Выбрать главу

Спачатку Сыньёра была шчасьлівая і тым драбкам. Ёй так доўга карцела, каб нешта зьвязала разам абодва яе сьветы. Лісты ад Брэнды пракладалі маленькую сьцяжынку ў гэтым кірунку, але не маглі злучыць Сыньёру зь яе мінулым, з жыцьцём яе сям'і. Яна неадкладна адказала, закідаўшы іх пытаньнямі аб сям'і, аб бацьках, аб тым, як яны ўсёткі дужацца з Сытуацыяй. Не атрымаўшы адказу, Сыньёра задала ім іншыя пытаньні, спрабуючы высьветліць, як яны ставяцца да галадоўлі ІРА, абраньні Ранальда Рэйгана Прэзыдэнтам ЗША і да змовін Прынца Чарльза і Лэдзі Ды. Ніводнае з тых пытаньняў не атрымала адказу, і колькі ні распавядала яна ім аб Аннунцыяце, яны ні разу нават мімаходзь не згадалі аб тым.

Брэнду зусім не зьдзівіла зьяўленьне лістоў ад Рыты і Хэлін. — Хутка ты, пэўна, атрымаеш лісты і ад братоў. Як ні сумна, уся справа ў тым, што твой бацька занадта кволы. Яго павінны зьмясьціць у шпіталь для сталага нагляду, і што тады будзе з тваёй маці? Я пішу табе аб усім так прама, бо гэта прыкрыя ды сумныя навіны. Ты выдатна ведаеш, на маю думку, адправіцца ў тую забытую богам дзіру за чалавекам, які казаў, што кахае цябе, а на самой справе ахвяраваў табой дзеля інтарэсаў сваёй сям'і, было глупствам … але бачыць Бог, я не лічу, што ты павінна вяртацца дахаты каб стаць сядзелкай пры сваёй маці, якая выкрасьліла цябе з свайго жыцьця і нават не адказвала на твае лісты.

Сыньёра прачытала тое з тугой. Безумоўна, Брэнда памыляецца. І вядома, яна хібна тлумачыць сытуацыю. Рыта і Хэлін напісалі, бо змаркоціліся. Але неўзабаве зьявіўся ліст аб тым, што тата ў шпіталі, і з пытаньнем, калі ж Нора вернецца дахаты і возьме на сябе ўсе клопаты.

Ніколі Аннунцыята не выглядала больш прыгожай, як у гэтую вясну. Але Сыньёра выглядала зьбялелай і сумнай. Нават людзі, якія ня вельмі лагодна ставіліся да яе, занепакоіліся.

Сям'я Лявоны, якая прадавала паштоўкі і маленькія акварэлі, запрасіла яе ў госьці. Ці не жадае яна трошкі поліўкі, stracciatella, булёну, у які дадаюцца ўзьбітыя яйкі і цытрынавы сок? Тая падзякавала, але яе твар заставаўся згаслым, а голас безуважным. Яны турбаваліся за яе.

Чуткі прасякнулі і ў гасьцініцу праз piazza, да цёмнавокага прыгажунчыка Марыё і яго самавітай, паслухмянай жонкі Габрыэлі, якая не занадта дабразычліва ставілася да Сыньёры. Можа, хтосьці пашле за лекарам?

Браты Габрыэлі спахмурнелі. Калі жанчыне ў Аннунцыяце загадкава нядужылася, гэта часьцяком азначала адно. Яна цяжарная.

Тая ж думка зьявілася ў Марыё. Але ён сустрэў іх погляды нязмушана. — Немагчыма, ёй хутка сорак.

Аднак яны чакалі лекара, спадзеючыся, што ён незнарок кіне слоўца-іншае за шклянкай рабінаўкі, яго маленькай хібы.

— Уся хворасьць тут ад галавы, — даверана паведаміў лекар. — Дзіўная жанчына, фізычна ў яе усё добра, але ж ёй вельмі тужліва.

— Чаму тады яна ня рушыць дахаты, туды, адкуль яна? — спытаў старэйшы брат Габрыэлі. Ён узначаліў сям'ю ад таго часу, як памёр бацька. Да яго траплялі дзіўныя, непакоячыя чуткі аб яго зяцю і Сыньёры. Але ён не заўважаў на іх. Не такі той даўбень, каб займацца падобнымі рэчамі ля ўласнага ганка. Жыхары вёсцы назіралі за паніклымі плячыма Сыньёры і нават сям'я Лявоны не магла праліць сьвятло на гэтую таямніцу. Бедная Сыньёра. Яна сядзіць тут, але вочы яе дзесь далёка.

Аднойчы ўначы, калі яго сям'я паснула, Марыё прабраўся ў яе ложак.

— Што здарылася? Усе кажуць, ты нядужая і губляеш клёк, — шапнуў ён, абдымаючы яе і падцягваючы коўдру, на якой яна пагафтавала назвы італьянскіх гарадоў: Флярэнцыі, Нэапаля, Мілана, Вэнэцыі, Генуі. Усе рознага колеру і з маленькімі кветачкамі вакол іх. То была праца каханьня, распавядала яна Марыё. Робячы кожны шывок, яна разважала аб тым, якой асалодай было прыехаць на гэтую зямлю і жыць поруч каханага чалавека; ня кожнаму выпадае такое шчасьце.

Сёньня яна не падавалася найшчасьлівай жанчынай ў сьвеце. Яна цяжка ўздыхала і ляжала ў ложку, быццам каменная. Нават не варухнулася, каб радасна павітаць Марыё. Наогул не прамовіла ні гуку.

— Сыньёра. — Ён клікаў яе, як усе астатнія. Яго выдала б, апыніся, што ён ведае яе сапраўднае імя. — Даражэнькая, даражэнькая Сыньёра, шмат, шмат разоў прасіў я цябе зьехаць адсюль, казаў, што тут, у Аннунцыяце, няма жыцьця для цябе. Але ты сьцьвярджала, што застанесься тут, што такое тваё рашэньне. Тутэйшыя людзі памалу пазналі і палюбілі цябе. Кажуць, да цябе прыходзіў лекар. Мне балюча, калі ты смуткуеш, скажы мне, што здарылася.

— Ты ведаеш, што здарылася. — Яе голас быў ледзь жывы.

— Не, адкуль?

— Ты пытаў лекара. Я бачыла, як ён захадзіў да цябе ў гасьцініцу пасьля мяне. Ён сказаў табе, у мяне кепска з галавой, вось і ўсё.