— Прамова Джэры, па агульным прызнаньні, значна палепшыла, — распавяла Сыньёры Сьюзі. — Больш за тое, некаторыя настаўнікі ў школе мяркуюць, яго працы зьмяніліся ў лепшы бок. Яны павінны плаціць вам за гэта. Вы роўна як прыватны рэпэтытар. Ну ці ня крыўдна, што вы ня можаце атрымаць працу настаўніка?
— Ваша маці запрасіла мяне да гарбаты ў чацьвер, дык здолеем убачыцца, — усьміхнулася Сыньёра. — Колькі я ведаю, настаўнік Джэры таксама будзе. Ёй, пэўна, патрэбна падтрымка.
— Ён сапраўдны сэрцаед, гэты Тоні А’Брайн. Я аб ім сёе-тое чула, трымайце зь ім вуха востра, Сыньёра. З вашай новай шыкоўнай фрызурай ён лёгка можа пачаць да вас халяўкі мазаць.
— Мяне больш не цікавяць мужчыны. — Яна гаварыла шчыра.
— Ведаеце, я сказала тое самае, калі мяне кінуў другі хлопец, але нечакана цікавасьць вярнулася.
Сустрэча пачалася трохі нацягнута.
Пэгі Селіван не была прыроджанай гаспадыняй, таму Сыньёра мусіла перахапіць гутарку; мякка, амаль летуценна казала яна аб усіх зьменах, што зазначыла ў Ірляндыі, большай часткай да лепшага. — Школы сталі такімі яркімі і цікавымі, і Джэры распавядаў мне аб гэтым грандыёзным праекце, якім вы займаецеся на ўроках геаграфіі. Калі я вучылася ў школе, у нас не было нічога падобнага.
Пасьля ўсё ўладкавалася. Пэгі Селіван чакала ад візыту школьнага выкладчыка толькі бясконцых скарг на сына. Яна нават спадзявацца не магла, што яе дачка і Сыньёра так добра ўсё зробяць. Цікава, гэты спадар А’Брайн сапраўды загадаў Джэры выконваць заданьне па назвах, імкнуцца высьветліць, чаму ўсе вуліцы вакол завуцца так, а няйначай? Джымі прыйшоў дахаты пасярод гутаркі, і Сыньёра растлумачыла, што Джэры пашанцавала мець бацьку, які ведае горад лепей за любую мапу.
Яны размаўлялі, як нармалёвая сям'я. Значна ветлівей, як шмат хто з тых, каго ўжо наведаў Тоні А’Брайн. Ён заўсёды лічыў, што Джэры Селіван належыць да цалкам безнадзейных вучняў. Але гэтая дзіўная, неўладкаваная жанчына, якая, падавалася, дырыжыруе дамачадцамі, відавочна добра ўплывала і на дзіця.
— Вы павінны былі любіць Італію, каб заставацца там так доўга.
— Я любіла яе, любіла ўсім сэрцам.
— Сам я ніколі там ня быў, але мой калега па школе, Эйдан Данн, зараз жыве Італіяй і мроіць ёй, і, дай яму волю, любога заразіць.
— Спадар Данн, ён выкладае латынь, — дадаў Джэры змрочным голасам.
— Латынь? Ты мог бы вывучаць латынь, Джэры. — У Сыньёры зазьзялі вочы.
— Прам, гэта толькі для разумнікаў, для тых, хто зьбіраецца ва ўнівэрсытэт, вучыцца на юрыста, на доктара, усё такое.
— Не, цалкам ня так, — адначасова запярэчылі Сыньёра і Тоні А’Брайн.
— Калі ласка … — прапанаваў ён ёй працягваць.
— Я бы жадала, каб ты вывучаў латынь, бо гэта свайго кшталту корань усіх моў, такіх як француская, італьянская, гішпанская. Ведаючы лацінскае слова, разумееш, як утварыліся словы ў іншых мовах, — з запалам тлумачыла яна.
Тоні А’Брайн літаральна прыскокнуў на сваім месцы. — Спадарыня, вам абавязкова трэба сустрэцца з Эйданам Даннам, менавіта тыя словы ён паўтарае гадамі. А я лічу латынь карыснай, бо яна разьвівае лягічны склад мышленьня. Роўна як крыжаванкі, прывучае іх разважаць, да таго ж ніякіх праблем з вымаўленьнем.
Калі настаўнік сышоў, усе загаварылі наперабой. Напэўна Сьюзі зараз будзе прыходзіць дахаты трохі часьцей, і ня будзе пазьбягаць бацькі. Лёд пачаў раставаць.
Сыньёра сустрэлася з Брэндай на шпацыры ў парку сьвятога Стэфана. Брэнда прынесла чэрствы хлеб, і яны, лашчачыся на сонейку, разам кармілі качак.
— Я зьбіраюся наведаць у наступным месяцы тваю маці. Сказаць ёй, што ты вярнулася? — спытала Брэнда.
— Як ты лічыш?
— Бадай, не, але я проста дагэтуль баюся, што ты пагодзісься жыць зь ёй.
— Ты зусім ня ведаеш мяне. Я цьвярдзейшая за мур. Яна табе падабаецца, як чалавек? Толькі шчыра.
— Не, ня вельмі. Спачатку я хадзіла, каб зрабіць табе прыемнае, потым мяне засмактала, яна падавалася такой няшчаснай, скардзілася на Рыту і Хэлін, ды на ад’яд нявестак, як яна іх заве.
— Я схаджу наведаць яе. Не імкніся абараняць мяне.
— Не хадзі, ты ня вытрываеш.
— Дай веры, хвалявацца няма аб чым.
Яна пайшла да маці ў той самы дзень. Проста падышла і пагрукала ў дзьверы дваццаць трэцяга нумара.
Маці разгублена паглядзела на яе. — Так?
— Я Нора, маці. Я прыйшла наведаць цябе.
Ні ўсьмешкі, ні працягнутых рук, ні запрашэньня ўвайсьці. Толькі варожасьць у накіраваных на яе маленькіх карых вочках. Яны стаялі ў дзьвярах, быццам зьледзянелыя. Маці ня збочылася, каб вызваліць для яе праход, а Нора не жадала пытаць, ці можна ёй увайсьці.