Выбрать главу

Бо Нора сапраўды ніколі не распавядала Брэндзе аб усіх акалічнасьцях свайго жыцьця, даўгіх гадах жыцьця ў мястэчку, яшчэ меншым за вёску ў Ірляндыі, зь якой яна паходзіла, і каханьня да чалавека, які жыў праз маленькую piazza ад яе, чалавека, які меў магчымасьць прыйсьці да яе ў госьці толькі зь вялізнымі засьцярогамі, і зь цягам часу рабіў усё менш і менш спроб такую магчымасьць адшукаць.

Нора пісала аб харастве вёсачкі Аннунцыяты, аб яе белых хацінках з маленькімі, чорнымі, мэталічнымі гаўбецамі, на якіх месьцяцца гарнушкі з гераньню і бягоніяй, але ня проста адзін-два гаршчку, як у іх хатах, а суцэльная безьліч вазонаў. І аб браме за вёскай, ад якой адкрываецца поўны асалоды краявід. І аб царкве з цудоўнай керамікай, паглядзець на якую наяжджае ўсё больш народу.

Марыё і Габрыэла валодалі мясцовай гасьцініцай, і зараз нават кухарылі абеды дзеля здарожаных вандроўнікаў. Гэта было вельмі зручна і задавальняла ўсіх ў Аннунцыяце, бо азначала, што іншыя людзі таксама атрымаюць трохі грошаў, напрыклад, цудоўная сыньёра Лявона — за паштоўкі і невялічкія акварэлькі з царквой, і Норыны лепшыя сяброўкі Паола і Джаана — за дробныя керамічныя талеркі і гарлачыкі з надпісам Аннунцыята. І тыя, хто прадае кошыкі з памяранцамі і кветкі. І нават яна, Нора, мела карысьць з наплыву турыстаў, паколькі рабіла на продаж карункавыя хустачкі ды сурвэткі і ладзіла кароценькія экскурсіі для англамоўных наведвальнікаў. Яна праходзіла зь імі вакол цэрквы і распавядала аб яе гісторыі, потым паказвала ў даліне месцы бітваў, магчымых рымскіх селішчаў і несумнеўных грандыёзных падзей.

Яна ніколі не лічыла патрэбным пісаць Брэндзе аб дзецях Марыё і Габрыелі. Усяго іх было пяцёра. Іх вялізныя цёмныя вочы цішком джгалі яе праз piazza падазронымі злоснымі поглядамі. Занадта юныя, каб дапяць, хто яна і чаму яе ненавідзяць і баяцца, завельмі дасьведчаныя, каб успрымаць яе як адну з суседак і сябровак.

Брэнда і Навалачка ня мелі ўласных дзяцей, таму іх не маглі цікавіць тыя прыгожыя, няўсьмешлівыя сыцылійскія дзеці, якія вывучалі з прыступак гасьцініцы сваіх бацькоў маленечкі пакойчык, дзе Сыньёра, седзячы за гафтам, спакваля назірала за навакольлем.

Так яны клікалі яе ў Аннунцыяце, проста Сыньёра. Прыехаўшы сюды, яна назвалася ўдавой. Гэта так нагадвала яе ўласнае імя Нора, што ёй падавалася, быццам менавіта так яе заўсёды і клікалі.

Нават маючы справы зь людзьмі, якія шчыра любілі яе і клапаціліся аб ёй, цяжка было растлумачыць, што ўяўляла сабою яе жыцьцё ў гэтай вёсачцы. У месцы, якім у сваёй роднай Ірляндыі яна бы пагарджала. Ні кіно, ні танцпляцоўкі, ні супэрмаркета. Мясцовы аўтобус, і той заглядаў да іх без усялякага раскладу ў сваім сапраўды бясконцым падарожжы.

Але яна любіла тут кожны камень, бо менавіта тут Марыё жыў, і працаваў, і сьпяваў песьні ў сваёй гасьцініцы, і гадаваў сваіх сыноў і дачок, і ўсьміхаўся ёй, тым часам як яна гафтавала ў сваім акенцы. А яна ласкава ківала яму ў адказ, не прымячаючы, як мінаюць гады. На дні запалу ў Лёндане, што скончыліся ў 1969, даўно забыліся ўсе, апрача Марыё і Сыньёры.

Вядома, Марыё павінен быў успамінаць іх з замілаваньнем, смуткам і шкадаваньнем, як успамінала іх яна, інакш чаму ж ён часам употай прабіраўся па начах у яе ложак? На тую карысьць яна зрабіла для яго ключ. Калі жонка засынала, ён крадком рушыў праз цёмны пляц. Яна ніколі не чакала яго ў поўню. Зашмат староньніх вачэй маглі зазначыць на piazza постаць, і пазнаць у ёй Марыё, які цягнецца ад жонкі да іншаземкі, дзіўнай іншаземкі зь вялізнымі апантанымі вачыма і доўгім рудым валосьсем.

Часам Сыньёра пытала сябе, ці не згубіла яна і на самой справе глузд, як лічыла яе сям'я, і як, мусіць, меркавалі жыхары Аннунцыяты.

Іншыя жанчыны, вядома, дазволілі б яму зьехаць, аплакалі яго каханьне і пагадніліся з сваёй доляй. У 1969 ёй было толькі дваццаць чатыры. Чацьвёрты дзесятак надышоў, пакуль яна займалася шытвом, сьмяялася, размаўляла па-італьянскі, але ніколі на людзях не абмовілася словам з чалавекам, якога кахала. Калісь ў Лёндане ён заахвочваў яе вывучаць ягоную мову, фарбаваў яе хараство, але тады яна ледзь засвоіла пару слоў, пераконваючы яго, што гэта ён павінен вучыць ангельскую, каб яны маглі ўладкаваць сваю будучыню, стварыўшы ў Ірляндыі гатэль на дванаццаць пакояў. А Марыё сьмяяўся і казаў ёй, што яна яго рудавалосая principessa, самая чароўная дзеўчына ў сусьвеце.