Выбрать главу

— Мне проста патрэбна месца, каб спыніцца. Упэўненая, усё будзе цудоўна.

Сьюзі напісала адрэсу і распавяла, на які аўтобус сесьці. — Лепей спачатку прайсьціся па вуліцы і запытацца ў некалькіх чалавек, якія, я дакладна ведаю, ня здолеюць узяць вас, а потым, як бы выпадкова, зайсьці ў нашу хату і спытаць маіх. Перш за ўсё згадайце пра грошы і скажыце, што гэта ненадоўга. Вы ім спадабаецеся, яны рыхтык казалі аб кімсьці сталым і сур'ёзным. Яны возьмуць вас, але не распавядайце, што вы ад мяне.

Сыньёра ўважліва паглядзела на яе. — Ім не падабаецца ваш хлопец?

— Хлопцы, — удакладніла Сьюзі. Бацька кажа, я распусьніца, але, калі ласка, не імкніцеся пераканаць яго, калі будзеце зь ім размаўляць, іначай яны адразу скемяць, што вы са мной сустракаліся. — Выраз твару Сьюзі зрабіўся зусім журботным.

Сыньёру зацікавіла, ці быў яе ўласны твар такі ж журботны у тыя далёкія гады, калі яна зьбіралася на Сыцылію.

Аўтобусная шыба давала добры агляд. Дзіўна, як вырас горад, што яна калісьці лічыла сваім. У гусьцеўшым зьмярканьні дзеці гулялі на вуліцах, апанаваных транспартам, а месцамі давалі нырца глыбей, у невялікія садкі, кружылі на роварах, заяжджалі і выяжджалі праз весьнічкі кветнікаў.

Сыньёра зьвярталася ў хаты, азначаныя Сьюзі. Тыпова дублінскія мужчыны і жанчыны адказвалі ёй, што ў іх няма лішняга месца.

— Не маглі б вы кагось параіць? — пытала яна.

— Паспрабуйце зазірнуць да Селіванаў, — нарэшце даў хтосьці рады.

Зараз у яе зьявілася падстава. Яна пагрукала ў дзьверы. Ці стане гэтае месца яе новым домам? Ці знойдзе яна адпачынак пад гэтай страхой у надзеі, што боль ад страты яе жыцьця ў Аннунцыяце паволі аціхне? Ня толькі чалавек, якога яна кахала, усё яе жыцьцё, яе лёс, яе хаўтуры са званамі, што зазьвіняць па ёй, усё страчана. Яна павінна пакуль не ўпускаць гэты куток ў сваё сэрца, на выпадак, калі яны адмовяць.

Дзьверы адчыніў Джэры з набітым ежай ротам. Рудыя валасы, твар у рабаціньні, у руцэ лусьцік.

— Ну? — працадзіў ён, жуючы.

— Магу я, калі ласка, паразмаўляць з тваімі маці альбо татам?

— Аб чым? — спытаў хлопец.

Мусібыць, у гэтай хаце так заведзена вітаць людзей, якіх бачаць упершыню.

— Ці нельга зьняць у вас пакой? — пачала Сыньёра. Яна ведала, там, усярэдзіне, яны адхіліліся ад тэлевізара і імкнуцца пачуць, што адбываецца на ганку.

— Пакой тут? — вымавіў Джэры з такім недаверам, што Сыньёра задумалася. Хлопчык, верагодна, мае рацыю. Яе жаданьне падаецца дурасьцю. Але ўрэшце, усё яе жыцьцё ёсьць чарга дурасьцяў. Навошта спыняцца зараз?

— Так можна зь імі пагаварыць?

Бацька хлапчука падышоў да дзьвярэй. Буйны мужчына з пучкамі валасоў, што тырчалі абапал галавы, быццам ручкі, за якія яго можна падняць. Прыкладна яе веку, прыкінула Сыньёра, з чырвоным тварам, выглядаўшым так, нібы гады зь лішкам спаганялі зь яго сваю даніну. Ён выцер далоні аб свае нагавіцы, як калі б зьбіраўся павітацца за руку і падазрона пацікавіўся. — Чым магу дапамагчы?

Сыньёра растлумачыла, што жадае зьняць пакой у гэтым раёне, і што Квінсы з дваццаць другога нумара паслалі яе сюды, на выпадак, калі ў іх знойдзецца вольны пакой. Узьнікала ўражаньне, кшталтам яна знаёмая з тымі Квінсамі. Усё ж некаторая рэкамэндацыя.

— Пэгі, падыдзеш сюды? — паклікаў ён. І кабета са стомленымі, цёмнымі ценямі пад вачыма і прамымі валасамі, запраўленымі за вушы, выйшла, палячы і кашляючы адначасова.

— У чым справа? — няветла паведамілася яна.

Гучала не занадта шматспадзёўна, але Сыньёра паўтарыла свой аповяд.

— А чаму вы шукаеце пакой менавіта ў гэтым раёне?

— Я доўгі час пражыла далёка ад Ірляндыі і зараз ведаю тут ня вельмі шмат месцаў, але мне трэба дзесьці жыць. Я і не ўяўляла, што жыльлё так падаражэла, і … апроч … адсюль бачныя горы, — скончыла яна.

Па нейкім чыньніку гэта, падаецца, задаволіла іх. Магчыма, таму, што было так прастадушна.

— Мы ніколі не пускалі кватарантаў, — сказала жанчына.

— Вы ад мяне ніякага амбарасу не атрымаеце, буду сядзець у сваім пакоі.

— Сьнедаць з намі не зьбіраецеся? — Мужчына хітнуў на стол з талеркай тоўстых неапэтытных лусьцікаў. Масла пакінутае ў пачцы, малако ў пляшцы.

— Не-не, дзякую. Спадзяюся набыць электрычны імбрык, ем я галоўным чынам салаты, і хутчэй за ўсё адолею абзавесьціся электрапліткай. Ведаеце, поліўку падцяпліць.

— Вы нават не паглядзелі пакой, — зьдзівілася жанчына.

— Ці можаце вы мне яго паказаць? — Яе голас прагучаў мякка, але рашуча.

Разам яны падняліся па лесьвіцы пад позіркам Джэры, які застаўся ўнізе.