Выбрать главу

Нават вымавіць гэта апынулася ёй ня ў моц; падавалася, яна вось-вось зьнепрытомнее. Праз сорак хвілін тут будзе безьліч народу. Брэнда Брэнан, твар Квеньціна, павінна прымаць наведвальнікаў, а не плакаць зь сяброўкай над страчаным каханьнем. Яна хутка цяміла. Асобны кабінэт, што яна звычайна пакідае для парачак або для людзей, жадаючых паабедаць адасоблена. Яна праводзіць Нору туды. Пасадзіць сяброўку за столік і загадае прынесьці вялікі келіх брэндзі і шклянку вады зь лёдам. Штосьці з гэтага напэўна дапаможа.

Звыклай рукой яна зьмяніла сьпіс зарэзэрваваных месцаў і аддала Нэл Данн скапіяваць новы варыянт.

Нечаканыя падзеі амаль празьмерна зацікавілі Нэл. — Мы нешта можам зрабіць, каб дапамагчы … сытуацыі, пані Брэнан?

— Так, дзякуй, Нэл. Размножце новы плян рассадкі, упэўніцеся, што стольнікі атрымалі яго і што на кухні маюць копію. Дзякую. — Яна гаварыла хутка і падкрэсьлена ветліва. Часам Нэл Данн злавала яе, хоць яна ніколі не магла зразумець, чым.

А пасьля Брэнда Брэнан, вядомая сярод пэрсаналу, ды і сярод наведвальнікаў, як Ледзяная Панна, пайшла ў асобны кабінэт і ўволю наплакалася з сваёй сяброўкай над сьмерцю тага Марыё, чыя жонка перасекла пляц, каб загадаць Норы ехаць дахаты, туды, адкуль яна родам.

Гэта быў жах, але гэта быў і сапраўдны раман. У нейкі момант Брэнда з зайздрасьцю паспрабавала ўявіць, як гэта, кахаць так безаглядна, не задумваючыся аб наступствах, не плянуючы будучыню.

Наведвальнікам ніяк ня ўбачыць Сыньёру ў кабінэце, гэтак жа, як недасяжныя іх позіркам Прэм'ер-Міністар з сваёй сяброўкай, якія часьцяком абедаюць тут, альбо паляўнічыя за галовамі, частуючыя падабедам жаданых кандыдатаў з кампаній-спаборнікаў. Цалкам бясьпечна пакінуць яе тут адну.

Брэнда прамакнула вочы, выправіла макіяж, распрастала каўнерык і адправілася на баявы пост. Сыньёра, час ад часу аглядаючыся вакол, са зьдзіўленьнем назірала за сваёй сяброўкай, эскартуючай да столікаў багатых, упэўненых у сабе людзей, не забываючы пры тым распытваць іх аб сям'і, аб справах … А кошты ў мэню! На такія сродкі ў Аннунцыяце можна карміць сям'ю цэльны тыдзень. Дзе толькі людзі бяруць грошы?

— Шэф сёньня мае невялічкую партыю сьвяжэйшай камбалы-ромб, ён яе ўзмоцнена рэкамэндуе, яшчэ ёсьць рагу зь лясных грыбоў … зрэшты, пакідаю ўсё на вашае меркаваньне, Чарльз падыдзе прыняць замову, калі вы будзеце гатовыя.

Як Брэнда навучылася так размаўляць, зваць Навалачку Шэфам з адценьнем глыбокай павагі, трымацца так прама? Быць настолькі ўпэўненай у сабе? Пакуль Сыньёра жыла, імкнучыся быць сьціплай, трымацца ў цені, іншыя не стаялі на месцы. Гэтаму ёй прыйдзецца навучыцца ў яе новым жыцьці. Калі яна мае намер выжыць.

Сыньёра высмаркалася і прымусіла сябе сесьці роўна. Годзе горбіцца ды спалохана вытрэшчвацца на мэню. Лепш замовіць салату з памідораў і яшчэ біфштэкс. Яна ўжо тысячу гадоў ня ела мяса. Яе бюджэт не дазваляў тага, і хутчэй за ўсё, ніколі не дазволіць. Яна прыплюшчыла вочы, адчуваючы, што амаль губляе прытомнасьць ад коштаў у мэню. Але ж Брэнда настойвала, каб яна замовіла усё, што ёй спадабаецца, гэта будзе абед па выпадку яе вяртаньня дахаты. Без усялякіх просьбаў на стале зьявілася бутэлечка Кьяньці. Сыньёра прымусіла сябе не шукаць у мэню кошт. Гэта падарунак, і яна павінна прыняць яго.

Толькі пачаўшы есьці, яна зразумела, як выгаладалася. Яна ледзь дакранулася да ежы ў самалёце, занадта была ўзбуджаная, сваволілі нэрвы. І напярэдадні ў Селіванаў нічога не вячэрала. Салата з памідораў апынулася цудоўная. Талерку ўпрыгожваў сьвежы базылік. Калі яны тут, у Ірляндыі, навучыліся гэтакім рэчам? Біфштэкс падалі выдатны, гародніны хрумсткія і цьвёрдыя, не разьмяклыя і плаваючыя ў вадзе, якімі, яна лічыла, яны толькі і бываюць, пакуль у Італіі не навучылася гатаваць іх як трэба.

Скончыўшы зь ежай, Сыньёра адчула прыліў сіл.

— Усё добра, больш я не расплачуся, — сказала яна, калі натоўп схлынуў і Брэнда прымасьцілася насупраць яе.

— Ты не павінна вяртацца да маці, Нора. Мне ня варта ўставаць паміж вамі, але ж яна сапраўды не была табе маці, калі табе яе неставала, чаму ты павінна быць ёй дачкой, калі ёй гэта спатрэбілася?

— Не-не, я не выпрабоўваю ніякага жаданьня ўсьперці усё на сябе.

— Дзякуй Богу, — уздыхнула з палягчэньнем Брэнда.

— Але мне неабходна праца, сродкі да існаваньня. Табе не патрэбен хтосьці чысьціць бульбу, прыбіраць альбо што яшчэ такога кшталту?

Брэнда мякка растлумачыла сяброўцы, што нічога не атрымаецца, у іх ёсьць моладзь, стажоры. Калісьці яны і самі былі стажорамі. Да таго як … ну, да таго, як усё зьмянілася.