Выбрать главу

— У любым выпадку, Нора, у цябе занадта высокая кваліфікацыя. Ты магла бы заняцца рознымі рэчамі, напрыклад працаваць у офісе, выкладаць італьянскі.

— Не, я занадта старая, вось у чым цяжкасьць. Я ніколі не друкавала на машынцы, ўжо ня кажучы аб кампутары. І для выкладаньня ў мяне няма ніякай адукацыі.

— Ва ўсялякім выпадку, ты павінна ўстаць на біржу, каб атрымаць трохі грошай. — Брэнда заўсёды адрозьнівалася практычнасьцю.

— На біржу?

— Каб атрымоўваць дапамогу, дапамогу па беспрацоўі.

— Я не магу, ня маю правы.

— Маеш. Ты ж ірляндка, хіба не?

— Але я так доўга не жыла тут, я не плаціла падаткі. — Яна была непахісная.

Брэнда выглядала занепакоенай. — Ты ж разумееш, што ня можаш паводзіць сябе як Маці Тэрэза. Гэта рэальны сьвет, табе трэба дбаць аб сабе і браць, што даюць.

— Брэнда, не турбуйся аб мяне. Неяк пражыву. Пражыла ж я нейкім чынам амаль чвэрць стагодзьдзя. Мала хто тое здолеў бы. Не прайшло і гадзіны, як я вярнулася ў Дублін, а ўжо знайшла жыльлё. Знайду і працу.

Сыньёра прайшла на кухню, каб павітацца з Навалачкай. Нялёгка апынулася зваць яго Патрыкам. Пачціва і сур'ёзна ён павіншаваў яе зь вяртаньнем і прынёс афіцыйныя спачуваньні з нагоды сьмерці яе мужа. Ці на самой справе ён лічыў, што Марыё быў яе мужам альбо імкнуўся захаваць прыстойнасьць перад маладзёнамі, якія з павагай назіралі за ім?

Сыньёра падзякавала ім за цудоўны абед і паабяцала абавязкова паабедаць тут яшчэ раз, ужо за ўласны кошт.

— Мы неўзабаве зьбіраемся зладзіць сэзон італьянскай кухні. Можа ты пагодзісься перакласьці для нас сьпіс страў? — прапанаваў Патрык.

— Я была бы шчасьлівая, — узрадавалася Сыньёра. Гэта давала ёй магчымасьць разьлічыцца за ежу, што каштавала гэтулькі, колькі яна не спадзявалася зарабіць і за два тыдня.

— Усё будзе зроблена як належыць, з падаткамі і ўсім іншым, — настойваў Патрык. Як Брэнаны прымудрыліся стаць такімі абыходлівымі ды выкшталцоўнымі? Прапанавалі ёй грошай, але так, каб гэта не выглядала падачкай.

Сыньёра адчула сябе больш ўпэўнена. — Што ж, абмяркуем гэта, калі прыйдзе час. Ня буду затрымліваць вас, праз тыдзеньчык паведамлю, як ідуць мае справы. — Яна хутка сышла, не зацягваючы разьвітаньня. Гэтаму навучылі яе гады ў Аннунцыяце. Людзі лепей да вас ставяцца, калі вы не марнуеце іх час.

Яна набыла гарбату ў пакуначках, печыва, і дазволіла сабе такую раскошу, як кавалачак выдатнага мыла.

Яна даведалася ў некалькіх рэстарацыях адносна працы на кухні, і ўсюды атрымала ветлівую адмову. Потым зьвярнулася ў супэрмаркет у пошуках працы пакавальшчыцы і ў агенцтва навін, пазнаць, ці не патрэбна ім памагатая адчыняць для іх тэчкі з паперамі і перакладаць часопісы. На яе скрозь глядзелі са зьдзіўленьнем. Часам яе пыталі, чаму яна ня зьвернецца ў Цэнтар Занятасьці, і яна адказвала поглядам, што ўмацоўваў іх меркаваньне. Ёй бы не пашкодзіла быць трохі прасьцей.

Але яна не здавалася. Яна шукала працу да пятай гадзіны. Потым села ў аўтобус, што ішоў у раён, дзе жыла яе маці. Кватэркі зьмяшчаліся на асобных участках, так званы ляндшафт якіх стваралі кветнікі, невялічкі хмызьняк ды дбайна дагледжаны газон. Ля кожных дзьвярэй прыступкі, альтанка. Мэтавае будаўніцтва для патрэб састарэлых. З раскошнымі дрэвамі і хмызьняком вакол і будынкамі з чырвонай цэглы ўсё выглядала самавітым і бясьпечным, чымсьці, што павінна вабіць тых, хто прадаў сямейную хату, каб бавіць тут рэшту сваіх дзён.

Сыньёра села так, каб яе не было бачна з-за вялікага дрэва. Прымасьціла на каленах папяровы мяшок з пакункамі і пачала назіраць за дзьвярамі дваццаць трэцяга нумара. Гэты занятак цалкам паглынуў яе, час ішоў неўзаметку. Яна ніколі не насіла гадзіньнік, бо час і ягоны ход наогул ня вельмі яе цікавілі. Яна працягне сачыць, пакуль не паглядзіць на сваю маці. Ня сёньня, так у іншы дзень, аднойчы яна ўбачыць яе. І тады зразумее, што рабіць далей. Немагчыма прыняць рашэньне, не зірнуўшы ў матчын твар. Як ведаць, раптам спагада апануе яе сэрца, або любоў мінулых дзён, ці дараваньне. А можа, яна паглядзіць на маці, як на незнаёмку, альбо як на чалавека, які ў мінулым з пагардай адпрэчыў яе любоў і сяброўства.

Сыньёра давярала сваім пачуцьцям. Яна зразумее.

Ніхто не ўваходзіў і не выходзіў з дваццаць трэцяга нумара ўвечары. З надыходам сутоньня Сыньёра пакінула свой пост. Аўтобус адвёз яе зварот, да Селіванаў. Яна паціху ўвайшла і паднялася наверх, пажадаўшы дабраначы ў кірунку пакоя, дзе надрываўся тэлевізар. Хлопчык Джэры сядзеў, уткнуўшыся ў экран. Ня дзіўна, што дзіця не зьвяртае ўвагі да школы, калі гадзінамі глядзіць вэстэрны.