Выбрать главу

— Вы ня супраць, калі сёньня я вазьму з сабою коўдру? Не хачу, каб вам падалося, быццам я зьбіраюся паволі вынесьці ўсё абсталяваньне ці яшчэ штосьці горшае, — тлумачыла ім Сыньёра наступнай раніцай за сьняданкам. — Разумееце, я думаю, што трохі бянтэжу людзей. Мабыць, варта паказаць, што я здольна рабіць сякую-такую працу. Мне пашанцавала пастрыгчыся ў месцы, дзе патрэбныя людзі, каб практыкавацца. Як вы мяркуеце, з гэтай фрызурай я выглядаю больш звычайнай?

— Сапраўды вельмі добра, Сыньёра, — адарваўся ад ежы Джымі Селіван.

— Выглядае, безумоўна, надзвычай дорага, — ухваліла Пэгі.

— Гэта фарба? — зь цікавасьцю запытаў Джэры.

— Не, гэта хна, але яны сказалі, што з маім колерам валосься атрымаецца незвычайнае адценьне, як у дзікага зьвера, — адказала Сыньёра, крыўдзячыся ці то на пытаньне Джэры, ці то на вэрдыкт юных цырульнікаў.

Было прыемна, што ўсім так падабаецца яе праца, захапляе складаны ўзор і мудрагелістае зьмешваньне назваў і колераў. Але месца ёй даць не маглі. Яны прапаноўвалі занесьці яе імя ў картатэку і дзівіліся яе адрэсе. Мабыць, ім падавалася, што яна павінна жыць у больш элегантным раёне. Гэта быў дзень адмоў, роўна як іншыя дні, але сёньня адмаўлялі зь вялікай павагай і меншым зьдзіўленьнем. У салёнах, у буціках і ў двух тэатрах яе працу разглядалі зь непадробнай цікавасьцю. Прапанова Сьюзі наконт больш высокай мэты апынулася трапнай.

Можа, варта паспрабаваць стаць гідам ці настаўніцай? Бо менавіта тым яна займалася палову свайго сталага жыцьця ў сыцылійскай вёсцы.

У яе ўвайшло ў звычку гутарыць з Джэры па вечарах.

Ён прыходзіў і грукаў у яе дзьверы. — Вы занятая, пані Сыньёра?

— Не, уваходзь Джэры. Прыемна, калі ёсьць кампанія.

— Вы ж ведаеце, вы заўсёды можаце спусьціцца ўніз. Яны ня будуць супраць.

— Ні ў якім выпадку. Я здымаю пакой у тваіх бацькоў. Ня варта стамляць іх сваёй прысутнасьцю. Я не павінна дакучаць ім.

— Чым вы займаецеся, пані Сыньёра?

— Шыю дзіцячыя сукенкі для буціка. Абяцалі ўзяць чатыры штучкі. Гэта добра, бо я выдаткавала частку маіх зьберажэньняў на тканіну, а мне не па кішэні марна рабіць такія траты.

— Вы жабрачка, пані Сыньёра?

— Не, але грошай у мяне не зашмат. — Такі адказ цалкам задаволіў Джэры і падаўся яму цалкам натуральным і пераканаўчым. — Чаму бы табе не прынесьці сюды сваё хатняе заданьне, Джэры? — прапанавала яна. — Тады ты бы мог скласьці мне кампанію, а я магла бы дапамагчы табе, калі спатрэбіцца.

Так, нязмушана размаўляючы, яны правялі разам увесь травень. Джэры параіў ёй зрабіць пяць дзіцячых сукенак і прыкінуцца, быццам яна думала, што гэтулькі і замовілі. Рада апынулася выдатная, яны ўзялі ўсе пяць і замовілі яшчэ.

Сыньёра выказвала непадробную цікавасьць да хатніх заданьняў Джэры. — Прачытай, калі ласка, мне гэты верш яшчэ разок, паглядзім, аб чым ён.

— Гэта проста стары верш, пані Сыньёра.

— Ведаю, але ж павінен у ім быць нейкі сэнс. Давай паразважаем. — Разам яны перачыталі: «Я бы выклаў дзевяць гарошын у шэраг». — Цікава, чаму ён жадаў менавіта дзевяць?

— Ён усяго толькі стары паэт, пані Сыньёра. Ня ўпэўнены, што ён наогул ведае, чаго жадае.

— «І жыў бы адзін сярод пчол на узлесьсе». Уяві, Джэры, ён імкнецца чуць вакол сябе толькі гуд пчол, яму не падабаецца гарадзкі гоман.

— Вядома, бо ён стары, — растлумачыў Джэры.

— Хто?

— Ну, гэты, які верш напісаў.

Паволі Сыньёра абудзіла ў ім цікавасьць да вучобы.

Яна рабіла выгляд, што ў яе дрэнная памяць. Працягваючы штабнаваць, зноў і зноў прасіла яго паўтарыць ёй урок. Так Джэры Селіван вывучваў вершы, пісаў складаньні, разьбіраўся з матэматыкай. Адзіным прадметам, да якога ён заставаўся абыякавы, была геаграфія. Камяням спатыкненьня апынуўся настаўнік, спадар А’Брайн. Ён, мабыць, быў выдатным хлопцам. Распавядаў ім аб рэчышчах рэк і пластах глебы, аб эрозіях і ярах. Але заўсёды чакаў, што ты ўсё ведаеш. Іншыя настаўнікі не чакаюць тага ад цябе, вось у чым розьніца.

— Ведаеце, хутка ён стане Дырэктарам, у наступным годзе, — паведаміў Джэры.

— Вось як. А людзі ў школе Выгляд-На-Гару задаволены?

— Ну, бадай, так. Стары Уолш такі таўкач.

Яна паглядзела на яго са зьдзіўленьнем, нібы не зразумела словы. Гэта штораз спрацоўвала.

— Спадар Уолш, стары, цяперашні Дырэктар, ад яго карысьці няшмат.

— А, зразумела.