Выбрать главу

— Вы нудзіцеся па ёй?

— Раз на тыдзень яна прыходзіць, але звычайна калі яе бацькі няма. Яны ніколі не знаходзілі агульнай мовы, яшчэ з таго часу, як ёй споўнілася гадкоў дзесяць. Шкада, вядома, але так склалася. Для яе лепш жыць асобна, як штодзень лаяцца з бацькам.

Сыньёра выцягнула коўдру з гафтаванымі назвамі італьянскіх мястэчак і гарадоў, якую ў дарогу загарнула ў папяросную паперу і выкарыстала, каб зьберагчы крохкі гарлачык. Яна была радая распакаваць свой няхітры скарб пры Пэгі Селіван, даць той упэўніцца, якое бездакорнае і бяскрыўднае яе жыцьцё.

Вочы Пэгі акругліліся ад зьдзіўленьня.

— Адкуль у вас такі цуд? Якое хараство. — Яна не магла адвесьці вачэй.

— Я гафтавала яго сама доўгія гады, дадаючы назвы там ды тут. Зірніце, гэта Рым, а вось Аннунцыята, тое месца, дзе я жыла.

У Пэгі ў вачах зьявіліся сьлёзы. — Вы зь ім ляжалі пад гэтай … як сумна, што ён памёр.

— Так, так і было.

— Ён доўга хварэў?

— Не, няшчасны выпадак.

— Ці ёсьць у вас яго фатаздымак? Мабыць паставіць тутака? — Пэгі папляскала па вечку камоды.

— Не, у мяне няма фатаграфіі Марыё. Яго выява толькі ў маім сэрцы і ў маёй памяці.

Гэтыя словы павісьлі між імі.

Пэгі Селіван вырашыла перапыніць маўчаньне. — Узгадаеце мае словы, з гэтакімі здольнасьцямі вы нядоўга будзеце сядзець бяз працы. Штосьці абавязкова знойдзецца.

— Ніколі ня думала зарабляць на жыцьцё швівам. — Сыньёра выглядала ўвогуле адсутнай.

— Чым жа вы зьбіраецеся заняцца?

— Мабыць выкладаць, ці вадзіць экскурсіі. У Сыцыліі я часам прадавала гафт, невялікія сурвэткі, турыстам. Але сумнеўна, што хтосьці стане купляць іх тут.

— Магчыма, мела б сэнс гафтаваць трылісьнік і арфу, — выказала здагадку Пэгі. Але ні адна зь іх зараз ня мела жаданьня зьвяртаць шмат увагі на тыя думкі. Яны скончылі з пакоем. Сыньёра павесіла свае некалькі сукенак і падавалася цалкам усім здаволенай.

— Дзякуй, што так хутка далі мне новы прытулак. Я ужо сказала вашаму сыну, са мной ня будзе праблем.

— Не зьвяртайце да яго ўвагі, ён дастатковая праблема для ўсіх нас, лайдак нядбайны. Аж сэрца крывёю абягае. Добра хоць Сьюзі разумніца, а гэты хлопец скончыць у рыві.

— Упэўненая, у яго проста такі пэрыяд. — Сыньёра размаўляла так, як гаварыла з Марыё аб яго сынах, суцяшаючы, усяляючы надзею. Казала тое, што трэба пачуць бацькам.

— Нешта гэты пэрыяд занадта зацягнуўся. Паслухайце, можа вы спусьціцеся і вып'еце з намі перад сном па глыточку?

— Не, дзякуй. Стамілася я. Лепш мне адразу легчы.

— Але ў вас нават імбрыка няма, каб зрабіць сабе філіжанку гарбаты.

— Шчыры дзякуй, усё сапраўды выдатна.

Пэгі пакінула яе і спусьцілася ўніз. Джымі глядзеў спартовы канал. — Зрабі крыху цішэй, Джымі. Жанчына стамілася, увесь дзень правяла ў дарозе.

— Ну вось, пачынаецца, рыхтык як у той час, калі гэтыя двое былі немаўлятамі, ша тут, ш-ш-ш там.

— Зусім не, да таго ж табе ня менш майго патрэбныя яе грошы.

— Нейкая яна дзіўная. Ты штосьці пазнала аб ёй?

— Кажа, што была замужам і што яе муж загінуў.

— А ты, відаць, не даеш ёй веры?

— Разумееш, у яе няма яго фота. І не выглядае яна замужняй. У яе на ложку такая рэч, накшталт убора сьвятара. Коўдра. Калі ты замужам, у цябе ніколі ў жыцьці ня хопіць часу зрабіць такое.

— Ты зашмат чытаеш і занадта часта сэрыялы глядзіш, вось табе і падаецца ўсялякая бздура.

— Але, Джымі, з галавой у яе кепска, яна трохі кранутая.

— Ці наўрад яна стане ганяцца за намі зь сякерай.

— Не, адылі падаецца мне, яна былая манашка, нешта ў ёй такое ёсьць. Кажу табе, вось кім яна была. А можа і ёсьць. У нашы дні нічога не зразумееш.

— Мабыць, — Джымі задумаўся. — На выпадак, калі яна манашка, ня варта пры ёй занадта распаўсюджвацца аб прыгодах Сьюзі. Яна адгэтуль у момант зьедзе, калі пазнае, што за кветачку мы выгадавалі.

Сыньёра стаяла ў акна і глядзела на горы за пусткай.

Ці стане калісьці гэтае месца яе домам?

Ці выстаіць яна, убачыўшы маці і бацьку хваравітымі і бездапаможнымі?

Ці адолее дараваць ім пагардлівасьць і халоднасьць, адсутнасьць лістоў ад іх пасьля таго, як яны зразумелі, што яна не зьбіраецца пакорліва вярнуцца дахаты і ўсьперці на свае плечы ўсе клопаты аб іх?

Ці застанецца яна ў гэтай абтрапанай хацінцы зь яе шумнымі насельнікамі, панурым хлапчуком, наравістай дачкой? Сыньёра ведала, што здолее зладзіць з гаспадарскай сям'ёй, зь Селіванамі, якіх ніколі да сёньняшняга дню не сустракала.

Яна паспрабуе выправіць адносіны паміж Сьюзі і яе бацькам. Знойдзе магчымасьць абудзіць цікавасьць да вучобы ў гэтага змрочнага дзіцяці. Зь цягам часу падсячэ фіранкі, зацыруе падушкі ў гасьцёўні, аблямуе стужкай пруга ручнікоў ў ваннай. Але будзе рабіць гэта паволі. Гады жыцьця ў Аннунцыяце навучылі яе цярпеньню.