.
Надпіс на непатрабавальнай паштоўцы абвяшчаў: — Вы лёгка можаце патрапіць пад машыну ў Рыме, і ніводны аб вас не засумуе.
Лідэры пералічвалі прысутных перад паходам на вячэру. Усе апынуліся на месцы, за выключэньнем траіх, Коні, Лапіка і Сыньёры. Коні з Сыньёрай хутчэй за ўсё разам і будуць з хвілі на хвілю.
Але дзе Лапік? Эйдан не захадзіў у іх агульны пакой, ён быў заняты праглядам сваіх нататкаў да заўтрашняй экскурсіі па Форуме і Калізэю. Магчыма, Лапік праспаў. Эйдан зьбегаў наверх, але не знайшоў яго там.
У гэты момант зьявілася Сыньёра са зьбялелым тварам і з навінамі. Рэстарацыя зьмянілася, але кошты ранейшыя. Ёй атрымалася замовіць месцы ў Катаньні. Яна выглядала ўсхваляванай і занепакоенай. Эйдану не жадалася распавядаць ёй аб згубах. У гэты момант на лесьвіцы зьявілася Коні і прынялася выбачацца. Яна таксама выглядала залішне бледнай і зьбянтэжанай. Ці не зашмат усяго для гэтых жанчын, сьпякоты, шуму, хваляваньняў, падумаў Эйдан. Але тут жа спыніў сябе. Яго справа — адшукаць Лапіка. Ён возьме адрэсу рэстарацыі і далучыцца да іх пазьней. Сыньёра працягнула яму картку; яе рука трымцела.
— Усё добра, Нора?
— Усё выдатна, Эйдан, — схлусіла яна.
Усе, узрушана гаманя, накіраваліся ўніз па вуліцы, а Эйдан распачаў паляваньне на Лапіка. Сыньёр Буона Сера ведае сыньёра Лярэнца, ён яшчэ прапаноўваў вымыць вакно. Вельмі любасны джэнтэльмэн, у Ірляндыі ён таксама працуе ў гатэлі. Ён быў вельмі рады пачуць, што да яго прыходзіў наведвальнік.
— Наведвальнік?
— Проста хтосьці прыходзіў і пакінуў ліст для чалавека з ірляндзкай групы. Аб тым згадала мая жонка. Сыньёр Лярэнца сказаў, што гэта, несумнеўна, тое самае паведамленьне, якога ён чакаў і быў надзвычай шчасьлівы.
— Але гэта сапраўды было яму? Ён атрымаў паведамленьне?
— Не, сыньёр Данн, мая жонка, яна сказала яму, яна аддала ліст адной з кабет. Але сыньёр Лярэнца сказаў, гэта памылка, гэта для яго. Ніякіх праблем, сказаў ён, ён ведае адрэсу, ён туды пойдзе.
— Гасподзь Усемагутны, — выгукнуў Эйдан Данн. — Я пакінуў яго на нейкіх дваццаць хвілін, разабрацца з запісамі, і ён надумаў, што тая чортава сям'я паслала за ім. Ох, Лапік, я табе яшчэ задам, вось пабачыш.
Спачатку ён пасьпяшаўся ў рэстарацыю, дзе ўсе ўжо селі, але потым падняліся ізноў, каб прыняць папяровыя сьцяжкі з надпісам Benvenuto agli Irlandesi.
— Мне патрэбна адрэса Гаралдзі, — шапнуў ён Сыньёры.
— Ня мог жа ён туды выправіцца?
— Судзячы па ўсім, менавіта туды.
Сыньёра з турботай паглядзела на яго. — Лепш мне пайсьці.
— Не, дазвольце мне. Вы застаняцеся тут і нагледзіце за вячэрай.
— Я пайду, Эйдан. Я размаўляю на іх мове, я ім пісала.
— Тады пойдзем удзьвюх, — прапанаваў ён.
— Каго пакінем за старэйшага? Канстанцу?
— Не, яна чымсьці засмучаная. Давайце паглядзім.
Яны сядзелі паміж Франчэскай і Луіджы.
Папрасілі слова. Сыньёра і спадар Данн выпраўляюцца шукаць Лярэнца, камандаваньне прымаюць два новых чалавека, Франчэска і Луіджы.