— Але чаму? Чаму зараз? Ты так доўга жыла тут, не валодаючы італьянскай мовай, ня ведаючы тут нікога. У той час магчыма было пашкодзіцца глуздам, ня зараз, калі за дзесяць год жыцьця тут ты стала часткай нашай вёскі.
— Болей за адзінаццаць гадоў, Марыё, амаль дванаццаць.
— Пагатоў.
— Я думала, мая сям'я нудзіцца безь мяне і любіць мяне, а зараз упэўнілася, што яны проста жадаюць зрабіць мяне сядзелкай пры нашай старой маці. Вось чаму мне сумна. — Яна так і не павярнулася да яго, ляжала халодная і нерухомая, ніяк не адказваючы на ягоныя ласкі.
— Ты не жадаеш быць са мной? Нам жа заўжды так добра разам? — разгубіўся ён.
— Не, Марыё, ня зараз. Вялікі, вялікі дзякуй табе, але ня сёньня.
Яму прыйшлося ўстаць з ложка і абыйсьці вакол, каб паглядзець на яе. Ён запаліў сьвечку ў керамічным шандале; у яе ў пакоі не было каганца поруч пасьцелі. Яна ляжала са зьбялелым тварам, раскідаўшы доўгія рудыя валасы на падушцы, захінуўшыся ў недарэчную коўдру з назвамі гарадоў. Як тут знойдзеш адпаведныя словы. — Хутка табе прыйдзецца перайсьці да сыцылійскіх назваў, — мовіў ён. — Катаньні, Палерма, Чэфалу, Агріджэнта…
Яна зноў уздыхнула. Ён сышоў зьбянтэжаны.
Але горы вакол Аннунцыяты зь іх дываном вясновых красак валодалі гаючай моцай. Сыньёра шпацыравала паміж іх, пакуль фарба не вярнулася на яе пашчэнкі.
Сям'я Лявоны калі-нікалі складала для яе маленькі кошык з хлебам, сырам і аліўкамі, а Габрыэла, жонка Марыё, жанчына з каменным тварам, перадавала ёй бутэлечку мушкату, кажучы, што некаторыя п'юць яго, як Танізавальнае. Лявона запрасіла Сыньёру ў нядзелю да абеду і прыгатавала пасту Норма з бакляжанамі і памідорамі.
— Ведаеце, чаму гэтая паста завецца Норма, Сыньёра?
— Не, сыньёра Лявона. Баюся, што не.
— Таму што яна такая ж добрая і дастаўляе такую ж моцную асалоду, як опэра Беліні Norma.
— Які, вядома ж, быў сыцылійцам, — з гонарам скончыла Сыньёра.
Яны папляскалі яе па руцэ. Яна гэтулькі ведае аб іх краіне, іх вёсцы. Хто бы не захапляўся ёю?
Паола і Джаана, гаспадыні маленькай крамы керамікі, адмыслова для яе зрабілі гарлачык. Яны напісалі на ім Signora d’Irlandia. А зьверху прымацавалі маленькі кавалачак газу з пацеркамі па баках. Каб уначы яе вада заставалася сьвяжэйшай. Летняй сьпякотай ні пыл, ні мухі не патрапяць унутр.
Людзі прыходзілі і рабілі невялічкія паслугі для пажылой пары, у чыёй хаце яна жыла, каб Сыньёра не турбавалася аб падвышэньні платы.
Купаючыся ў гэтай шчырай любові і сяброўстве, яна зноў стала дужай і моцнай. Яна ведала, тут яе любяць, нават калі ёй адмоўлена ў любові там, у Дубліне, дзе ўсё часьцей складалі лісты, каб даведацца аб яе плянах.
У адказ яна пісала аб амаль казачным жыцьці ў Аннунцыяце, аб тым, як патрэбна яна тут, аб старых з другога паверху, што разьлічваюць на яе. Аб сям'і Лявоны, дзе часьцяком адбываюцца тлумныя згрызоты; яна вымушана хадзіць да іх кожную нядзелю абедаць, каб пераканацца, што яны яшчэ не забілі адно аднаго. Яна пісала аб гасьцініцы Марыё, і аб тым, як моцна залежыць ад турызму жыцьцё вёскі, таму жыхары робяць усё магчымае, каб прыцягнуць вандроўнікаў. Яе ўласная праца складаецца з ладжаньня экскурсій па навакольлях, і ёй атрымалася адшукаць цудоўнае месца, што можна далучыць да невялічкага маршруту. Свайго роду выступ, зь якога адчыняецца маляўнічы выгляд ўніз, на даліны, і ўверх, на суседнюю гару. Яна згадвала, што малодшы брат Марыё пабудаваў у тым месцы маленькую кавярню. Яна завецца Vista del Monte, выгляд на гару — наколькі лепей гэта гучыць па-італьянскі, хіба ня так? Яна выяўляла спагаду тату, які зараз бавіць вялікую частку часу ў шпіталі. Як слушна з боку бацькоў было разьвітацца з фэрмай і рушыць ў Дублін. Для маці ж, як яны кажуць, ужо складана самой уладкоўвацца нават з дублінскай кватэрай.
Яны штораз пісалі аб дадатковай спальні ў матчынай кватэры, а яна з той жа настойлівасьцю ігнаравала гэты тэмат, абмяжоўваючыся роспытамі аб здароўі бацькоў і зьдзіўляючыся дзівацтвам у працы пошты, маўляў, яна штомесяц пісала ім пачынаючы з 1969, а зараз ужо васьмідзесятыя, і за ўвесь гэты час бацькі не даслалі ёй аніводнага ліста. Вядома, адзіным тлумачэньнем таму можа служыць толькі тое, што лісты губляліся.
Брэнда горача ўхваляла яе.
— Разумная дзяўчынка. Ты цалкам зьбянтэжыла іх. Падаецца мне, цягам месяца ты атрымаеш ліст ад маці. Але трывай. Не ідзі ў іх на павадку. Яна ж не пісала табе, пакуль ты ёй не спатрэбілася.
Доўгачаканы ліст зьявіўся, і сэрца Сыньёры затрымцела ад выгляду знаёмага почырку. Так, знаёмага нават пасьля ўсіх гэтых гадоў. Зразумела было, што кожнае слова прадыктавана Хэлін і Рытай. У лісьце увішна абыходзіліся дванаццаць гадоў маўчаньня, упартай адмовы адказваць на далёкія маленьні самотнай дачкі. Усё сьпісвалася на «дагматычны падыход бацькі да маралі». Сыньёра слаба ўсьміхнулася, прачытаўшы гэты выраз. Яе маці ня здолела бы збудаваць такую фразу, прасядзі яна над аркушам хоць сто гадоў.