— Вы сапраўды спыніліся там! Маці сказала мне, што ў іх зьнянацку зьявілася кватарантка.
— Гэта цудоўна, мне карцела падзякаваць вам.
— Не, нічога цудоўнага тут няма, але гэта дапаможа вам на першых кроках.
— З вашай спальні мне бачныя горы.
— Так, і яшчэ тонаў дваццаць закінутай глебы, на якой калісьці пабудуюць такія ж пуні.
— Гэта менавіта тое, што мне патрэбна, яшчэ раз шчыры дзякуй.
— Яны мяркуюць, вы манашка. Сапраўды так?
— Не, не. Баюся, я далёка не манашка.
— Маці казала, вы распавялі, ваш муж памёр.
— У нейкім сэнсе гэта праўда.
— Ён накшталт як памёр … вы гэта маеце на ўвазе?
Сыньёра падавалася вельмі спакойнай; няцяжка было зразумець, чаму людзі прымаюць яе за манашку. — Не, я маю на ўвазе, у нейкім сэнсе ён быў маім мужам, але я не зьлічыла патрэбным тлумачыць гэтае вашым бацькам.
— Вось ужо не да патрэбы, значна разумней таго не рабіць, — пацьвердзіла Сьюзі і наліла ёй кубачак кавы. — За рахунак установы, — шапнула яна.
Сыньёры стала сьмешна ад думцы, што слушна разгуляўшы карты, яна бы цалкам магла сілкавацца ў Дубліне на дарэмшчыну. — У мяне ўчора быў бясплатны падабед у Квеньціне, падаецца, я нядрэнна ўладкавалася, — прызналася яна Сьюзі.
— Вось бы дзе файна было працаваць, — адказала Сьюзі. — Я б насіла чорныя штаны, як іх стольнікі. І была б там адзінай жанчынай, акрамя спадарыні Брэнан.
— Вы ведаеце спадарыню Брэнан?
— Аб ёй легенды ходзяць, — усьміхнулася Сьюзі. — Я ужо амаль тры гады мару працаваць зь ёй, мрою навучыцца там усяму і распачаць уласную справу.
У Сыньёры вырваўся ўздых зайздрасьці. Як выдатна, калі можна вось так будаваць пляны, а не чакаць новага ланцугу адмоў на пасаду пасудамыйкі. — Адкажыце калі ласка, чаму я не магу нікуды ўладкавацца, знайсьці самую звычайную працу: мыць, прыбіраць штосьці? Што са мной кепска? Можа, я проста занадта старая?
Сьюзі прыкусіла губу. — Думаю, уся справа ў тым, што вы залішне добра выглядаеце для той працы, якую шукаеце. Вы, напрыклад, выглядаеце занадта элегантнай для таго, каб спыніцца ў хаце маіх бацькоў. Гэта заводзіць людзей у тупік. Яны пачынаюць думаць, што тут ёсьць нешта дзіўнае. А дзіўнае выклікае засьцярогу.
— Дык што ж мне рабіць, як вы мяркуеце?
— Магчыма, варта вылучыць мэту вышэй, напрыклад, працу сакратара альбо … Маці распавяла, у вас ёсьць цалкам асьляпляльная гафтаваная коўдра. Вы маглі бы аднесьці яе ў краму і паказаць ім. Толькі трэба вылучыць годную краму.
— Ня ўпэўненая, што ў мяне хопіць адвагі.
— Калі вы, у вашым узросьце, жылі з гэтым чалавекам у Італіі, з чалавекам, які ня быў вашым мужам, у вас цалкам досыць адвагі, — настойвала Сьюзі.
Яны склалі сьпіс модных салёнаў і крам, што маглі зацікавіцца сапраўды якасным гафтам. Назіраючы, як Сьюзі смокча аловак, разважаючы, каго бы яшчэ занесьці ў сьпіс, Сыньёра адчула, як яе захлынае цудоўная фантазія. Магчыма, надыдзе дзень, калі яна зможа зьезьдзіць з гэтай любаснай дзяўчынкай у Аннунцыяту, падаць яе сваёй пляменьніцай, бо іх рудыя валасы такія падобныя. Усе бы ўбачылі, што ў яе ў Ірляндыі сапраўды ёсьць уласнае жыцьцё, і гэтая ірляндачка зразумела б, што ў Італіі яна была паважаным чалавекам. Але ж тое былі марныя летуценьні, а Сьюзі тым часам казала аб яе валасах.
— У мяне ёсьць сябар, які працуе ў шыкоўным салёне. У той цырульні патрэбныя досьледныя трусы для адпрацоўкі новых фрызур. Чаму б вам не пайсьці туды? Вы атрымаеце файную фрызуру ўсяго за два фунты. Гэта будзе каштаваць вам у дваццаць — трыццаць разоў таньней, як вы бы заплацілі ў іншым месцы.
Няўжо людзі сапраўды плацяць за фрызуры па 60 фунтаў? Сьвет здурэў. Марыё заўсёды любіў яе доўгія валасы. Зараз Марыё мёртвы. Ён папрасіў яе вярнуцца ў Ірляндыю, мабыць, ён меркаваў, што яна пастрыжэцца, калі спатрэбіцца. — Дзе гэтая цырульня месьціцца? — спытала Сыньёра і запісала адрэсу.
— Джымі, яна абрэзала валасы, — прашаптала Пэгі Селіван.
— Так, выдатна, — адмахнуўся Джымі, паглынуты інтэрвію з футбольным мэнэджэрам.
— Нешта тут ня так. Яна ня тая, за каго сябе выдае. Я сутыкнулася зь ёй на ўваходзе. Ты б яе не пазнаў, яна памаладзела гадоў на дваццаць.
— Добра, добра. — Джымі зрабіў тэлевізар трохі гучней, але Пэгі забрала пульт і зноў паменшыла гук.
— Ды слухай жа. Мы бярэм грошы гэтай жанчыны, але ж мы яе амаль ня ведаем.
— Вельмі добра, толькі замоўкні.
Пэгі месца сабе не знаходзіла. Гэтая Сыньёра, як яна сябе заве, на самой справе вельмі дзіўная. Ні адзін чалавек ня здолеў бы выжыць, будзь ён такім прастадушным. Ніводны чалавек, якому так бракуе грошай, ня змог бы зрабіць фрызуру, што каштуе цэльнае багацьце. Пэгі ненавідзела таямніцы, а гэта ўсё было вельмі загадкавым.