Выбрать главу

— Так, ты высокая і моцная. Але ты ўжо жанчына немаладая, не чакай, што якісь разявака ў Дубліне ўсьцешыцца на цябе пасьля ўсяго, што з табою было. Я ведаю пра разводы і ўсе тыя навамодныя штучкі, што катуюць сэрца твайго бацькі, але гэта яшчэ ня значыць, што ты знойдзеш у Ірляндыі мужчын, гатовых ажаніцца на пяцідзесяцігадовай цётцы накшталт цябе, з сумнеўным мінулым.

— Ды няма, на самой справе, маці, у мяне ніякіх плянаў у гэтым кірунку. Я дашлю табе вестачку і наведаюсь да цябе у бліжэйшыя тыдні.

— Тыдні? — перапытала маці.

— Так, абавязкова, і, магчыма, захаплю з сабою цэстачкі альбо вішнёвы рулет ад Бівлейсаў, мы зможам папіць гарбаткі. Ну ды там бачна будзе. Перадай мае найлепшыя пажаданьні Хэлін і Рыце, скажы, што ім я таксама напішу.

Яна выйшла раней, як яе маці здолела ўсьвядоміць гэта. Вядома, тая зараз жа кінецца тэлефанаваць адной з дачок. У іх даўнютка не здаралася нічога гэтулькі з шэрагу прэч.

Сыньёра не пачувалася ні засмучанай, ні вінаватай. Усё даўно адбалела. Яе адзіным клопатам зараз заставаліся ўласныя розум, здароўе і прыбыткі. Яна не павінна залежаць ад сям'і Селіванаў, нягледзячы на сымпатыю, што выпрабоўвае да іх прывабнай дачкі, і жаданьне абараніць іх панурага сына. Ня варта абцяжарваць Брэнду і Патрыка, якія ўяўляюць сабою яскравы прыклад посьпеху, якога дамаглося ў Дубліне іх пакаленьне. На буцікі таксама нельга пакласьціся, няма ніякіх гарантый, што яны здолеюць прадаць яе гафт.

Трэба шукаць працу настаўніцы. Ня мае значэньня, што ў яе няма адмысловай адукацыі, затое яна ведае, як навучыць італьянскаму пачаткоўцаў. Хіба сама яна ня вывучылася? Можа, той чалавек са школы, у якой вучыцца Джэры, прыхільнік Італіі, аб якім казаў Тоні А’Брайн … Мабыць ён ведае нейкі гурток альбо невялікую установу, зацікаўленую ва ўроках італьянскага. Нават абыякава, ці змогуць яны добра плаціць, яна будзе радая зноў загаварыць на гэтай файнай мове, пакатаць у роце яе гукі.

Як яго клічуць? Спадар Данн? Дакладна. Спадар Эйдан Данн. Яна ж нічога не губляе, пытаючы яго. Калі ён любіць Італію, дык ужо будзе на яе боку.

Маршрутны аўтобус падвёз яе да самай школьнай брамы. Як адрозьніваецца гэтае месца ад яе ўласнага Віста дэль Монтэ. Там схілы ўжо пакрыліся дываном летніх красак. Тут заліты цэмэнтам двор, зваленыя ў кучу ровары, скрозь сьмецьце, ды і ўвесь будынак не пашкодзіла бы пафарбаваць. Чаму б ім ня ўвіць сьцены зелянінай?

 Зразумела, у муніцыпальнай школы альбо каледжа, што там яно ёсьць, заўжды бракуе фондаў, адлічэньняў, ахвяраваньняў, каб уладкаваць установу. Але тады ня варта зьдзіўляцца, што такія дзеці, як Джэры Селіван, не выпрабоўваюць аніякага гонару за сваю школу.

— Ён у настаўніцкай, — хорам адказалі ёй школьнікі, калі яна пацікавілася, дзе можна адшукаць спадара Данна, выкладчыка латыні.

Сыньёра пагрукала ў дзьверы. На стук адгукнуўся мужчына з радзеючымі каштанавымі валасамі і самотнымі вачыма. Ён быў у кашулі, пільчак вісеў на крэсьле. Па выпадку абедзеннай гадзіны нікога з настаўнікаў не апынулася, спадар Данн ахоўваў пазыцыі ў адзіноце. Яна чамусьці разьлічвала пабачыць старога. Магчыма з-за таго, што справа датычыла выкладаньня латыні. Але ён выглядаў яе аднагодкам, а можа і маладзей. Бадай, па сутнасьці, гэта і ёсьць старасьць, да пэнсіі куды бліжэй, як да першага дня працы.

— Я прыйшла пагаварыць з вамі аб Італіі, спадар Данн, — сказала яна.

— Верыце, я ведаў, надыдзе дзень, калі хтосьці пагрукае ў дзьверы і вымавіць гэтыя словы, — выгукнуў Эйдан Данн.

Яны ўсьміхнуліся адначасова, і стала цалкам відавочна, яны пасябруюць. Седзячы ў вялікай непрыбранай настаўніцкай з выглядам на горы, яны размаўлялі так, нібы ведалі адно аднаго ўсё жыцьцё. Эйдан Данн растлумачыў, што вечаровы кляс быў яго найзапаветным жаданьнем, але як раз сёньня ў раніцу ён атрымаў жудасныя навіны. Ім адмовілі ў фондах. Зараз ніяк не атрымаецца запрасіць кваліфікаванага настаўніка. Ізноў абраны Дырэктар абяцаў невялікую суму з уласных рэзэрваў, але гэта ўсё сыдзе на рамонт кляса і падрыхтоўку памяшканьня. Эйдан Данн дадаў, што параза праекту спапяліць ягонае сэрца, але зараз ён адчувае пробліск надзеі.

Сыньёра распавяла, як доўга жыла ў Сыцыліі і аб тым, што магла бы ня проста выкладаць мову, а, магчыма, паспрабаваць даць уяўленьне аб культуры Італіі цалкам. Можна было б, напрыклад, правесьці ўрокі аб італьянскіх мастаках, скульптарах, аб фрэсках, затым аб італьянскай музыцы, уключаючы і опэры і царкоўную музыку. Ня варта забываць аб вінах і ежы, напрыклад, садавіне, гародніне, frutti di mare, і тут адчыняецца безьліч магчымасьцяў засвоіць словы, выразы, што павінны спатрэбіцца ў падарожжы, граматыку.