Выбрать главу

Яна ня пойдзе заўтра глядзець на матчыну хату, ня стане пакуль наведваць установу, у якой жыве бацька.

Яна сходзіць да Брэнды і Навалачцы, і ня будзе забываць клікаць яго Патрыкам. Не выключана, ім будзе нават больш прыемна сустрэцца зь ёй пасьля таго, як яны зразумеюць, што яна ўжо знайшла сабе прытулак і шукае працу. Можа, яны нават здолеюць прапанаваць ёй штосьці у сваёй рэстарацыі. Яна магла бы мыць посуд і чысьціць гародніну на кухні, як той хлопчык, які ажаніўся на дачцэ Марыё.

Сыньёра распранулася і памылася, потым накінула белую начную кашулю з бутончыкамі руж, пагафтаванымі вакол выраза. Марыё яны падабаліся; яна памятала, як яго рукі дакраналіся да бутонаў, перш як пачаць дакранацца да яе цела.

Марыё спачывае зараз на могілках, што схаваліся паміж далін і гор. Урэшце ён добра пазнаў яе, ведаў, што яна паслухаецца ягонай рады пасьля яго сьмерці, хоць пры яго жыцьці тага і не рабіла. А увогуле ён, верагодна, быў рады, што яна засталася, рады, што яна прыехала і пражыла ў яго вёсцы дваццаць шэсьць гадоў, і ён быў бы рады пазнаць, што яна зьехала, як ён таго жадаў, даўшы ягонай ўдаве годнасьць і павагу.

Як часта яна рабіла яго шчасьлівым пад гэтай самай коўдрай, у гэтай самай сарочцы. Рабіла шчасьлівым, слухаючы аб ягоных турботах, пагладжваючы па галаве, даючы рады і спачуваючы.

Яе ўвагу прыцягнуў дзіўны брэх незнаёмага сабакі і крыкі дзяцей. Хутка яна засьне, а з раніцы пачнецца яе новае жыцьцё.

Брэнда заўсёды праходзіла па абедзеннай зале Квеньціна апоўдні. Так было заведзена. Звон бліжэйшай царквы плыў над Дублінам, зрэдку прыпыняўшымся, каб адказаць малітвай, як рабілі людзі, калі Брэнда была дзяўчынкай. Яна заўжды насіла аднатонныя сукенкі з накрухмаленым чысьцюткім беленькім каўнерыкам. Абавязкова асьвяжыўшы макіяж, яна дбайна правярала кожны столік. Стольнікі ведалі, усё павінна быць бездакорна. Брэнда прытрымлівалася вельмі высокіх стандартаў. Спадар Квеньцін, які жыў замежжам, заўсёды казаў, што яго імя на добрым рахунку ў Дубліне цалкам дзякуючы Брэндзе і Патрыку, і Брэнда жадала, каб так заставалася і далей.

Вялікая частка пэрсаналу працавала тут ужо даўно, яны добра ведалі адно аднаго і дзейнічалі як суладная каманда. Сталым наведвальнікам падабалася, каб да іх зьвярталіся па імі, і Брэнда падкрэсьлівала, як важна памятаць аб заўсёдніках усё да дробязі. У іх сьвята? Напісалі новую кнігу? Радыя ўбачыць сваю фатаграфію ў Айрыш Таймс па выпадку перамогі іх каня на скачках?

Хоць яе муж Патрык меркаваў, што яны прыходзяць сюды паесьці, Брэнда ведала, іх кліенты прыходзяць дзеля сардэчнага прыёму і выдатнага абслугоўваньня. Зашмат гадоў правяла яна, дагаджаючы людзям, якія былі нікім, назіраючы, як яны ператвараліся ў кагосьці і заўжды памяталі добры прыём, што ім аказвалі ў Квеньціне. Менавіта дзякуючы таму іх абеды ішлі нарасхват нават калі рэжым эканоміі азначаў цяжкія поры і дзягі прыходзілася зацягаць як найтужей.

Брэнда папраўляла кветкі на століку побач акна, калі пачула, як адчыняюцца дзьверы. Ніхто не прыходзіць да іх у такі раньні час. Дублінцы аддаюць перавагу позьнім падабедам. У Квеньціне ніколі нікога ня бачна аж да паловы на першаю.

Жанчына гадоў пяцідзесяці нерашуча пераступіла парог. Густыя, кранутыя сівізной валасы, усё яшчэ рудыя, зьлёгку схопліваў пярэсты шалік, што добра пасаваў да доўгай карычневай спадніцы, амаль што да лыткаў, і старамоднага жакету. Так апраналіся ў сямідзесятыя. Незнаёмка не выглядала ні патрапанай, ні залішне моднай, проста цалкам незвычайнай. Яна амаль параўнялася з Нэл Данн, якая ужо заняла сваё месца за касай, калі Брэнда зразумела, хто перад ёй.

— Нора А’Донах'ю! — усхвалявана выгукнула яна. Суцэльнае жыцьцё мінула з той пары, як яна бачыла сваю сяброўку. Маладзенькія стольнікі і спадарыня Данн уразіліся, убачыўшы Брэнду, бездакорную Брэнду Брэнан, бягучую праз залю абняць гэтую сьціплую наведвальніцу. — Божачка ж мой, ты сапраўды пакінула гэтую дзіру, ты сапраўды села ў самалёт і вярнулася дахаты.

— Я вярнулася, так, — пацьвердзіла Сыньёра.

Нечакана Брэнда ўстрывожылася. — Гэта не … я маю на ўвазе, твой бацька не памёр і нічога такога?

— Не. Колькі я ведаю, не.

— Значыцца, ты не зьбіраесься вярнуцца да іх?

— Не, і ў думках няма.

— Выдатна, я ведала, ты вытрываеш. А зараз скажы мне, як каханьне твайго жыцьця?

І тут твар Сыньёры зьмяніўся. Усе фарбы і, падавалася, само жыцьцё пакінулі яго. — Ён памёр, Брэнда. Марыё памёр. Загінуў на дарозе, на збочваньні. Зараз ён на аннунцыяцкім цьвінтару.