Выбрать главу

Дзяўчынка памкнулася адысьці.

— Выбачайце, падаецца, гэта цудоўны куток Дубліна. Ці няма тут месца, дзе я магла бы зьняць пакойчык, як вы лічыце? — Зараз дзеўчына дакладна ведала, што яна зь дзівацтвамі. Магчыма, людзі больш не гавораць пакоі. Можа, трэба казаць апартамэнты? Кватэру? Жыльлё? — Штосьці папрасьцей, — дадала Сыньёра.

Яна хмурна выслухала лекцыю аб тым, што гэта адзін з найфэшэнэбэльных раёнаў горада; усе прагнуць жыць менавіта тут. Тут месьцяцца найбольш шыкоўныя апартамэнты, поп зоркі купляюць гатэлі, бізнэсмэны ўкладаюць грошы ў шматкватэрныя гмахі, першыя паверхі апанавалі рэстарацыі. Гэта апошні піск.

— Зразумела. — Сёе-тое Сыньёра ўцяміла. Ёй прыйдзецца шмат што пазнаць аб горадзе, у які яна вярнулася. — І яшчэ, калі ласка, ці не параілі б вы, дзе варта шукаць месца, у якім можна спыніцца? Любое, апроч апошняга піску.

Юначка ў роздуме паківала галавой з доўгімі цёмна-рудымі валасамі. Падавалася, яна імкнецца зразумець, ці ёсьць у Сыньёры наогул грошы, ці зьбіраецца яна працаваць, каб хапала на жыцьцё, на які час затрымаецца там, дзе атабарыцца.

Сыньёра вырашыла дапамагчы ёй. — У мяне хопіць грошай на ложак і ежу на тыдзень, за той час я зьбіраюся знайсьці таннае мястэчка, магчыма такое, дзе здолею падзарабляць … напрыклад, прыглядаць за дзецьмі.

Дзяўчына вагалася. — Звычайна прыглядаць за дзецьмі ўсе наймаюць маладых, — растлумачыла яна.

— Альбо, мабыць, над рэстарацыяй, і працаваць у ёй?

— Шчыра кажучы, вам ня варта на гэтае спадзявацца … усе мы шукаем месцы такога кшталту. Іх нялёгка атрымаць.

Па твары прыемнай дзяўчынкі прамільгнула шкадоба, але Сыньёра павінна была як мага лепш скарыстацца момантам. Яна вырашыла трохі ажывіць гутарку, схаваць сваю разгубленасьць і паспрабаваць падаць сябе ў найлепшым сьвятле, не выглядаць старой небаракай зь мякінай у галаве.

— Гэта вашае імя тут, на хвартушку? Сьюзі?

— Так. Баюся, маці фанацела ад Сьюзі Кватра. — Яна заўважыла някемлівы погляд. — Сьпявачка, ведаеце? Калісьці яна была папулярная, хоць у Італіі аб ёй маглі і ня чуць.

— Напэўна, проста я ня памятаю. Сьюзі, дзетка, я не магу адняць у вас цэльны дзень сваімі цяжкасьцямі, але калі б вы падаравалі мне паўхвіліны і падказалі раёны патаньнее, зь якіх мела б сэнс пачаць пошукі, я была бы вам вельмі ўдзячная.

Сьюзі пералічыла назвы невялікіх мястэчак, прадмесьцяў, калі не сказаць вёсак, што ў час маладосьці Сыньёры знаходзіліся па-за рысай горада, а зараз, мусіць, ператварыліся ў буйныя працоўныя раёны. Палова людзей, якія жывуць там, здольны здаваць пакоі, калі іх дзеці ўжо пакінулі хату. Вядома, не афармляючы гэта афіцыйна. Але ня вельмі разумна згадваць, што яе ўласныя справы ідуць ня лепшай выявай. Прыкрыя нюансы лепей трымаць пры сабе.

— Вы вельмі добрая да мяне, Сьюзі. Але як, у вашым узросьце, вы гэтулькі ведаеце аб такіх рэчах?

— Я там вырасла, усё гэтае мне знаёма.

Ня варта злоўжываць цярпеньнем цудоўнага дзіцяці. Сыньёра пацягнулася за партманэтам, каб дастаць грошы за каву.

— Дзякуй вялікае за дапамогу — шчыра вам удзячная. Калі мне атрымаецца ўладкавацца, абавязкова зазірну іншы раз з маленечкім падарункам.

Сьюзі памарудзіла і прыкусіла губу, быццам на нешта вырашаючыся. — Як вас клічуць?

 — Я ведаю, гэта гучыць сьмешна, але мяне клічуць Сыньёра. Гэта ня тое імя, што запісана ў маіх дакумэнтах, але так яны клікалі мяне, і так мне падабаецца, каб мяне звалі.

— Вы сур'ёзна не ўяўлялі сабе, што гэта за месца?

— Увогуле. — Яе твар дыхаў шчырасьцю. Па-за ўсякімі сумненьнямі Сыньёра не разумела людзей, якія надаюць значэньне таму, што іх атачае.

— Ведаеце, я ня маю згоды з маёй сям'ёй, таму больш не жыву зь імі. Усяго пару тыдняў таму яны казалі, што някепска было б здаць камусьці мой пакойчык. Ён пустуе, і іх цалкам задаволілі б некалькі фунтаў на тыдзень — гатоўкай, вядома, і калі хтось будзе цікавіцца, вам трэба адказваць, што вы проста сяброўка … з-за падаткаў.

— Вы лічыце, у мяне ёсьць надзея? — твар Сыньёры празьзяў.

— Паслухайце, — Сьюзі турбавала, што яе кепска зразумелі. — Мы гаворым аб цалкам звычайнай хаце, што стаіць сярод такіх самых хат, трохі лепш, трохі горш … гэта аніякая ня ветласьць альбо штосьці такое. Яны безупынна балбочуць, ды яшчэ і крычаць адно на аднаго, і, вядома, там мой братка Джэры. Яму чатырнаццаць і ён жудасны.