Адылі некаторым ўспамінам забаранялася браць удзел ў маленькай п'есе памяці, якую Сыньёра штораз круціла ў сваёй галаве.
Яна не прыгадвала аб лютасьці Марыё ў той дзень, калі дасягнула ўсьлед за ім Аннунцыяты, выйшла з аўтобуса і адразу пазнала па апісаньні маленькую гасьцініцу яго бацькі. Яе палохалі ўспаміны аб тым, як скамянеў твар каханага. Ён хітнуў ёй на прыпаркаваную нездалёк машыну і загадаў сесьці туды. Панёсься, зразаючы завароткі на жахлівай хуткасьці, потым нечакана збочыў з гасьцінца ў зацішны аліўкавы гаёк, дзе ніхто ня мог іх пабачыць. Яна прытулілася да яго, смуткуючы, як смуткавала з пачатку свайго падарожжа.
Але ён адштурхнуў яе прэч і паказаў на даліну ўнізе.
— Паглядзі на гэтыя вінаграднікі, яны належаць бацьку Габрыэлі, паглядзі на тыя вінаграднікі, яны належаць майму бацьку. Заўсёды было вядома, што мы ажэнімся. Ты ня маеш ніякіх праў зьяўляцца сюды і псаваць маё жыцьцё.
— Я маю ўсе правы. Я кахаю цябе, ты кахаеш мяне. — Гэта было так проста.
Ягоны твар паторгваўся ад хваляваньня і замяшаньня. — Ты ня можаш казаць, што я ня быў сумленны, я ўсё сказаў табе, я сказаў тваім бацькам. Я ніколі не рабіў выгляд, быццам ня зьвязаны абяцаньнем Габрыэле.
— Але ня ў ложку, тады ты нічога аб Габрыэле не казаў, — паспрабавала абараніцца яна.
— Ніхто ня кажа ў ложку аб іншай жанчыне, Нора. Будзь разумніцай, зьяжджай, вярніся назад, выпраўляйся дахаты, у Ірляндыю.
— Я не магу вярнуцца дахаты, — уздыхнула Нора. — Я буду побач з табой. Вось і ўсё. Я застануся тут назаўжды.
Так яно і адбылося.
Мінулі гады, і паступова Сыньёра стала часткай жыцьця Аннунцыяты. Насамрэч, не зусім, бо ніхто дакладна ня ведаў, чаму яна тут, а яе тлумачэньні аб любові да Італіі не прымаліся сур'ёзна. Яна жыла ў двух пакойчыках у камяніцы на пляцы. Плата была невялічкая, бо яна прыглядала за пажылой парай, якой гэтая камяніца належала, шторанку прыносіла ім па кубачку дымлівага caffe latte і купляла для іх прадукты.
Яна нікому не рабіла аніякай фатыгі. Не вадзіла да сабе мужчын і не піла ў барах. Па пятніцах выкладала ангельскую мову ў маленечкай школе. Трошкі гафтавала і раз на некалькі месяцаў адвозіла зробленыя сурвэткі на продаж у бліжэйшы горад.
Сыньёра вывучала італьянскі па невялікай кніжачцы, што зусім закоўзалася, бо яна зноў і зноў паўтарала фразы, задавала сабе пытаньні і адказвала на іх, пакуль яе мяккі ірляндзкі голас не авалодваў пявучымі італьянскімі гукамі.
Седзячы ў сваім пакоі, не выпускаючы з рук шытва і не дазволіўшы ні адзінай сьлёзцы ўпасьці на гафт, назірала яна за вясельлем Марыё і Габрыэлі. Ёй было даволі таго, што ён паглядзеў на яе, калі зазванілі званы ў маленькай званіцы ля цэркаўцы на пляцы. Ён ішоў побач са сваімі братамі і з братамі Габрыэлі, каб ажаніцца, бо такі быў іх лёс. Традыцыя настойвала на шлюбе паміж сем'ямі дзеля захаваньня зямлі. Але традыцыя нічога не магла зрабіць зь яго каханьнем да яе альбо зь яе каханьнем да яго.
З таго самага акна глядзела яна, як нясуць хрысьціць у царкву яго дзяцей. У гэтай частцы сьвету сем'ям патрэбны былі сыны. Тое ня крыўдзіла яе. Яна ведала, калі б ён мог абраць іншы шлях, яна б назаўжды засталася яго principessa irlandese.
Сыньёра разумела, шмат хто з мужчын ў Аннунцыяце здагадваецца, што паміж ёй і Марыё нешта было. Але гэта іх не бянтэжыла, хутчэй нават узвышала Марыё ў іх вачах. Яна заўсёды была ўпэўненая, што жанчыны нічога ня ведаюць аб іх каханьні. Ёй ніколі не падавалася дзіўным, што яны не запрашалі яе далучыцца да іх, калі разам выпраўляліся на кірмаш, альбо зьбіраць вінаград, што ня шоў на віно, ці за палявымі кветкамі для фэсту. Яны былі шчасьлівыя, калі яна зрабіла прыгожае покрыва для падножжа статуі Прасьвятой Дзевы.
Яны ўсьміхаліся ёй усе гады, пакуль яна асвойвала іх мову, а потым удасканальвалася ў ёй. Яе перасталі пытаць, калі яна зьбіраецца дахаты, назад на сваю выспу. Быццам да яе прыглядаліся і яна здала нейкі іспыт. Яна больш не была нязванай госьцяй, ёй дазволілі застацца.
Пасьля дванаццаці гадоў маўчаньня яна атрымала першыя весткі ад сваіх сясьцёр. Малазразумелыя лісты ад Рыты і Хэлін. Ніяк не зьвязаныя з тым, аб чым пісала ім яна. Ні паўслоўца пра тое, што яны атрымлівалі яе віншаваньня на дні народзінаў і на Каляды ці чыталі ўсе тыя лісты, што яна пісала бацькам. Замест таго яны распавядалі аб сваіх шлюбніках і дзецях, аб тым, якія цяжкія сёньня часіны, як усё дорага, і як бракуе часу, і як цяжка ўсім прыходзіцца.