— Чаму яны? — прабурчэў хтосьці.
— Мы апынуліся бліжэй за ўсіх, — прымірэнча ўсьміхнулася Фрэн.
— І лепш за усіх, — зь пераможным выглядам дадаў Луіджы.
Яны адшукалі таксоўку і пад'ехалі да самай хаты. — Тут нават шыкоўней, як я думала, — зазначыла Сыньёра.
— Яму ніколі не патрапіць у месца накшталт гэтага. — Эйдана ўразіла мармуровая брама і велічны двор за ёй.
— Vorrei parlare con la famiglia Garaldi, — вымавіла Сыньёра з упэўненасьцю, якой зусім не выпрабоўвала пад нябачучым позіркам убранага ў форму швэйцара. Той высьветліў, хто яна і па якой справе, і Эйдана захапіла, як упэўнена яна адказала і як настойвала на важнасьці свайго пытаньня. Чалавек у шэрым з пунсовым падышоў да тэлефона і рашуча загаварыў у слухаўку. Час цягнуўся бясконца.
— Спадзяюся, у іх там, у рэстарацыі, усё добра, — сказала Сыньёра.
— Па-за ўсякімі сумненьнямі. Як вам атрымалася так хутка адшукаць новае месца? Яны выглядалі вельмі сардэчна.
— Так, гэта было незвычайна. — Яе погляд блукаў у мілях адгэтуль.
— Але тут паўсюль усе такія любасныя да нас, дык нічога дзіўнага.
— Не. Стольнік, я ведала яго бацькоў. Уяўляеце?
— На Сыцыліі?
— Так.
— І яго самога ведалі?
— З самога нараджэньня … я бачыла, як яго несьлі хрысьціць у царкву.
Вярнуўся швэйцар. — Сыньёр Гаралдзі цалкам заблытаўся, ён жадае размаўляць з вамі асабіста.
— Мы павінны ўвайсьці, я не магу тлумачыцца па тэлефоне, — адказала Сыньёра. Эйдан зразумеў і захапіўся яе мужнасьцю. У той самы час яму не давала супакою фіранка, што прыадчынілася над яе сыцылійскім мінулым.
Іх правялі праз двор, пасьля па шырокай лесьвіцы поруч фантана да высокіх дзьвярэй. Будынак мусібыць прыналежаў вельмі заможным людзям. Няўжо Лапік сапраўды пракраўся сюды?
Насустрач ім у вітальню выкаціўся кругленькі злосны чалавечак у парчовым пільчаку і запатрабаваў тлумачэньня. Яго жонка, спрабуючы супакоіць свайго чалавека, не адставала ні на крок. Дзьверы ў пакой засталіся расхінуты, там, у глыбіні, цалкам разгублены і няшчасны Лапік сядзеў на зэдліку для піяніна.
Яго твар празьзяў пры іх зьяўленьні. — Сыньёра, — паклікаў ён. — Спадар Данн. Зараз вы ім усё растлумачыце. Вы не паверыце, я згубіў увесь мой італьянскі. Здолеў толькі пералічыць ім дні тыдня і поры года. Жах нейкі.
— Sta calma, Lorenzo, — сказала Сыньёра.
— Яны думалі, я А’Донах'ю, яны мне гэта на паперцы пісалі. — Ніколі яны ня бачылі яго такім ускудлачаным і зьбянтэжаным.
— Напрамілы Бог, Лапік, я А’Донах'ю, мяне так клічуць, вось чаму яны падумалі, што гэта вы. Так быў падпісаны мой ліст.
— Вы не А’Донах'ю, — расплакаўся Лапік. — Вы Сыньёра.
Эйдан паклаў рукі на плечы Лапіку, і Сыньёра здолела пачаць. Тлумачэньні, а ён практычна ўсё зразумеў, былі сьціплымі і выразнымі. Яна распавяла аб чалавеку, які знайшоў іх грошы ў Ірляндыі год таму, аб чалавеку, які шмат і цяжка працуе, аб парцье, які даў веры іх добрасардэчным словам падзякі і запрашэньню ў Італію. Яна апісала, як старанна ён вывучаў італьянскую мову. Адрэкамендавала сябе і Эйдана як кіраўнікоў вечаровага клясу. Распавяла, як засмуціла іх непаразуменьне, у выніку якога іх сябар Лярэнца прыняў чужое паведамленьне на свой рахунак. Зараз яны ўсе сыдуць, але, магчыма, па дабрыні душэўнай сыньёр Гаралдзі і яго сям'я здолеюць нейкім эфэктным жэстам прадэманстраваць, што памятаюць яго дабрыню і сапраўды дзіўную сумленнасьць, вернуты ім пачак банкнотаў. Большасьць людзей у большасьці гарадоў, у тым ліку і ў Дубліне, ня сталі бы вяртать уладальнікам знойдзеныя пры такіх акалічнасьцях грошы.
Эйдан дужа сьціскаў дрыготкія плечы Лапіка і разважаў аб дзіўных прыхамацях лёсу. Няхай стаў бы ён Дырэктарам Выгляд-На-Гару. Менавіта да тага ён імкнуўся зусім нядаўна. Але ж ясна як божы дзень, ён бы ўжо зьненавідзеў сваю працу. Куды лепшым выбраньнікам апынуўся Тоні А’Брайн. Чалавек, ня д'ябал у целе, як здавалася яму калісьці. Прыроджаны адміністратар, здольны дамагацца азначанай мэты, змарнелы сваёй барацьбой зь нікацінам і ў найблізкай будучыні зяць Эйдана. Ніколі не ляжалі бы ў Эйдана ў кішэні нататкі да лекцыі ў Форуме. Не стаяў бы ён ніколі ў раскошным рымскім палацы, суцяшаючы ўсхваляванага гатэльнага парцье, з гонарам і захапленьнем любуючыся дзіўнай жанчынай, якая заняла найважнае месца ў яго жыцьці. Дзякуючы ёй твар, кагадзе скажоны злосьцю і сарамлівасьцю, выясьнеў. Усё паўстала на свае месцы.
— Лярэнца, — вымавіў сыньёр Гаралдзі і наблізіўся да Лапіка, якога гэтае набліжэньне зрынула ў жах. — Lorenzo, mio amico. — Ён расцалаваў яго ў абедзьве шчакі.
Лапік адразу пазабываў усе крыўды. — Сыньёр Гаралдзі, — схапіў ён яго за плечы. — Mio amico.