Выбрать главу

Яму трэба было ведаць, ці не пасрэднасьць ён. Ён лічыў, што не, але хто дакладна ўсьведамляе, што ўяўляе зь сябе насамрэч?

— Упэўнены, мы — толькі тое, што думаюць аб нас іншыя людзі, — сказаў ён Граніі за кавай.

— Я так не лічу, бо тады намі бы стала маніпулявалі, — запярэчыла яна.

— Я нагадваю саву? — спытаў ён.

— Вядома, не, — уздыхнула Гранія. Ёй не ўпершыню даводзілася адказваць на гэтае пытаньне.

— Гэта нават не таму, што я нашу акуляры, — растлумачыў Біл. — Проста ў мяне круглы твар, прамыя валасы.

— У савы наогул няма валосься, у яе пёры.

Тыя словы яшчэ больш зьбянтэжылі Біла. — Чаму ж тады яны думаюць, што я нагадваю? — нахмурыўся ён.

Сёньня ўвечар моладзь банку як раз запрасілі на лекцыю. Гранія і Біл сядзелі побач. Яны ўнікалі ў матэрыял, у схемы, ва ўсё, што банк жадаў давесьці да ведама свайго пэрсаналу з мэтай спэцыялізацыі супрацоўнікаў у розных галінах. Ім распавядалі, што сьвет адчынены для здольных маладых людзей, якія валодаюць іншымі мовамі, маюць добрую кваліфікацыю і досьвед працы. Заробак тых, хто працуе за мяжой, зразумела, значна вышэй, бо ўключае камандзіровачныя. Спрыяльны выпадак надыдзе праз год, зацікаўленым асобам раяць заняцца самаадукацыяй, што дазволіць ім пасьпяхова прайсьці адбор.

— Ты зьбіраесься запісацца на нейкія курсы? — спытаў Біл.

Гранія выглядала засмучанай. — Мне б карцела, тады я магла бы зьехаць адсюль, уцячы ад шанцу сустрэцца з Тоні А’Брайнам. Але, зь іншага боку, я не жадаю думаць толькі аб ім і на іншым баку сьвету. Які ў гэтым сэнс? Няшчаснай я магу быць і тут, тут ён, прынамсі, будзе бліжэй да мяне, як там.

— А ён жадае, каб ты вярнулася? — Біл ня раз чуў тую гісторыю.

— Так, ён кожны тыдзень дасылае мне паштоўку ў банк. Паглядзі, вось сёньняшняя. — Гранія працягнула яму малюначак з кававай плянтацыяй. На абарачэньні толькі тры словы: “Дагэтуль чакаю, Тоні”.

— Ён не вельмі красамоўны, — зазначыў Біл.

— Не, але гэта свайго роду працяг, — растлумачыла Гранія. — На адной было: “Дагэтуль веру”, на іншай: “Дагэтуль спадзяюся”. Маўляў, ён чакае майго рашэньня.

— А да чаго тут кававая плянтацыя? — зьдзівіўся Біл.

— Я пагражала не вяртацца, пакуль ён ня купіць нармалёвую кававарку.

— І ён купіў?

— Так, Біл, вядома. Але ж справа ня ў тым.

— Жанчыны ўсё ўскладняюць, — сьцепануў плячыма Біл.

— Зусім не. Жанчыны цалкам нармалёвыя і адкрытыя. Гэта, вядома, не распаўсюджваецца на маленькую Пані Мантача зь якой ты зьвязаўся, але большасьць з нас такія.

Гранія знаходзіла Лізі безнадзейнай. Біл меркаваў, што Гранія вернецца да тага старыкана зь яго кавай, ложкам і ўсім астатнім, аб чым ён пісаў у сваіх паштоўках. Ён мог галаву даць на адсячэньне, ня будзе яна шчасьлівая безь яго.

Лекцыя падштурхнула Біла да разважаньняў. Дапусьцім, ён атрымае месца замежжам. Нават няхай яму сапраўды пашанцуе, і ён апынецца сярод тых, каго адправяць у эўрапейскія сталіцы ў рамках працэсу пашырэньня сувязяў. Толькі падумаць, гэта ж ўсё зьменіць. Упершыню ў жыцьці ён пачне зарабляць сур'ёзныя грошы. Ён будзе вольны. Яму ня прыйдзецца бавіць вечары ў хаце, гуляючы з Алівіяй і пераказваючы бацькам тыя здарэньня дню, што здольны паднесьці яго ў годным сьвятле.

Лізі магла бы прыехаць і жыць зь ім у Парыжы, ці ў Рыме, альбо ў Мадрыдзе, яны бы зьнялі маленькую кватэрку і кожную ноч выпраўляліся кудысьці разам, яму бы ня трэба было спачатку ісьці да яе, а потым, пасьля ўсяго, вяртацца дахаты … звычка, якую Лізі знаходзіла фацэтнай і край як зручнай, бо яна ніколі не прачыналася да поўдню і вельмі радавалася таму, што ніхто ня будзіць яе, сыходзячы ў такое самавітае месца, як банк.

Ён пачаў праглядаць аб'явы ў пошуках інтэнсіўных моўных курсаў. Яны апынуліся жудасна дарагімі. Аб курсах пры моўнай лябараторыі і марыць не прыходзілася. Для іх у яго не ставала ні моцы, ні часу. Дзень у банку вымотваў яго, да вечара ён стамляўся і ня мог сканцэнтравацца. Ня кажучы ўжо пра тое, што яму патрэбны грошы для Лізі. Ён баяўся страціць яе, калі будзе бавіць менш часу зь ёй і натоўпам яе сяброў.

Не ў першыню ён шкадаваў аб тым, што не пакахаў дзяўчыну іншага пляну. Але ж гэта як ліхаманка. Аднойчы разумееш, што падхапіў хваробу пад назвай каханьне. І застаецца шукаць лекі альбо чакаць, калі яна міне сама. Як звычайна, ён параіўся з Граніей і спытаў, ці ня можа яна прапанаваць яму штосьці, бо падаецца, каханьне да Лізі давядзе яго да клямкі.