Яе правялі ў маленькі пакойчык з рукамыйніцай. Пустая шафа і пустыя кніжныя паліцы, аніводнага малюнка на сьценах. Ня шмат захавалася памяці аб гадах, што правяла тут прыгожая, далікатная ўладальніца доўгіх цёмна-рудых валасоў і зіготкіх вачэй.
За акенцам шарэла. Пакой месьціўся ў задняй палове хаты і выходзіў на пустку, якая неўзабаве, пэўна, запоўніцца новымі хатамі, але пакуль паміж вакном і гарой нічога не было.
Які адгэтуль цудоўны выгляд, — уздыхнула Сыньёра. — Я жыла ў Італіі, там кажуць Віста дэль Монтэ, выгляд на гару.
— Так завецца школа, у якую ходзіць наш малы, Выгляд-На-Гару, — зазначыў буйны мужчына.
Сыньёра ўсьміхнулася яму. — Калі вы пагадзіцеся ўзяць мяне, спадарыня Селіван, спадар Селіван … мяркую, я буду жыць у выдатным месцы.
Яна адзначыла, як яны абмяняліся поглядамі, зьдзіўляючыся, ці ўсё добра ў яе з галавой і ці варта ўпускаць яе ў хату.
Ёй паказалі ванную. Яны прыбяруць тут трохі, паабяцалі гаспадары, і вылучылі аплік для яе ручніка.
Гаворка працягнулася ўнізе, прычым, падавалася, яе надзвычайная мяккасьць прымусіла іх паводзіць сябе неяк інакш, як заўсёды. Мужчына прыбраў ежу са стала, жанчына адклала цыгарэту, выключыла тэлевізар. Хлопчык прымацаваўся ў далёкім кутку, зь цікавасьцю назіраючы за ўсімі.
Праз дарогу ад іх ёсьць пара, якая жыве з таго, што інфармуе падатковую паліцыю аб бізнэсе суседзяў, растлумачылі яны. Калі зьявяцца тыя аматары тыцкаць нос у чужое проса, ёй трэба прадстаўляцца сваячкай. Тады ніхто ня зможа дакласьці, што тут пускаюць жыхароў за плату.
— Мабыць, ятроўкай? — Сыньёру, падавалася, усхвалявала думка аб адгаворках.
Яна распавяла ім, што шмат гадоў пражыла ў Італіі, што ў яе ёсьць нейкая колькасьць фатаздымкаў Папы і Сьвятых Месцаў, якія яна павесіць на сьцяну, і дадала, што яе італьянец-муж памёр кагадзе, пасьля чаго яна і вырашыла вярнуцца дахаты, у Ірляндыю, каб тут уладкоўваць сваё жыцьцё.
— У вас тут няма сям'і?
— Ёсьць некалькі сваякоў. У сваё час я наведаю іх, — адказала Сыньёра, у якой у гэтым горадзе жылі маці, бацька, дзьве сястры і два брата.
Час сёньня цяжкі, падзяліліся яны. Джымі — кіроўца, хапаецца за любую працу, водзіць таксоўку, пераганяе фуры, усё што падгорнецца, а Пэгі — касірка ў супэрмаркеце.
Пасьля гутарка перайшла да пакоя наверсе.
— Пакой прыналежыць камусьці з чальцоў сям'і? — даволі нясьмела пацікавілася Сыньёра.
Гаспадары распавялі аб дачцэ, якая аддае перавагу жыцьцю бліжэй да цэнтру. Затым абмеркавалі грашовае пытаньне, і яна паказала ім свой партманэт. Яе грошай хапала на пяць тыдняў платы. Яна пацікавілася, ці ўлагодзіць іх аванс за месяц.
Селіваны з турботай пераглянуліся паміж сабою. У іх выклікалі падазроны людзі не ад гэтага сьвету, гатовыя паказаць зьмесьціва свайго партманэту першаму сустрэчнаму.
— І гэта ўсё, што ў вас ёсьць?
— Гэта ўсё, што ў мяне ёсьць зараз, але ў мяне будзе больш, калі я знайду працу. — Падавалася, Сыньёру ніколькі не бянтэжыць такое становішча спраў. Яны вагаліся. — Бадай, мне лепш пачакаць звонку, пакуль вы будзеце раіцца? — прапанавала яна і накіравалася ў садок за хатай разглядаць далёкія горы, якія нехта, хутчэй, назваў бы ўзвышшамі. Яны не былі абрывістымі, суровымі і сінімі, як яе горы, там, у Сыцыліі.
Там, у Аннунцыяце, людзі займаюцца сваімі справамі. Ці думае нехта зь іх аб Сыньёры, аб тым, дзе прытуліць яна сваю галаву сёньня ўначы?
Селіваны падышлі да дзьвярэй, рашэньне было прынятае.
— Карацей кажучы, і ўсё такое, лічу, вы пажадаеце адразу застацца, калі будзеце тут жыць, так? — выступіў ад твару сям'і Джымі Селіван.
— Безумоўна, сёньня ўвечар было б шыкоўна, — пацьвердзіла Сыньёра.
— Што ж, можаце асталявацца на тыдзеньчык і калі мы спадабаемся вам, а вы спадабаецеся нам, мы паразмаўляем аб тым, каб падоўжыць гэты тэрмін, - падсумавала Пэгі.
Сыньёра празьзяла. — Grazie, grazie, — вырвалася ў яе перш, як яна змагла пракантраляваць сябе. — Я так доўга жыла там, разумееце, — пачала выбачацца яна.
Ім не зьвярзлося, яна відавочна трошкі эксцэнтрычная.
— Хадзем наверх, дапаможаце мне паслаць ложак, — прапанавала Пэгі.
Юны Джэры бязмоўна праводзіў іх поглядам.
— Я ня буду ў цяжар, Джэры, — зьвярнулася да яго Сыньёра.
— Чаму вы назвалі мяне Джэры? — спытаў ён.
Вядома, гэта было памылкай зь яе боку, але Сыньёра вырашыла не здавацца.
— То ж тваё імя, — проста адказала яна.
І, падаецца, гэта яго задаволіла.
Пэгі выцягнула прасьціны і коўдры. — У Сьюзі ёсьць гафтаваная капа для пасьцелі, але яна ўзяла яе з сабою, калі сышла.