Памаўчаўшы, яна загаварыла ізноў. — Я прыйшла паглядзець як ты маесься і спытаць, ці пагодзіцца тата, каб я прыйшла ўбачыцца зь ім. Я жадаю зрабіць так, як будзе лепей для ўсіх.
Вусны маці скрывіліся. — Зь якога такога часу ты жадаеш таго, што было бы лепей для кагосьці, акрамя цябе? — Сыньёра спакойна стаяла ля дзьвярэй. Не ўпершыню звычка захоўваць спакой ратавала яе. Урэшце маці трохі адступіла ўглыб кватэры. — Уваходзь, раз ужо ты тут, — прагугнявіла яна.
Сыньёра пазнала некалькі рэчаў са старой хаты, але няшмат. Тая самая шафка, у якой захоўвалася добрая кітайская парцэляна і колькі срэбных рэчаў, стаяла у пакоі. У яе нялёгка было зазірнуць і ў ранейшыя поры, а зараз і пагатоў. Не было ні карцін на сьценах, ні паліц з кнігамі. Ганаровае месца займаў тэлевізар. На абедзенным стале красаваўся алавяны паднос з пляшкай памяранцавага соку. Маці не прапанавала ёй сесьці, таму Сыньёра бяз попыту прысунула сабе крэсла, што стаяла поруч стала. Цікава, як часта накрывалі абед за гэтым сталом? Але ня ёй ганіць маці за падобныя паводзіны. Дваццаць шэсьць гадоў пражыла яна ў пакоі, у якім нікога не запрашалі да абеду. Можа, гэта сямейнае?
— Не ўсумнюся, паліш ты безь перадыху.
— Не, маці. Я ніколі не паліла.
— Адкуль мне ведаць, што ты насамрэч робіш, а што не?
— Сапраўды, маці, адкуль табе ведаць? — Яе голас гучаў памяркоўна, без усялякага выкліку.
— Ты дахаты на адпачынак, ці як?
Тым жа нязмушаным тонам, што зрушваў маці з глузду, Сыньёра растлумачыла, што вярнулася канчаткова, знайшла пакой і сякі-такі заробак, зьвязаны са швівам. Спадзяецца зь цягам часу атрымаць працу, што дазволіць ёй забясьпечваць сябе. Яна прыкінулася, быццам не зазначыла, як пагардліва чмыхнула яе маці, пачуўшы, у якім раёне атабарылася дачка. Потым зрабіла паўзу і стала ветліва чакаць якойсь рэакцыі.
— Што, ён нарэшце кінуў цябе, гэты твой Марыё, альбо як там яго?
— Ты ведаеш, што яго клічуць Марыё, маці. Ты сустракалася зь ім. Не, ён ня кінуў мяне. Калі б ён быў жывы, я бы ўсё яшчэ была там. Ён трагічна загінуў — не ўсумнюся, маці, табе горка чуць аб гэтым — у аварыі на горнай дарозе. Таму я вырашыла вярнуцца дахаты і жыць у Ірляндыі. — Яна зноў пачакала.
— Яны, нябось, не схацелі, каб ты заставалася там пасьля таго, як яго ўжо не было, каб цябе абараняць. Так усё адбылося, прызнайся.
— Не, ты памыляесься. Яны жадалі, каб я паступіла найлепшым для мяне чынам, усе яны.
Маці зноў чмыхнула. Паміж імі павісла маўчаньне, якога яе маці не магла зьнесьці. — Значыцца, жыць у чужых людзей, у гэтым бандыцкім раёне, поўным лайдакоў і злачынцаў, а не з тваімі уласнымі плоцьцю і крывёй, табе больш да спадобы? Чаго нам ад цябе чакаць?
— Вельмі ласкава з твайго боку прапанаваць мне прытулак, маці, але мы занадта доўга былі чужымі адна да адной. Я ішла сваім сьціплым шляхам, а ты, несумнеўна, ішла сваім. Ты ніколі нічога не жадала ведаць аб маім жыцьці, ты ясна дала мне зразумець, што я толькі надакучу табе, калі паспрабую распавядаць аб ім. Але, магчыма, ты дазволіш часам наведваць цябе? І скажы мне, калі ласка, ці ня будзе тата супраць майго візыту?
— Ведаеш, гутаркі аб візытах можаш пакінуць пры сабе. Ніхто з нас ведаць цябе не жадае, засячы сабе тое на носе.
— Не хачу думаць, што гэта сапраўды так. Я імкнулася падтрымліваць зносіны з усімі. Я пісала ліст за лістом. Я нічога ня ведаю аб маіх шасьці пляменьніцах і пяці пляменьніках. Мне бы вельмі карцела зараз, калі я тут, пазнаць іх бліжэй.
— Што ж, магу запэўніць цябе, што ніхто зь іх не жадае мець з табой нічога агульнага. Трэба быць такой даўбешкай як ты, каб лічыць, што ты вернесься сюды, і цябе прымуць, як нічога і не было. Табе б мусіла браць прыклад зь іншых. Паглядзі на сваю сяброўку, Брэнду. Выдатна апранутая, замужам, добрая праца. Вось такую дзяўчынку любая жанчына жадала бы лічыць сваёй дачкой.
— І, вядома, мне варта браць прыклад з Хэлін і Рыты, — дадала Сыньёра. Тут зноў раздалося пырханьне, якое паказвала, што яны не заслужылі занадта пахвальнага меркаваньня аб сабе. — Як бы то ні было, маці, зараз я сыходжу, але спадзяюся, мы з табой знойдзем час пайсьці кудысьці перакусіць альбо зробім шпацыр ў горад на філіжанак гарбаты. І я высьветлю, ці пагодзіцца тата пабачыцца са мной.
Маці, ня мая моцы ўцяміць пачутае, зноў маўчала. Сыньёра вырашала не пакідаць сваёй адрэсы. Сёстры ня здолеюць зьявіцца і высачыць яе. З сумненьнямі скончана. Гэтая жанчына не была той, хто любіў яе ці хоць раз патурбаваўся аб яе дабрабыце за ўсе тыя доўгія гады, цягам якіх яна так імкнулася да сяброўства і блізкіх зносін. Яна ўзьнялася, каб сысьці.