Выбрать главу

І вядома, яе здагадкі апынуліся слушнымі. Марыя выйшла замуж за чалавека, які ня быў роўняй ёй і яе сям’і, але заганы кампэнсаваліся тым, што хлопчык дзень і ноч завіхаўся ў Віста дэль Монтэ. А калі людзі і пагавэндалі аб маладых, так ня больш за пару дзён.

Іх другі сын, зь якім не было згоды, зьехаў у Нью-Ёрк, і там не маглі зь яго нацешыцца. Ён працаваў у trattoria свайго стрыечнага брата і кожны тыдзень адкладаў грошы да таго дню, калі зможа набыць уласны лапік зямлі непадалёк ад бацькоўскай хаты ў Сыцыліі.

Сыньёра, кладучыся ў ложак, заўсёды пакідала прыадчыненым вакно, што выходзіла на пляц, таму яна адна зь першых пачула, калі браты Габрыэлі, дзябёлыя мужчыны сярэдніх гадоў, выбеглі з сваіх машын. Яна пачула dottore, што яны паднялі ў яго хаце. Сыньёра стаяла ў аконным ценю і назірала. Нешта здарылася, па-за ўсякім сумненьнем.

Яна спрабавала разгледзець, што адбываецца. Далібог, хай гэта ня будзе ніхто зь іх дзяцей. Яны ўжо прынесьлі гэтулькі клопату гэтай сям'і.

А потым яна ўбачыла на прыступках вялізную фігуру Габрыэлі. У начной сарочцы, з накінутай на плечы шаляй. Твар закрыты рукамі. І неба расчынілася ад яе крыкаў.

— МАРЫЁ, МАРЫЁ…

Гэты гук уварваўся ў навакольныя горы і спусьціўся ў даліны.

Гэты гук уварваўся ў спальню Сыньёры і праймаў яе сэрца ў той момант, калі ў яе на вачах яны паднялі з машыны ягонае цела.

Яна ня ведала, ці доўга прастаяла ля акна, скамянеўшы, але неўзабаве, калі заліты месячным сьвятлом пляц запоўніўся яго роднымі, суседзямі, сябрамі, ўсьвядоміла сябе сярод іх, зь нястрымна бягучымі па пашчэнках сьлязьмі. Яна бачыла яго твар у сіняках і драпінах. Ён ехаў дахаты зь вёсачкі непадалёк. Ён мінуў збочваньне. Машына перагарнулася шмат разоў.

Яна ведала, што павінна дакрануцца да ягонага твару. Нішто ў сьвеце не магло перашкодзіць ёй даткнуцца да яго, пацалаваць, як цалавалі яго сёстры, і дзеці, і жонка. Яна рухалася да Марыё, не заўважаючы нікога вакол, забыўшы аб гадах таямніцы і кансьпірацыі.

Амаль дабраўшыся да яго, яна адчула працягнутыя да яе рукі, і моцныя целы ў натоўпе адціснулі яе назад. Сыньёра Лявона, яе сяброўкі Паола і Джаана і, як ні дзіўна, два браты Габрыэлі. Яны адвялі яе ўбок, далей адтуль, дзе вачам жыхароў Аннунцыяты паўстала бы яе аголенае гора, пакінуўшы ў памяці вёскі яшчэ адну дзіўную падзею, ноч, калі Signora irlandese, страціўшы самавалоданьне, публічна прызналася ў сваім каханьні да ўладара гасьцініцы.

Уначы яна пабывала ў хатах, куды дагэтуль ніколі не зазірала. Людзі давалі ёй выпіць брэндзі, хтосьці гладзіў яе руку. З-за сьценаў гэтых хат да яе даносіліся стогны і малітвы, і часам яна падымалася, каб пайсьці і ўстаць ля яго цела, але ўсякі раз далікатныя рукі ўтрымлівалі яе.

У дзень яго хаўтураў яна сядзела бледная і спакойная ля свайго акна. Яе галава схілілася, калі ягоную труну вынесьлі з гасьцініцы і правялі праз пляц да царквы з фрэскамі і керамікай. Самотны і сумны звон поўніў паветра. Ніхто не зірнуў на яе вакно. Ніхто ня бачыў сьлёз, што беглі па яе твару і падалі на забыты ў яе на каленах гафт.

А пасьля ўсе вырашылі, што зараз яна павінна зьехаць, што надышоў час ёй вяртацца дахаты.

Памалу яна зразумела гэта. Сыньёра Лявона настойвала: — Перш, як вы зьедзеце, вы павінны пабываць са мной на крыжавым ходзе ў маім родным горадзе Трапані … вы зможаце распавесьці аб ім у сябе ў Ірляндыі.

Паола і Джаана падаравалі ёй вялікую талерку, якую зрабілі адмыслова да яе ад'езду: — Вы пакладзяце на яе ўсю садавіну, што расьце у Ірляндыі і талерка будзе нагадваць вам аб днях, праведзеных у Аннунцыяце. — Яны лічылі, што менавіта так яна і зробіць.

Але Сыньёра ня мела месца, куды магла бы рушыць, яна не жадала зьяжджаць. Ёй споўнілася пяцьдзесят, яна жыла тут з таго часу, як ёй яшчэ не было і трыццаці. Тут яна і памрэ. Аднойчы царкоўныя званы празвоняць і на яе пахаваньнях, грошы на тое прыгатаваныя ў маленькай разьбянай драўлянай шкатулачцы.

Таму яна не надавала ўвагі намёкам, што рабіліся ўсё адчувальней, і радам, гатовым сарвацца зь нецярплівых вуснаў.

Не надавала да той пары, пакуль яе не наведала Габрыэла.

Габрыэла перасекла пляц у сваёй цёмнай жалобнай вопратцы. Яе твар выглядаў такім старым, быццам скруха і смутак наклалі на яго свой адбітак. Раней яна ніколі не прыходзіла да Сыньёры. Яна пагрукала ў дзьверы, быццам тут яе чакалі. Сыньёра разгублена запрасіла госьцю ўвайсьці, прапанавала ёй трохі соку і вады, пасунула скрыначку печыва. Потым села і застыла ў чаканьні.

Габрыэла марудліва абышла абодва пакойчыка. Дакранулася да коўдры на ложку, затканай павуціньнем назваў.