Выбрать главу

Сыньёра паглядзела ў ілюмінатар. Яна ніколі не пазнае, што адбудзецца з Энрыкам, зь ягоным братам у Нью-Ёрку, зь яго сястрой, якая выйшла замуж за кухціка і перабралася ў Віста дэль Монтэ. Яна не пазнае, хто зойме яе пакой. І хто бы то ні быў, яму ніколі не пазнаць аб доўгіх гадах, праведзеных там ёю, і аб чыньніку яе ад'езду.

Быццам плывеш у адчыненым моры, ня ведаючы, што адбываецца ў пакінутай табой гавані і што чакае наперадзе.

У Лёндане яна адразу перасела на іншы самалёт. Ня мела сэнсу заставацца там на нейкі час. Не наведваць жа стары прытулак, у якім яна жыла з Марыё ў іншым жыцьці, альбо даўно забытых людзей і ледзь памятныя мясьціны. Не, пара ў Дублін. Што б там яе ні сустракала.

Як ўсё зьмянілася. Аэрапорт апынуўся значна, значна большым, як ёй прыгадвалася. Сюды прыбывалі людзі са ўсяго сьвету. Калі яна зьяжджала, большасьць міжнародных рэйсаў прымалі ў Шэнане. Яна не ўяўляла, што ўсё будзе настолькі іншым. Напрыклад, гасьцінец ў аэрапорт. Калісьці аўтобус пракладаў сабе шлях сярод жылых кварталаў; сёньня яны імчаліся па трасе, абапал акружанай кветнікамі.

Амэрыканка ў аўтобусе пацікавілася, дзе яна плянуе спыніцца.

— Пакуль не ўяўляю, — адгукнулася Сыньёра. — Штосьці знайду.

— Тутэйшая, ці ў госьці?

— Я зьехала адсюль шмат гадоў таму.

— Зусім як я … шукаю продкаў. — Амэрыканку апаноўвала захапленьне. Яна адвяла тыдзень на пошукі каранёў і меркавала, што тага мусіць цалкам хапіць.

— Зразумела, — кіўнула Сыньёра, заўважыў, як цяжка далося падабраць адпаведны адказ на ангельскай. Яна ледзь ня вымавіла certo. Як найграна прагучала б, зьбіся яна на італьянскі. Людзі вакол вырашылі бы, што ёй карціць пакрасавацца. Трэба сачыць за прамовай.

Сыньёра выйшла з аўтобуса і рушыла ўздоўж набярэжнай Ліффі да моста А’Конал. Вакол гаманілі зграйкі высокіх, упэўненых у сабе маладых людзей з усьмешкамі на вуснах. Дзесьці яна чытала аб амаладжэньні насельніцтва. Падаецца, там адзначалася, што палове краіны яшчэ няма дваццаці чатырох гадоў.

Яна не чакала ўбачыць гэтулькі відавочнае пацьверджаньне прачытанаму. Да таго ж іх вопратка зьзяла ўсімі колерамі вясёлкі. Да яе ад'езду на працу ў Англію Дублін быў шэрым і цьмяна-карычневым.

Зараз будынкі зіхацелі чысьцінёй; элегантныя, дарагія машыны соўгаліся па ажыўленых вуліцах, а ў яе ўспамінах пераважалі ровары ды аўтамабілі ня першай маладосьці. Яе ўвагу прыцягнулі расхінутыя дзьверы шыкоўных крам. Вока сьлізганула па часопісах. Маладзіцы з пышнымі грудзьмі на вокладках. Безумоўна, такое забаранялася, калі яна ў апошні раз была тут, а можа яна наогул жыла ў нейкай захмарнай краіне?

Па нейкім чыньніку яна працягвала ісьці ўздоўж Ліффі і пасьля моста А’Конал. Натоўп быццам нёс яе. На набярэжнай яна прыкмеціла Тэмпл Бар. Навакольле нагадвала Левы Бераг у Парыжы, дзе аднойчы, шмат гадоў таму, яна правяла з Марыё доўгі ўікэнд. Брукаваныя вуліцы, кавярні на вольным паветры, скрозь плойма маладых людзей, гукаючых адно аднаго і вітаючых знаёмых.

Ніхто не пісаў ёй, што Дублін стаў такім. Зрэшты, Брэнда, якая выйшла замуж за Навалачку і працавала ў куды больш рэспэктабэльным месцы, магла і не бываць на гэтых вулачках.

 Яе сёстры і іх безграшовыя шлюбнікі, браты і іх мямлі жонкі … тыя ўвогуле ня мелі дачыненьня да людзей, якія маглі б заўважыць Тэмпл Бар. Пазнай яны раптам аб ім, можна не сумнявацца, ў лепшым выпадку толькі ўзьнялі бы вочы да нябёс. Сыньёра захаплялася. Суцэльны новы сьвет, проста ў галаве не зьмяшчаецца. Урэшце яна прысела выпіць кубачак кавы.

Стольніца гадоў васямнаццаці, з доўгімі рудымі валасамі, рыхтык як у яе калісьці, прынесла ёй кавы. Яна прыняла Сыньёру за іншаземку.

— Адкуль вы? — запыталася яна, дбайна вымаўляючы словы.

— З Сыцыліі, гэта ў Італіі.

— Прыгожая краіна, але павінна вам сказаць, што не паеду туды, пакуль ня вывучу мову.

— Чаму так?

— Трэба знаць, аб чым гавораць хлопцы, бо немагчыма зразумець, як паступіць, калі дакладна ня ведаеш, што яны сказалі.

— Я не размаўляла па-італьянскі, калі прыехала туды, і, шчыра кажучы, ня ведала, ці слушна раблю, — адказала Сыньёра. — Але, як ні дзіўна, усё абвінулася вельмі добра. Не, больш як добра. Цудоўна.

— Шмат часу вы там прабылі?

— Шмат. Дваццаць шэсьць гадоў. — Яе голас прагучаў задуменна.

Дзяўчына, якая яшчэ і не нарадзілася, калі яна пусьцілася ў гэтую авантуру, паглядзела на яе са зьдзіўленьнем. — І ўвесь час заставаліся там? Вы, пэўна, любілі гэтае месца.

— Так, любіла.

— А калі вярнуліся?

— Сёньня.

Яна цяжка ўздыхнула і паспрабавала зразумець, падалося ёй, ці юначка паглядзела на яе трохі інакш, быццам зазначыла за ёй нейкія дзівацтвы. Сыньёра ўсьведамляла, што трэба сачыць за тым, каб не даваць зачэпак да зьдзіўленьняў. Не раняць італьянскіх словаў, не ўздыхаць, не вымаўляць дзіўных, няскладных фраз.