Выбрать главу

Яны знайшлі для яе электраплітку і стары імбрык. Яна заварыла гарбату і зірнула на горы.

Успаміны аб Аннунцыяце засланілі ў яе думках тыя трыццаць шэсьць гадзін, што яна ўжо правяла тут, і перанесьлі ў Віста дэль Монтэ. Ёй карцела ведаць, ці пашкадуе калісьці сыньёра Габрыэла аб тым, што прымусіла Сыньёру зьехаць. Ці будуць Паола і Джаана нудзіцца па ёй? Ці думае сыньёра Лявона аб тым, як уладкавалася яе ірляндзкая сяброўка ў сваёй заморскай далечы? Потым яна памылася цудоўным новым мылам з пахам сандалавага дрэва і заснула. Ёй не заміналі гукі стрэлаў у барах і грукат падаючых фургонаў. Яна спала доўга і глыбока.

Да таго часу, як яна ўстала, хата спусьцела. Пэгі сышла ў свой супэрмаркет, Джымі таксама выправіўся на працу, Джэры быў у школе. Яна наладзілася ў сваё падарожжа. Першую палову дня трэба прысьвяціць варце поруч матчынай хаты. Пошукамі працы можна будзе заняцца пазьней. Яна зноў прымацавалася за знаёмым дрэвам, і гэтым разам доўга чакаць не давялося. Маленькая машына спынілася супраць дваццаць трэцяга нумара. Зь яе выйшла азызлая рудавалосая матрона з пруткім пэрманэнтам. У Сыньёры перахапіла дыханьне, калі яна зразумела, што гэта яе малодшая сястра. Рыта выглядала самавітай і занадта немаладой, але ж ёй споўнілася ўсяго сорак шэсьць. Яна была зусім дзяўчынкай, калі Сыньёра зьехала, а фатаграфій ёй, вядома, ніхто не дасылаў. Трэба памятаць, яны напісалі ёй толькі тады, калі зьявілася ў ёй патрэба, калі камфорт іх жыцьця падаўся ім важнейшым за высілкі, што патрабавалася прыкласьці, каб наладзіць кантакт з вар'яткай, зганьбіўшай сябе, пырхнуў на Сыцылію за жанатым мужчынам.

Рыта выглядала чапурыстай і напружанай.

Яна нагадала Сыньёры маці Габрыэлі, маленькую злосную жанчыну, чые вочы няспынна стралялі вакол, шукаючы, да чаго прычапіцца, але не знаходзячы. Казалі, у яе нэрвы сапсаваны. Няўжо гэтая жанчына з сутулымі плячыма, з нагамі, уціснутымі ў занадта цесныя лякіркі, якая робіць тузін кароценькіх мітусьлівых крочыкаў замест чатырох нармалёвых крокаў, сапраўды Рыта, яе маленькая сястрычка? Сыньёра з жахам назірала за ёй з-за дрэва. Дзьверцы машыны засталіся адчынены, мабыць, сястра зьбіралася забраць маці. Сэрца тужліва сьціснулася. Калі Рыта выглядае старой, чаго чакаць ад маці?

Яна ўспомніла аб старых у Аннунцыяце. Маленькія, часьцяком схіліўшыся над кійком, назіраўшыя, седзячы ў сквэрыку, за мінакамі, заўсёды ўсьмешлівыя, яны часта краналі яе спадніцу, каб лепей разгледзець гафт … і ўсхвалялі — Bella bellissima.

Але маці апынулася не такой. Для сваіх сямідзесяці сямі гадоў яна добра захавалася. На ёй была карычневая сукенка, па-над — карычневая вязаная камізэлька. Валасы, як заўжды, сьцягнутыя ў старамодны пучок на патыліцы. — Твая маці выглядала бы прыгажуняй, калі б распусьціла валасы, — у свой час зазначыў Марыё.

Толькі ўявіць, тады яе маці была ледзь старэй, як зараз яна сама. І такой непахіснай, такой перакананай у сваім шляху, такой прайманай жаданьнем прытрымлівацца рэлігіі, якой не адчувала ў сваім сэрцы. Калі б маці толькі паспрабавала зразумець яе, усё б магло скласьціся інакш. Шматлікія гады Сыньёра нудзілася па хаце, яна магла бы вярнуцца і прыглядаць за імі нават у вёсцы, на іх маленькай фэрме, якую ім так не карцела кідаць.

А зараз? Жанчыны прайшлі паўз некалькі ярдаў ад яе … пакліч яна, яны бы яе пачулі.

Бачна было, што Рыта ўсё больш выходзіць зь сябе ад раздражненьня і крыўды на бурчаньне маці. — Добра, добра. Іду, не падганяй мяне. Памятай, цябе таксама калісьці чакае старасьць. — Ні намёку на радасьць ад спатканьня, ні падзякі за паездку ў лякарню, ні ўзаемнага жаданьня наведаць старога, які больш ня здольны жыць у хаце, ні спагады да яго.

Відаць, сёньня Рыцін дзень, у наступны раз прыедзе Хэлін. І братавыя, напэўна, атрымоўваюць сваю частку бязрадасных паездак і клопатаў. Ня дзіўна, што яны мелі вочы на вяртаньне гэтай звар'яцелай з Італіі. У машыне, што ад'ехала, маячылі дзьве суровыя, нерухомыя постаці. Ні слоўца паміж імі, сапраўдныя манэкены. Як жа ж здолела яна, выхаваная ў сям'і, гэтулькі пазбаўленай любові, навучыцца кахаць так моцна, раптам уразілася Сыньёра. Сапраўды немагчыма зразумець. Высока падняўшы галаву пайшла яна прэч ад ахайнага, прылізанага ўчастку. Зараз усё паўстала на свае месцы. Яна не выпрабоўвала ні каяньня, ні пачуцьця віны.

Гэты дзень апынуўся такім жа тужлівым у сэнсе працы, як і папярэдні, але Сыньёра адмаўлялася здавацца. Калі пошукі зноў прывялі яе да набярэжнай Ліффі, яна адшукала кавярню, у якой працавала Сьюзі. Дзяўчынка радасна пасьпяшалася да яе.