Мяккі бляск вачэй азараў яе твар, зараз яна выглядала значна маладзей за застылага ля дзьвярэй высокага чалавека з турботным позіркам. Эйдан чуў у калідоры нарастальны гуд дзіцячых галасоў. Шкада, абедзенная гадзіна зыходзіць. Хутка вернуцца астатнія настаўнікі, чараўніцтва скончыцца.
Яна, падавалася, зразумела ўсё бяз слоў. — Я адняла ў вас зашмат часу, вам трэба працаваць. Але як вы лічыце, маглі бы мы працягнуць гутарку?
— Мы канчаем у чатыры. А зараз, падаецца, ужо вяртаюцца дзеці.
Сыньёра ўсьміхнулася яму. — Як, аднак, цудоўна працаваць у школе. Вы нязьменна маладыя і разумееце дзяцей.
— Мне бы карцела, каб гэта заўсёды было так, — адказаў Эйдан.
— Калі я выкладала ангельскі ў Аннунцыяце, гледзячы на іх твары я разумела, што яны чагосьці ня ведаюць, але да сканчэньня ўроку ва ўсім разьбяруцца. Добрае было пачуцьцё.
Зараз ён адкрыта захапляўся ёю, гэты мужчына, які апранаў пільчак, каб вярнуцца ў кляс. Шмат часу прайшло з той пары, калі Сыньёра адчувала чыясь захапленьне. У Аннунцыяце да яе ставіліся зь нейкай дзіўнай павагай. Вядома, Марыё кахаў яе, па-за ўсякім сумненьням. Ён кахаў яе ўсім сэрцам. Але ён ніколі не захапляўся ёю. Ён прыходзіў да яе ў цемры. Ён прыціскаў яе да сабе і распавядаў ёй аб сваіх турботах, але ў яго вачах не адчувалася нават пробліску захапленьня.
Сыньёры было прыемна, ёй наогул спадабаўся гэты дабразычлівы мужчына, які з усей моцы намагаецца падзяліць сваю любоў да чужынскай зямлі зь людзьмі, якія жывуць побач зь ім. Ён баяўся, што ў іх ня знойдзецца досыць грошай на такую вартаю рэч, як адукацыя ў вольны час.
— Што, калі я пачакаю, пакуль вы вызваліцеся? Мы бы маглі паразмаўляць пасьля чатырох.
— Я не павінен затрымоўваць вас, — пачаў ён.
— Мне ўсё роўна няма чым заняцца, — ня стала хаваць яна.
— Як вы ставіцеся да таго, каб пасядзець у нашай бібліятэцы?
— З задавальненьнем.
Ён павёў яе па калідору, што поўніўся дзецьмі. У такой вялізнай школе заўсёды шмат староньніх, таму новы твар ні ў каго ня выклікаў асаблівай цікавасьці. За выключэньнем, вядома, юнага Джэры Селівана.
— Пане, Сыньёра … — прамармытаў ён у зьдзіўленьні.
— Дабрыдзень, Джэры, — ветліва кіўнула яна, быццам кожны дзень бывала ў гэтай школе.
У бібліятэцы яна паглядзела, што ў іх ёсьць у італьянскім падзеле. Галоўным чынам букіністычныя кнігі, мусібыць набытыя на грошы Эйдана Данна. Такі добры чалавек, такі энтузіяст, мабыць, ён здолее дапамагчы ёй. А яна зможа дапамагчы яму. Упершыню пасьля вяртаньня ў Ірляндыю яна адчула, што напруга пакінула яе. Яна пацягнулася і пазяхнула пад праменьнем па-летняму цёплага сонца.
І хоць яна зьбіралася выкладаць італьянскі і адчувала, што яе чаканьні спраўдзяцца, думкі яе луналі далёка ад Італіі. Яна думала аб Дубліне, яе бянтэжыла, ці здолеюць яны набраць людзей для свайго кляса. Яна і спадар Данн. Яна і Эйдан. Яна абцягнула сябе. Няма чаго фантазіяваць. Як кажуць людзі, на жывым мядзьведзю шкуры не купляй. Заўсёды яна лунае ў надхмар’і і не прымячае рэчаіснасьці.
Дзьве гадзіны праляцелі, і Эйдан Данн зьявіўся ў дзьвярах бібліятэкі. Ён шырока ўсьміхаўся: — У мяне няма машыны. Мяркую, у вас таксама?
— У мяне нават з квітком на аўтобус складана, — усьміхнулася ў адказ Сыньёра.
БІЛ
Жыцьцё было бы куды прасьцей, разважаў Біл Бурк, калі б ён мог пакахаць Гранію Данн.
Ёй амаль споўнілася дваццаць два. Яна з нармалёвай сям'і, яе бацька выкладае ў школе Выгляд-На-Гару, маці працуе касірам у рэстарацыі Квеньцін. Яна сымпатычная, зь ёй прыемна весьці гутарку.
Часам яны разам наракалі на банк і зьдзіўляліся, як атрымліваецца, што хціўцы ды сабетнікі заўсёды так добра ўладкоўваюцца. Гранія распытвала яго аб сястры і перадавала для яе кніжкі. Як ведаць, магчыма Гранія таксама здолела бы пакахаць яго, складзіся акалічнасьці трохі інакш.
Лёгка размаўляць аб сваім каханьні з добрым, спагадлівым сябрам. Біл з разуменьнем выслухваў аповяды Граніі аб сталым мужчыне, якога яна ніяк не магла выкінуць з галавы, як ні імкнулася. Ён аднагодак яе бацькі, і паліць, і цяжка дыхае, і можа памерці праз пару гадоў, калі будзе працягваць тым жа чынам, але яна ніколі не сустракала нікога, хто бы так моцна яе прыцягваў.
Яна не магла заставацца зь ім, бо ён схлусіў ёй, не сказаў, што стане Дырэктарам школы, хоць сам усё ведаў. І для бацькі Граніі было б страшэнным ударам, пазнай ён, што дачка сустракалася з Тоні А’Брайнам і нават спала зь ім. Аднойчы.
Спробы знаёміцца зь іншымі мужчынамі ні да чаго не прыводзілі. Яна працягвала думаць аб ім, аб маршчынках, што зьяўляліся ў кутках яго вачэй, калі ён усьміхаўся. Жудасна няшчыра. Якая нішчымная частка чалавечага мозгу альбо цела прымушае цябе лічыць, што ты кахаеш кагосьці, так д’ябальскі неадпаведнага?