Выбрать главу

— Пойдзем паслухаем аб вясталках, — расплыўся ва ўсьмешцы Біл.

— Аб чым?

— Лізі! Ты не чытала? Бо спадар Данн даў нам аркуш, сказаў, што так мы здолеем больш запомніць.

— Давай хутчэй сюды, — запатрабавала Лізі.

Эйдан Данн зрабіў невялічкі плян, вылучыўшы месцы, якія яны наведаюць, і забясьпечыўшы іх сьціплымі тлумачэньнямі. Яна хуценька праглядзела і вярнула.

— Думаеш, ён сьпіць з Сыньёрай? — у яе загарэліся вочы.

— Калі так, Лярэнца і Канстанца будуць ведаць.

Канстанца і Сыньёра апрануліся і памкнуліся спусьціцца ўніз, пасьнедаць. У паветры адчувалася недаказанасьць.

— Канстанца?

— Si, Signora?

— Магу я папрасіць вас рабіць сёньня нататкі, калі Эйдан будзе распавядаць? Я не магу пайсьці і жудасна засмучаная, ну і, думаю, ён засмучаны. — Сыньёра выглядала сумнай.

— А вы павінны прапусьціць?

— Так, на жаль.

— Упэўненая, ён зразумее. Але я буду слухаць вельмі ўважліва, і, зразумела, усё вам перакажу. — Пасьля невялікай паўзы Коні загаварыла зноў. — М-м, Сыньёра?

— Si, Constanza?

— Проста … вы калісьці чулі каб нехта з групы кепска адклікаўся аба мне? Нейкія крыўды, або, магчыма, хтосьці страціў грошы па віне майго мужа, ці яшчэ нешта?

— Не, ніколі. Я ніколі ні ад каго аб вас нічога не чула. А чаму вы пытаеце?

— Хтосьці перадаў мне даволі жудасную цыдулку. Можа, жадалі пажартаваць, але я знэрвавалася.

— Што за цыдулка? Распавядзіце, калі ласка.

Коні выняла лісток з кішэні і паказала. Вочы Сыньёры напоўніліся сьлязамі. — Калі гэта здарылася?

— Яе пакінулі для мяне ўчора ўвечар, перад выхадам. Невядома хто. Я пытала, але Буона Сера ня ведаюць.

— Гэта ня мог быць ніхто з нашай групы, Канстанца, шчыра вам кажу.

— Але каму яшчэ вядома, што мы ў Рыме?

Сыньёра сёе-тое ўзгадала. — Эйдан распавядаў, у Дубліне нейкая звар'яцелая цікавілася, у якім гатэлі мы ўсе спыніліся. Магчыма такое? Нехта, хто перасьледавае вас?

— З напругай верыцца, ужо вельмі за вушы прыцягнута.

— Але яшчэ цяжэй паверыць, што гэта зрабіў хтосьці з групы.

— Чаму мяне? Зараз? І у Рыме?

— Хтосьці мог затаіць на вас крыўду, як вы лічыце?

— Сотні людзей, улічваючы ўчынкі Гары. Але ён за кратамі.

— Ніякіх вар'ятаў або неўраўнаважаных?

— Не, колькі мне вядома. — Коні рашуча ўзяла сябе ў рукі. Няма чаго марнаваць час на здагадкі і хваляваць Сыньёру. — Я проста пастараюся трымацца далей ад падарожнай часткі і быць уважлівей. І не хвалюйцеся, Сыньёра, я ўсё занатую. Абяцаю, перакажу вам лекцыю да апошняга слова.

— Альфрэда, спадзяюся, гэта важна. Ты паняцьця ня маеш, як засмучае сёе-каго мая адсутнасьць на лекцыі.

— У вас тут шмат лекцый, Сыньёра.

— Гэтая асаблівая. Паўстане мноства праблем. Тым ня менш?

Ён зрабіў ім каву і сеў поруч яе. — Сыньёра, я павінен прасіць вас аб вялізнай ласцы.

У яе стала тужліва на душы. Ён зьбіраецца прасіць у яе грошай. Адкуль яму ведаць, што ў яе нічога няма. Увогуле нічога. Па вяртаньні ў Дублін у яе ня будзе ні пэні. Прыйдзецца прасіць Селіванаў дазволіць ёй жыць у іх у пазыку да верасьня, калі ў школе зноў пачнуць плаціць. Усё да апошняга пэні яна абмяняла на ліры, каб плаціць за сябе ў гэтым viaggio. Як мог хлопчык з простай вёсачкі, які працуе ў заняпалай рымскай рэстарацыі, здагадацца аб тым? Ён бачыў яе на чале сарака чалавек, важнай пэрсонай. Нават магутнай.

— Гэта можа апынуцца нялёгка. Ты шмат чаго ня ведаеш, — пачала яна.

— Я ведаю ўсё, Сыньёра. Я ведаю, мой бацька кахаў вас, і вы кахалі яго. Вы сядзелі ў акна, гафтуючы, пакуль мы расьлі. Я ведаю, як добра вы паступілі па дачыненьні да маёй маці, і хоць вы і не жадалі зьяжджаць, калі яна і мае стрыі сказалі, што надышоў час пакінуць нас, вы зьехалі.

— Ты ўсё гэта ведаеш? — яе голас гучаў ледзь чутна.

— Так, мы ўсе ведалі.

— Як даўно?

— З тых часін, як я сябе памятаю.

— Так цяжка даць веры. Я меркавала… зрэшты, ня мае значэньня, што я меркавала…

— Нам усім было так сумна, калі вы зьехалі.

Яна падняла вочы і ўсьміхнулася. — Вы сумавалі? Шчыра?

— Так, мы ўсе. Вы дапамаглі нам усім. Мы ведаем.

— Як вы пазналі?

— Інакш мой бацька ніколі бы так не паступіў. Вясельле Марыі, кавярня ў Аннунцыяце, ад'езд брата ў Амэрыку … усё. Гэта ўсё вы.

— Не, ня ўсё. Ён любіў вас, прагнуў для вас лепшага. Часам мы размаўлялі. Вось і ўсё.

— Нам карцела адшукаць вас, калі памерла маці. Карцела напісаць і распавесьці вам. Але мы нават ня ведалі вашага імя.