Выбрать главу

З быстрынёй маланкі астатнія чальцы сям'і разабраліся ў здарэньні. Зьявілася віно і маленькія італьянскія цестачкі.

Зараз з твару Лапіка не схадзіла ўсьмешка ад вуха да вуха. — Giovedi, — у зачараваньні паўтараў ён.

— Чаму ён гэта кажа? — Сыньёр Гаралдзі паслухмяна падняў тост за наступны чацьвер, але жадаў ведаць, у чым справа.

— Я абяцала яму зьвязацца з вамі ў гэты дзень, тым самым спадзявалася перашкодзіць яму прыйсьці сюды самастойна. У сваім лісьце я пытала, ці можам мы наведацца да вас у чацьвер хвілін на дзесяць. Вы не атрымлівалі яго?

Кругленькі чалавечак выглядаў прысаромленым. — Павінен прызнацца, я атрымліваю вялізную колькасьць лістоў з просьбамі, і палічыў ваша пасланьне за адно зь іх. У выпадку яго прыходу яму павінны былі даць грошай. Даруйце мяне, я не занадта ўважліва чытаў ліст. Мне так сорамна.

— Ня трэба, калі ласка. Але скажыце, як вы лічыце, ці можна яму зазірнуць у чацьвер? Бо ён так наладзіўся. І, магчыма, я змагла бы сфатаграфаваць яго з вамі, у яго захаваўся бы здымак на памяць.

Сыньёр Гаралдзі і яго жонка абмяняліся поглядамі. — Чаму бы вам усім не наведаць нас у чацьвер, трохі выпіць, адсьвяткаваць спатканьне?

— Нас сарок два чалавека, — зьбянтэжылася Сыньёра.

— Гэтая хата будавалася для прыёмаў падобнага кшталту, — адказаў ён зь лёгкім паклонам.

Выклікалі аўто і неўзабаве яны перасякалі Рым у накірунку Катаньні па вуліцах, па якіх ці ледзь раней праяжджалі машыны накшталт аўтамабілю Гаралдзі. Сыньёра і Эйдан з гонарам пазіралі адно на аднаго, быццам бацькі, якія выратавалі дзіця зь нягоды.

— Вось бы мая сястра магла мяне бачыць, — нечакана вымавіў Лапік.

— Яна бы пацешылася? — мякка спытала Сыньёра.

— Ну, яна ведала, што так здарыцца. Ці бачыце, мы хадзілі да варажбіткі, і тая прадказала ёй замужжа, дзіцятка і раньнюю сьмерць, а мне посьпехі ў спорце і падарожжа праз мора. Дык неспадзеўкай бы гэта для яе не было, але шкада, што яна не дажыла да гэтай хвілі і ня бачыць мяне.

— Магчыма, насамрэч яна зараз бачыць вас, — паспрабаваў суцешыць яго Эйдан.

— Разумееце, спадар Данн, я ня вельмі веру, што на небе ёсьць хтосьці, — адказаў Лапік. За шыбамі машыны мільгацелі вуліцы Рыма, ціха курняўкаў матор.

— На самай справе, Лапік? А я вось з кожным днём усё больш пераконваюся ў зваротным, — усьміхнуўся Эйдан.

У Катаньні ўсе сьпявалі «Ці Малютка з палёў Атэнры». Захопленыя стольнікі згрудзіліся ў залі і віталі канчатак сьпеву громам аплядысмэнтаў. Нават наведвальнікі, якія адважыліся павячэраць у гэты вечар у Катаньні, далучыліся да агульнай весялосьці. Траіх прышлых сустрэлі гучнымі крыкамі.

Альфрэда пабег за поліўкай.

— Brodo, — удакладніў Лапік.

— Калі жадаеце, можам адразу прыступіць да асноўнай стравы, — прапанаваў Эйдан.

— Перапрашаю, спадар Данн. Мяне пакуль ніхто не вызваляў ад абавязкаў кіраўніка, а я распарадзіўся прынесьці Лярэнца яго brodo. — Луіджы выглядаў змрачней звычайнага. Эйдан спасаваў і пасьпяшаўся прызнаць сваю памылку. — Тады добра, парадак, — зьмяніў лютасьць на літасьць Луіджы.

Фрэн паскардзілася Сыньёры на Кэці. Адзін з маладых стольнікаў угаворвае яе пазьней пагуляць зь ім. Не магла бы Сыньёра абвясьціць, што пасьля вячэры ўсе павінны разам вярнуцца ў гатэль?

— Зразумела, Франчэска, — кіўнула Сыньёра. Дзіўна, ні адна душа не спытала іх, што здарылася з Лапікам. Усе ўспрынялі як належнае факт яго выратаваньня ў вялізарным Рыме, раз за справу ўзяліся яна і Эйдан.

— Лярэнца атрымаў для ўсіх нас на чацьвер запрашэньне на вечарыну, — паведаміла яна. — У шыкоўны палац.

— Giovedi, — пацьвердзіў Лапік, на выпадак калі хтосьці пераблытаў дзень. Падаецца, яны і гэта прынялі як належнае. Сыньёра хутка скончыла поліўку і азірнулася вакол у пошуках Канстанцы. Тая выглядала безуважлівай, нават адхіленай, ад яе звычайнага ажыўленьня не засталося і сьледу. Нешта мусібыць здарылася, але яна ніколі ня распавядзе ў чым справа. Сыньёра і сама такі чалавек, ня ёй даймаць гарапашніцу роспытам.

Альфрэда паведаміў аб неспадзяванке, падрыхтаванай для госьцяў з Ірляндыі. Занесьлі торт колераў ірляндзкага сьцягу, што памяталіся італьянцам з Чэмпіянату Сьвету. Хай на доўгія гады захаваецца ў сэрцах прысутных памяць аб гэтым шчасьлівым вечары.

— Я перад табой, Альфрэда, у неаплатнай пазыке за гэты вечар. Ніколі ня здолею цябе аддзячыць.

— Здолееце, Сыньёра. Ці не маглі бы вы заўтра прыйсьці паразмаўляць са мной? Калі ласка?

— Толькі ня заўтра, Альфрэда. Сыньёр Данн будзе распавядаць аб Форуме.