Напрыканцы ліста казалася: «Калі ласка, вяртайся дахаты, Нора. Вяртайся дахаты і жыві з намі. Мы б ня ўмешваліся ў тваё жыцьцё, але ты нам патрэбная, інакш мы бы ня сталі прасіць».
І пісаць бы яны інакш ня сталі, падумала Сыньёра. Як ні дзіўна, гэта ня стала для яе яшчэ большым ударам, усё адышло. Душа адбалела пасьля ліста Брэнды аб тым, што яна не хвалюе іх, ім проста патрэбен хтосьці, хто здолеў бы даглядаць за старымі.
Тут, сярод мірнай прыгажосьці, яна магла дазволіць сабе пачуцьцё жалю да іх. У параўнаньні з тым, што дало жыцьцё ёй, у яе ўласнай сям'і не было амаль нічога. Яна мякка растлумачыла, што ня здолее прыехаць. Калі яны чыталі яе лісты, дык разумеюць, як шмат у яе тут зараз абавязацельстваў. Вядома, калі б яны хоць раз за ўвесь час далі ёй ведаць аб сваім жаданьні лічыць яе часткай свайго жыцьця, яна па-іншаму бы будавала свае пляны, не ўключаючыся так у жыцьцё тага цудоўнага спакойнага месца. Адылі як магла яна ведаць, што яны паклічуць яе? Яны ж не падтрымлівалі зь ёй ніякіх адносін. Яна ўпэўненая, яны зразумеюць яе.
Ішлі гады.
Паміж рудых валасоў Сыньёры замільгалі сівыя. Але ў адрозьненьне ад цёмнавалосых жанчын, якія атачалі яе, сівізна ня старыла яе. Валосьсе проста падавалася выцьвілым на сонцы. Габрыэла зараз выглядала сапраўднай матронай. Яна сядзела за стойкай у гасьцініцы; пацяжэлы азызлы твар, вочы, значна больш падобныя на пацеркі, як тады, калі яны раўніва бліскалі праз piazza. Яе сыны выцягнуліся, зь імі стала цяжка ладзіць, гэта былі ўжо ня тыя цёмнавокія анёлачкі, якія сьпяшаліся выканаць любы загад.
Магчыма, Марыё таксама пастарэў, але Сыньёра тага ня бачыла. Ён прыходзіў у яе пакой — зараз ужо значна радзей, і часьцяком толькі дзеля таго, каб паляжаць побач, абняўшы яе.
На коўдры ўжо амаль не засталося абшару для новых гарадоў. Сыньёра зьмясьціла там мястэчкі і вёсачкі, што ёй падабаліся.
— Нельга гафтаваць Джыардыні-Наксас, гэтае маленечкае мястэчка, тут, сярод вялікіх гарадоў, — абураўся Марыё.
— Не, не кажы. Калі я ехала ў Таарміну, аўтобус спыняўся там, гэта цудоўнае месца … з сваёй атмасфэрай, сваім характарам, плоймай турыстаў. Не-не, яно павінна там быць. — А часам Марыё цяжка ўздыхаў над нягодамі, што апаноўвалі яго. Ён распавядаў ёй аб сваіх цяжкасьцях і наракаў на лёс. Яго другі сын зусім ад рук адбіўся. Яму ўсяго дваццаць, а ён імкнецца ў Нью-Ёрк. Але ж хлопец занадта малады, абавязкова зблытаецца там зь нейкай хеўрай. Вылезе ўсё гэта вомегам.
— Ён і тут знаецца зь ліхой кампаніяй. Магчыма, у Нью-Ёрку ён ня будзе такі самаўпэўнены, стане абачлівей. Дазволь яму зьехаць з тваім блаславеньнем, бо ён зьедзе ў любым выпадку.
— Ты вельмі, вельмі мудрая, Сыньёра, — мовіў ён, і павярнуўся, прытуліўшыся галавой да яе пляча.
Шырока расчыніўшы вочы, яна глядзела на цёмную столь і ўзгадвала час, калі ў тым жа пакоі ён зваў яе дурніцай, апошняй дурніцай, за тое, што яна рушыла сюды ўсьлед за ім. Сюды, дзе для яе не было будучыні. З гадамі ўсё гэта ператварылася ў мудрасьць. Як дзіўна ўладкаваны сьвет.
А потым зацяжарала дачка Марыё і Габрыэлі. Зусім не такога мужа, як гэты хлопчык, жадалі для яе бацькі. Навошта ёй вясковы жабрак, які мые чыгуны ў кухні гасьцініцы на piazza? Марыё прыйшоў у яе пакой і рыдаў над лёсам сваёй дачушкі, сваёй дзяўчыначкі, зусім яшчэ маленькай. Які сорам, якая ганьба.
Зараз 1994-ы, сказала яна яму. Нават у Ірляндыі гэта ўжо ня сорам і ня ганьба. Такое жыцьцё. Усё ўладкуецца. Можа, хлопчык здолее пачаць працаваць у Vista del Monte, трохі яго пашырыць, а там, глядзіш, знойдзе ўласную справу.
Гэта быў яе пяцідзесяты дзень нараджэньня, але яна нічога не сказала Марыё, нікому нічога не сказала. Сыньёра пагафтавала сабе канапавую падушачку з надпісам BUON COMPLEANNO, З Днём Народзінаў. Яна дакранулася да яе пасьля сыходу Марыё, ягоныя сьлёзы аб бязглуздай дачцэ ўжо высахлі. — Пэўна, я сапраўды дурная, калі ўсё гэта так палохала мяне раней?
Яна пазірала з свайго акна, як юная Марыя выходзіла замуж за працаваўшага на кухні хлапчука, у дакладнасьці як глядзела калісь на ідучых у царкву Марыё і Габрыэлю. Званілі на званіцы тыя ж званы, поўнячы, як і належыць званам, сваімі пералівамі схіл гары.
Цяжка ўявіць сабе, што ёй ужо пяцьдзесят. Яна не пачувалася ні на дзень старэй, як калі прыехала сюды. Яна ні аб чым не шкадавала. Ці шмат людзей ў гэтым або ў любым іншым месцы здольны сказаць тое самае?