— Цудоўная рэч, Сыньёра, — сказала яна.
— Вы занадта добрая да мяне, сыньёра Габрыэла.
У пакоі павісла доўгае маўчаньне.
— Як хутка вы зьбіраецеся назад, у сваю краіну? — нарэшце спытала Габрыэла.
— Там няма нікога, да каго мела б сэнс вяртацца, — проста адказала Сыньёра.
— Але і тут няма нікога. Нікога, дзеля каго вы маглі бы застацца. Ужо няма. — Габрыэла была непахісная.
Сыньёра хітнула, пагаджаючыся. — Але ў Ірляндыі, сыньёра Габрыэла, у мяне наогул нікога няма. Я прыехала сюды маладзенькай дзяўчынай, зараз я сталая жанчына, амаль на парозе старасьці. Я думала застацца тут. — Іх вочы сустрэліся.
— У вас тут няма ні сяброў, ні сапраўднага жыцьця, Сыньёра.
— Тут я маю шмат больш, як у Ірляндыі.
— У Ірляндыі вы здолееце пачаць жыцьцё спачатку. Там ваша сям'я, вашы сябры, якія будуць шчасьлівыя вашаму вяртаньню.
— Вы патрабуеце, каб я зьехала адсюль, сыньёра Габрыэла? — Пытаньне было зададзена вельмі прама. Яна проста жадала ведаць.
— Ён заўсёды казаў, што вы зьедзеце, калі ён памрэ. Ён гаварыў, вы зьедзеце да сабе, да сваіх блізкіх, і пакінеце мяне тут, з маімі блізкімі, аплакваць майго мужа.
Сыньёра ў зьдзіўленьні паглядзела на яе. Марыё даў гэтае абяцаньне ад яе імя, без усялякіх на то падстаў? — Ён сказаў, што я пагадзілася зрабіць гэта?
— Ён сказаў, што так будзе. І калі я, Габрыэла, памру, ён абяцаў, што не ажэніцца на вас, бо гэта выкліча скандал, маё імя будзе зьняважанае. Усе палічаць, што ён заўжды марыў ажаніцца на вас.
— І вам гэта даставіла задавальненьне?
— Не, тыя рэчы не дастаўлялі мне задавальненьня, Сыньёра. Я не жадала думаць аб сьмерці Марыё, альбо аб сваёй сьмерці. Але я меркавала, што гэта дае мне неабходнаю годнасьць. Дазваляе не баяцца вас. Тага, што вы застаняцеся тут, насупраць традыцый, разам са мной аплакваць таго, хто пайшоў.
Гукі пляца даляталі да іх. У гасьцініцу даставілі ялавічыну, фурманка з глінай пад'ехала, каб папоўніць запасы крамачцы керамікі, дзеці, сьмеючыся і гукаючы адно аднаго, прабеглі са школы дахаты. Брахалі сабакі, дзесьці сьпявалі птушкі. Марыё казаў ёй аб годнасьці і аб традыцыях, аб тым, наколькі важныя яны для яго і ягонай сям'і.
Ён быццам загаварыў зь ёй зараз з магілы. Даслаў ёй вестку, папрасіў зьехаць дахаты.
Вельмі ціха яна вымавіла: — Думаю, у канцы месяца, сыньёра Габрыэла. У канцы месяца я зьеду назад, у Ірляндыю.
Вочы другой жанчыны напоўніліся падзякай і палягчэньнем. Яна ўзяла рукі Сыньёры ў свае. — Я упэўненая, там вы будзеце значна шчасьлівей, значна спакайней.
— Так, так, — ледзь чутна вымавіла Сыньёра, дазволіўшы словам павіснуць у цёплым паўдзённым паветры.
— Si si … veramente.
Яна з напругай наскрэбла грошаў на дарогу. Некаторыя зь яе сяброў аб тым ведалі.
Сыньёра Лявона прыйшла і ўклала ёй у руку стопачцу лір. — Калі ласка, Сыньёра, калі ласка. Менавіта дзякуючы вам мае справы ідуць так добра, не адмаўляйце, вазьміце.
Тое ж зрабілі Паола і Джаана. Іх майстэрня ня здолела бы ўстаць на ногі, калі б не Сыньёра. — Зрабіце ласку, прыміце сымбалічныя камісійныя.
І пажылая пара, якой прыналежаў пакой, дзе пражыла яна амаль усё сваё сталае жыцьцё. Па іх словах яна гэтулькі палепшыла іх маёмасьць, што ёй належала некаторае кампэнсаваньне.
У дзень, калі прыйшоў аўтобус, каб адвезьці яе і яе рэчы ў горад, у якім зьмяшчаўся аэрапорт, Габрыэла выйшла на свой ганак. Яна нічога не сказала, як, зрэшты, і Сыньёра, але яны пакланіліся адна адной. Іх твары былі сумныя і паважлівыя. Некаторыя з тых, хто назіраў невялікую сцэну, ведалі, што за ёй пахавана. Яны ведалі, адна жанчына ўсім сэрцам дзякавала іншай і жадала ёй посьпеху ва ўсім, што чакае яе наперадзе. Пачуцьці тыя немагчыма было выказаць словамі.
Гарадзкі натоўп і шум прыгняталі. Аэрапорт поўніўся крыкамі і сумятнёй, не шчасьлівай, лёгкай сумятнёй Аннунцыяты, а колазваротам не прымячаючых адно аднаго людзей. Так будзе і ў Дубліне, калі яна дабярэцца туды, але Сыньёра вырашыла пакуль не разважаць аб тым.
Яна не будавала ніякіх плянаў. Лепей проста рабіць тое, што падасца слушным па прыедзе. Бессэнсоўна плянаваць у яе падарожжы тое, што ня можа быць сплянаванае. Яна нікому не паведаміла аб сваім прыезьдзе. Ні сям'і, ні нават Брэндзе. Спачатку знойдзе дах над галавой, агледзіцца, а ўжо потым вырашае, што рабіць далей.
У самалёце яна паспрабавала загаварыць з хлопчыкам. Яму было гадоў дзесяць, як малодшаму сыну Марыё і Габрыэлі, Энрыку. Аўтаматычна яна зьвярнулася да яго па італьянскі, але ён канфузьліва адвёў погляд.