Выбрать главу

Прынесьлі падносы зь віном і ахаладжальнымі напоямі. Падалі піва ў высокіх, элегантных куфлях і талеркі з лусьцікамі, цесткамі і тарталеткамі.

— Можна мне сфатаграфаваць ежу? — запытала Фіёна.

— Калі ласка, калі ласка. — Жонка сыньёра Гаралдзі выглядала ўсьцешанай.

— Мая будучая сьвякруха, яна вучыць мяне кухарыць. Карцела б паказаць ёй такі выдатны стол.

— Яна добрая, la suocera … сьвякруха? — зацікавілася сыньёра Гаралдзі.

— Так, вельмі добрая. У яе былі праблемы, яна, ці разумееце, спрабавала атруціцца з-за рамана яе мужа з жонкай тага чалавека. Але зараз усё ззаду. Па сутнасьці, я паклала таму канец. Я асабіста! — Вочы Фіёны бліскацелі ад хваляваньня і віна.

— Dio mio, — Сыньёра Гаралдзі прыціснула далонь да вуснаў. Усё гэта ў Сьвятой Каталіцкай Ірляндыі!

— Я сустрэла яе пасьля спробы самагубства, — працягвала Фіёна. — Яе прывезьлі ў маю лякарню. Можна сказаць, я выцягнула яе і яна вельмі мне ўдзячная, таму яна вучыць мяне файна гатаваць.

— Файна, — прамармытала сыньёра Гаралдзі.

Падышла Лізі з пашыранымі ад захапленьня вачыма. — Che bella casa, — адзначыла яна.

— Parla bene Italiano, — добразычліва адгукнулася сыньёра Гаралдзі.

— Так, ён мне спатрэбіцца, калі Гугліема атрымае пост у міжнародным філіяле банка, цалкам магчыма, у Рыме.

— Яго сапраўды могуць паслаць у Рым?

— Мы можам вылучыць Рым, ці іншае месца, куды ён захоча, але гэта такі гожы горад, — ласкава ўхваліла Лізі.

Вызначылася прамова, усіх паклікалі да стала, Лапіка з гульнявага пакоя, Коні з маляўнічай галерэі, Бары ад машын і матацыклаў у падземным гаражы.

Пакуль яны зьбіраліся, Сыньёра кранула Эйдана за локаць. — Вы не ўяўляеце, якое ўражаньне склалі аб нас Гаралдзі. Я чула, жонка тлумачыла, што хтосьці з групы працуе ў міжнароднай мэдыцынскай службе па выратаваньні жыцьця, а Элізабэт сказала, што Гугліема вядомы банкір, які плянуе атабарыцца ў Рыме.

Эйдан усьміхнуўся. — І яны далі веры?

— Сумняваюся. Пачнем з таго, што Гугліема тройчы пытаў, ці можа ён абнаявіць чэк і які сёньня абменны курс. Гэта не магло выклікаць вялікага даверу, — усьміхнулася яна яму ў адказ. Усё што яны казалі адно аднаму, падавалася выкананым цеплыні, усьмешкі і разуменьня.

— Нора? — шапнуў ён.

— Ня зараз … Давайце паслухаем гаспадара.

Прамова апынулася надзвычай сардэчнай. Нідзе Гаралдзі не сустракалі такой ветласьці, як у Ірляндыі, нідзе ня бачылі такой сумленнасьці, шляхетнасьці ды прыязнасьці. Сёньняшні вечар дадатковы таму прыклад. Людзі прыйшлі ў гэтую хату як незнаёмцы, а пакідаюць яе як сябры. — Amici, — раздаўся хор галасоў у адказ на слова сябры.

— Amici sempre, — падхапіў сыньёр Гаралдзі.

Рука Лапіка ўскінулася ў паветра. Ён заўсёды гатовы прыяжджаць у гэтую хату. Ім зноў будуць радыя ў гатэлі яго пляменьніка.

— Мы зможам зладзіць вечарыну для вас, калі вы наведаецеся ў Дублін, — сказала Коні Кейн і ўсе задаволена заківалі, пацьвярджаючы абяцаньне. Прынесьлі фатаздымкі. Цудоўныя вялізныя фатаздымкі на элегантных прыступках, вядучых да камяніцы. Сярод тысяч кадраў, зробленых у гэтым viaggio, здымкаў людзей, якія жмурыліся пад сонцам, гэтыя зоймуць ганаровае месца ў іх, такіх розных, дублінскіх хатах.

Рушыла ўсьлед мноства ciaos, arrivedercis і grazies, і вечаровы кляс з Выгляд-На-Гару ізноў апынуўся на вуліцах Рыма. Зараз, а дванаццатай гадзіне, разьбіўшыся на кампаніі, усе прыгатаваліся пусьціцца ў маленькія passegiata, вечаровыя шпацыры. Нікому не карцела дахаты; усе занадта пераўзбудзіліся.

— Я зьбіраюся вярнуцца ў гатэль. Захапіць нечыя фатаграфіі? — зьнянацку спытаў Эйдан. Ён чакальна абвёў усіх поглядам.

Сыньёра, памарудзіўшы, дадала. — Я таксама, мы можам падбаць аб вашых здымках, дык калі вы зноў нап’яцеся, вы іх ня страціце.

Усе абмяняліся разумеючымі усьмешкамі. Справа ішла да таго, аб чым яны падазравалі ўвесь мінулы год.

Паволі, узяўшыся за рукі, ішлі яны, пакуль ім не сустрэлася рэстарацыя на вольным паветры з цудоўнымі музыкамі. — Вы перасьцерагалі нас супраць такіх, — сказаў Эйдан.

— Я толькі казала, што там дорага, але не адмаўляла, што там цудоўна, — запярэчыла Нора А’Донах'ю.

Яны селі. Яна распавяла яму аб Марыё і Габрыэле, і аб тым, як доўга і шчасьліва жыла яна ў іх ценю.

Ён распавёў ёй аб Нэл, аб тым, як не зазначыў, калі і чаму іх шлюб згубіў пачуцьці. Але так здарылася. Зараз яны жывуць пад адным дахам нібы незнаёмцы.

Яна распавяла, як спачатку памёр Марыё, пасьля Габрыэла, як іх дзеці папрасілі яе вярнуцца і дапамагчы ім з гасьцініцай. Да болю кранулі яе словы Альфрэда, які сказаў, што заўсёды яны ставіліся да яе, як да маці.