Выбрать главу

— Вы можаце слухаць сыньёра Данна ў любы час, а ў мяне ўсяго колькі дзён на размову з вамі. Калі ласка, Сыньёра, умольваю вас.

— Магчыма, ён зразумее, — Сыньёра са ўздыхам паглядзела на Эйдана. Яна ня можа падвесьці яго, для яго гэтулькі значыць тая лекцыя. Па ягонай задуме перад вачыма слухачоў паўстане старажытны Рым, Рым тых часоў, калі па ім імчаліся калясьніцы. Але хлопчык такі ўсхваляваны, яму відавочна неабходна гутарка зь ёй. Дзеля мінулага, дзеля ўсіх і ўсяго, яна павінна яго выслухаць.

Сыньёра зь лёгкасьцю зладзіла вяртаньне Кацярыны ў гатэль і выратавала яе з лап стольніка; яна проста папрасіла Альфрэда неадкладна адклікаць юнака. Вялізныя рымскія вочы вымалілі ў Кацярыны згоду на сустрэчу ў іншы вечар. На разьвітаньне ён пацалаваў ёй руку і падараваў чырвоную ружу.

Коні так і не разабралася з загадкавым паведамленьнем. Па словах сыньёры Буона Сера ёй даручылі перадаць канвэрт сыньёры Кейн. Ні яна, ні яе муж ня памятаюць, хто гэта быў, мужчына або жанчына. Гэта назаўжды застанецца таямніцай, сказала сыньёра Буона Сера. Ад турботы Коні Кейн да раніцы не злажыла вачэй. Чаму некаторыя рэчы павінны назаўжды застацца таямніцай? Добра бы падзяліцца з Сыньёрай, але ня варта навязвацца гэтай спакойнай жанчыне.

— Не, вядома, калі ў вас свае справы. Справы, зьвязаныя з Сыцыліяй, — спахмурнеў Эйдан.

— Мне так шкада, Эйдан. Я так чакала тага дню.

— Так, — ён імкліва адвярнуўся, каб прыхаваць расчараваньне і крыўду на сваім твары, але занадта позна. Сыньёра зазначыла.

— Не абавязаныя мы ісьці на гэтую лекцыю, — Лу цягнуў Сьюзі назад у ложак.

— Мне карціць пайсьці, — працівілася яна.

— Лацінскія, рымскія багі, старажытныя храмы … вядома не карціць.

— Спадар Данн рыхтаваўся некалькі тыдняў. І потым, Сыньёра жадала бы, каб мы пайшлі.

— Самой яе там ня будзе, — з выглядам знатака заявіў Лу.

— З чаго ты ўзяў?

— Я чуў, яна яму уначы казала. Ён скрывіўся, як ад цытрыны. Ну і мы ня пойдзем, — Лу скруціўся абаранкам на ложку.

— Не, тым больш мы павінны пайсьці падтрымаць яго, — перш як ён пасьпеў запярэчыць, Сьюзі накінула шляфрок і высьлізнула за дзьверы. Ён здолеў злавіць яе толькі ў калідоры, на паўдарозе да ваннай.

Лізі і Біл старанна рабілі канапкі. — Адылі выдатная ідэя, — ажыўлена выгукнуў Біл у надзеі ўкараніць штосьці падобнае ў іх звычайнае жыцьцё. Лізі і эканомія, аб тым можна толькі маліцца. Хоць у гэтай паездцы яна паводзіла сябе бездакорна, нават не зазіралася на абутковыя крамы. Адзін раз зьвярнула ўвагу на кошт італьянскага марозіва, перавяла ліры ў фунты і адзначыла, што гэта не занадта добрая думка.

— Ой, Біл, не вярзі. Калі мы пачнем купляць вяндліну, яйкі і такія файныя булачкі для канапак, выйдзе куды даражэй за нашу звычайную талерку поліўкі ў пабе.

— Магчыма.

— Але калі ты атрымаеш тут месца ў міжнародным аддзяленьні банку, можна будзе дазволіць сабе такое. Як ты лічыш, мы будзем жыць у гатэлі ці на ўласнай віле?

— На віле, трэба меркаваць, — змрочна выказаў здагадку Біл. Занадта нязбытным і непраўдападобным гэта падавалася.

— Ты ўжо наводзіў даведкі?

— Наконт вілы? — ашаломлена паглядзеў на яе Біл.

— Наконт вакансій у банку. Памятаеш, чаму мы пачалі вывучаць італьянскі? — падціснула вусны Лізі.

— Спачатку, — пагадзіўся Біл, — але зараз я займаюся толькі таму, што мне гэта падабаецца.

— Хочаш сказаць, мы ніколі ня будзем багатыя? — у вялізных блакітных вачах Лізі зьявілася турбота.

— Не-не, я не хачу сказаць нічога такога. Мы будзем багатыя. У першы ж дзень пасьля адпачынку я пастараюся ўсё высьветліць, дай веры.

— Я табе веру. Ну вось, я ўсё зрабіла і загарнула, падсілкуемся пасьля лекцыі. І паштоўкі тады ж адправім.

— Адну адправіш свайму таце, — цьвёрда хіліў сваю лінію Біл Бурк.

— Ты зь ім добра зладзіў, так?

Іх кароткі візыт у Галуэй увянчаўся посьпехам у прымірэньні бацькоў Лізі. Прынамсі яны размаўлялі паміж сабой і дамовіліся аб новай сустрэчы.

— Так, ён мне спадабаўся. Такі фацэтны, — Біл не знайшоў лепшага азначэньня чалавеку, які амаль зьплюшчыў яго руку ў сваёй і заняў у яго дзесяць фунтаў праз дзесяць хвілін пасьля знаёмства.

— Такое палягчэньне, што табе падабаецца мая сям'я, — сказала Лізі.

— А табе мая, — пагадзіўся ён.

Яго ўласныя бацькі сталі ставіцца да Лізі значна цяплей. Яе спадніцы сталі даўжэй, выразы карацей. Яна распытвала яго бацьку аб нарэзцы бэкону, аб розьніцы паміж вэнджаным і вяленым бэконам. Яна бясконца гуляла з Алівіяй у крыжыкі-нулікі, часьцяком паддаючыся ёй, пасьля чаго пакой захлынаў лямант захапленьня. Вясельле ня будзе багата праблемамі, што палохалі яго зусім нядаўна.