— Дзякуй вам за гэта.
— А зараз, зараз Бог прывёў вас у гэтую рэстарацыю. Вас даслаў Бог, я ўпэўнены. — Яна прамаўчала. — І зараз я магу папрасіць вас аб вялізнай, вялізнай ласцы. — Яе пальцы сьціснуліся ў кулак. Чаму ў яе няма грошай? У большасьці жанчын у яе ўзросьце ёсьць зьберажэньні, хоць невялічкія. Усё жыцьцё яна так бестурботна ставілася да рэчаў. Калі б у яе было хоць нешта, што яна магла бы прадаць для тага хлопчыка, якому, мусіць, жудасна цяжка прасіць яе …
— Мая просьба, Сыньёра …
— Так, Альфрэда.
— Ведаеце, у чым яна?
— Скажы мне, Альфрэда, і калі я здолею, я зраблю.
— Мы жадаем, каб вы вярнуліся. Мы жадаем, каб вы вярнуліся дахаты, Сыньёра. У месца, якому вы прыналежыце.
Замест сьняданку Канстанца выправілася па крамах. Яна купіла жаданыя мяккія туфлі і доўгі ядвабны шалік для Сыньёры. З шаліка зрэзала цэтлік дызайнэру, на выпадак, калі Элізабэт ўбачыць назву і абвесьціць, колькі гэта павінна каштаваць. Потым, набыўшы яшчэ сёе-тое, вярнулася зварот і далучылася да экскурсіі да Форума.
Лекцыя ўсіх прывяла ў захапленьне. Як сказаў Луіджы, гаротныя хрысьціяне, ўцягненыя да Калізэя, літаральна ўставалі перад вачыма. Спадар Данн папярэдзіў, што ён усяго толькі замшэлы, стары настаўнік латыні і абяцае доўга не затрымліваць іх увагу, але па канчатку ўсе білі ў ладкі і патрабавалі працягу. Ён зьдзіўлена ўсьміхнуўся. Пасыпаліся пытаньні. Эйдан адказаў на ўсе, часам паглядаючы на Канстанцу, якая ўвесь час трымала перад ім апарат, але не зрабіла ніводнага здымку.
Для перакусу яны, выцягнуўшы свае канапкі, разьбіліся на дробныя групкі. Коні Кейн назірала за Эйданам Даннам. У яго не было лусьцікаў, ён проста адышоў да сьцяны і сеў там з адсутным выглядам, гледзячы ў нікуды. Ён растлумачыў усім, як дабрацца да гатэлю. Пераканаўся, што Лапік у надзейных руках Барталамеа і яго фацэтнай мініятурнай сяброўкі Фіёны. А потым проста сеў тут, засмучаны. Тая, для якой ён рыхтаваў лекцыю, так і не зьявілася.
Коні не магла вырашыць, ці варта далучыцца да яго. Але ці наўрад яна можа сказаць яму штосьці карыснае. Таму яна выправілася ў рэстарацыю і замовіла сабе грыль-рыбу і віно. Прыемна мець такую магчымасьць. Ледзь прыгубўшы, яна стала варажыць, хто ж мог зьявіцца з Дубліна палохаць яе. Няўжо Гары даслаў кагосьці? Занадта турботна думаць аб тым. Абсурдна спрабаваць растлумачыць нешта італьянскай паліцыі. Цяжка будзе знайсьці нават ірляндзкае дэтэктыўнае агенцтва, што ўспрыме яе сур'ёзна. Ананімныя лісты ў рымскі гатэль? Паставіцца да такога сур'ёзна немагчыма. Але, вяртаючыся ў гатэль, яна трымалася бліжэй да гожых камяніц.
Яна нэрвова паведамілася, ці не было новых пасланьняў.
— Не, сыньёра Кейн, нічога.
Бары і Фіёна памкнуліся ў бар, дзе Бары падчас Чэмпіянату Сьвету сустрэў усіх гэтых цудоўных італьянцаў. Ён захапіў фатаграфіі таго лета, сьцяжкі, вымпелы і кепку Джэка Чарлтона.
— Ты ім пісаў, паведамляў, што прыедзеш? — спытала Фіёна.
— Не, тут зусім іншае, проста прыходзіш, а яны ўсе там.
— Кожны вечар?
— Ну, не кожны … але амаль.
— Няхай бы яны шукалі цябе ў Дубліне. Цалкам маглі не засьпець у пабе. Імёнаў, адрэсаў у цябе няма?
— Імёны ды адрэсы ў такім пытаньні справа дзесятая.
Фіёна паспадзявалася, што ён мае рацыю. Для яго гэтулькі значыла ізноў сустрэцца зь імі са ўсімі, ізноў перажыць тыя файныя дні. Ён будзе вельмі расчараваны, калі нікога не засьпее. Альбо, горш за тое, калі яго забылі.
Гэты вечар усім падавалася правесьці па сваім меркаваньні. Калі бы справы разгортваліся інакш, Коні б з задавальненьнем выправілася пабадзяцца з Фрэн і Кэці, падзівіцца на вітрыны, выпіць па кубачку кавы на вольным паветры. Але Коні пабойвалася выходзіць у цемры, раптам хтосьці сапраўды задумаў пхнуць яе пад колы машын, што імкліва нясуцца па рымскіх вуліцах.
Будзь усё інакш, Сыньёра і Эйдан павячэралі бы разам і сплянавалі заўтрашняе наведваньне Ватыкана. Але ён пакутаваў ад крыўды і самоты, а ёй патрабавалася трошкі супакою, каб абмеркаваць зробленую ёй неверагодную прапанову.
Яны прасілі яе вярнуцца і дапамагчы ім з гасьцініцай, прыцягнуць англамоўных турыстаў, стаць часткай таго жыцьця, за якім яна так доўга назірала з боку. Тады здабудуць сэнс усе тыя гады, цягам якіх яна глядзела і чакала. У яе зьявіцца як будучыня, так і мінулае. Альфрэда ўмольваў яе вярнуцца. Для пачатку нават ў госьці, агледзецца. Яна зразумее, наколькі вялікі яе ўкладаньні, як захапляюцца ёю людзі. І вось Сыньёра ў адзіноце сядзела ў кавярні, спрабуючы асэнсаваць усё гэта.
Праз некалькі вуліц ад яе Эйдан Данн сядзеў за куфлям піва, спрабуючы абмеркаваць усе дадатныя бакі тага падарожжа. Ён зладзіўся з стварэньнем кляса, што ня толькі праіснаваў год, але ўрэшце ў поўным складзе адправіўся ў Рым. Безь яго гэтыя людзі ніколі бы не зрабілі нічога падобнага. Ён падзяліў зь імі сваю любоў да Італіі, сёньня падчас лекцыі ніхто не нудзіўся. Ён ажыцьцявіў усё задуманае. Па сутнасьці, гэта быў год трыюмфу. Але гучаў у яго душы і іншы голас, голас, што адносіў усе тыя заслугі на Норын кошт. Іх запал яе рук справа, зь яе сьмешнымі гульнямі і яе скрынкамі, што ператвараюцца ў лякарню, у вакзал, у рэстарацыю. Гэта Нора дала ім фацэтныя імёны і ўпэўненасьць у тым, што ў адзін выдатны дзень яны выправяцца ў viaggio. А зараз магія Італіі занадта моцна падзейнічала на яе.