— Мой бацька адчыняе вечаровы кляс італьянскага ў сваёй школе, — сказала яна. — Заняткі пачынаюцца ў верасьні, яны скрозь шукаюць вучняў.
— Штосьці вартае?
— Ня ведаю. Увогуле ў мяне такое пачуцьцё, нібы я заманьваю цябе туды. — Гранію заўсёды вылучала шчырасьць. Адсутнасьць штучнасьці — вось адна са шматлікіх якасьцяў, што ў ёй вабілі. — Прынамсі, гэта будзе танна, — працягвала яна. — Яны ўкладаюць у гэта ўсе грошы, што магчыма, і плянуюць набраць ня менш за трыццаць чалавек, каб ня стукнуць у бруд тварам. Я ня вытрымаю бацькавай паразы.
— Ты запісалася туды?
— Не, ён сказаў, гэта яго зьняважыць. Ён будзе выглядаць вартым жалю, калі ўся яго сям'я прыме удзел у заняцьцях.
— Пэўна, так і ёсьць. Але ці будзе ад тага якая карысьць у банкаўскай справе? Як ты лічыш, яны будуць вывучыць фінансавыя тэрміны, адмысловыя выразы?
— Няпэўна, але яны будуць вучыць дабрыдзень, і да спатканьня, і як пажывае ваш бацька. На маю думку, калі ты рушыш ў Італію, ты павінен быць здольны сказаць усё гэта людзям, як мы гэта робім тут.
— Так... — Біла апаноўвалі сумненьні.
— Божухна, Біл, якія фінансавыя тэрміны ты альбо я выкарыстоўваем штодзень тут, калі не лічыць дэбэт ды крэдыт? Я параю, каб яна навучыла вас ім.
— Хто?
— Жанчына, якую ён запрасіў. Сапраўдная італьянка, бацька заве яе Сыньёрай. Ён кажа, яна цудоўная.
— І калі пачнуцца заняткі?
— Пятага верасьня, калі набяруць кляс.
— Плаціць трэба адразу за ўвесь год?
— Толькі за сэмэстар. Я дам табе адрэсу. Калі ты зьбіраесься вывучаць мову, цалкам можна рабіць гэта там, Біл. Адным махам дапаможаш захаваць глузд майго беднага старога бацькі.
— А я ўбачу Тоні, які піша табе тыя доўгія гарачыя лісты? — хітра пацікавіўся Біл.
— Напрамілуй Бог, ні ў якім выпадку ня згадвай Тоні! Ты павінен трымаць гэта ў сакрэце, — занепакоілася Гранія.
Ён папляскаў яе па руцэ. — Я пажартаваў, безумоўна, я ведаю, што гэта сакрэт. Адылі, калі пашанцуе разгледзець яго, паведамлю табе сваё меркаваньне.
— Спадзяюся, ён табе спадабаецца. — Гранія раптам здалася вельмі юнай і ўразьлівай.
— Упэўнены, ён такі файны, што я сам дашлю табе паштоўку аб ім, — ласкава ўсьміхнуўся Біл. Гранія супакоілася. Ніхто ў сьвеце не пазнае аб Тоні А’Брайне.
Увечары Біл сказаў бацькам, што зьбіраецца вывучаць італьянскі.
Алівія жудасна ўсхвалявалася. — Біл зьбіраецца ў Італію. Біл будзе кіраваць банкам у Італіі, — паўтарала яна суседзям.
Суседзі абвыклі да яе балбатні. — Выдатна, — паблажліва адказвалі яны. — Будзеш нудзіцца безь яго?
— Калі ён выправіцца туды, ён усіх нас возьме ў Італію, мы будзем жыць зь ім разам, — даверліва паведаміла Алівія. Біл пачуў гэта з сваёй спальні і ў яго звалілася сэрца.
Яго маці лічыла вывучэньне італьянскага ўражваючай ідэяй. Італьянская мова вельмі прыгожая. Ёй падабалася слухаць, як Сьвятар гаворыць на ёй, яна любіла песьню O Solo Mio. Бацька сказаў, што няма нічога лепш, чым бачыць, як хлопчык стала працуе над сабою. Ён заўсёды ведаў, вялізныя высілкі, выдаткаваныя на Пасьведчаньне Аб Заканчэньні, дадуць вынік.
Маці між іншым пацікавілася, ці зьбіраецца Лізі хадзіць разам зь ім на курсы італьянскага. Біл ніколі не лічыў Лізі досыць дысцыплінаванай і арганізаванай, каб здужаць два ўроку на тыдзень па дзьве гадзіны кожны для вывучэньня чагосьці. Вядома, ёй больш да спадобы сьмяяцца і піць дарагія рознакаляровыя кактэйлі з сваімі сябрамі. — Яна яшчэ ня вызначылася, — цьвёрда адказаў ён. Вядома, як няўхвальна ставяцца яны да Лізі. Яе адзіны візыт прайшоў ня вельмі ўдала. Спадніца занадта кароткая, выраз занадта глыбокі, сьмех залішне часты і беспадстаўны, цікавасьць да іх сям'і ўвогуле непрыкметная.
Але ён быў непахісны. Ён кахаў Лізі, праз два гады, калі яму споўніцца дваццаць пяць, зьбіраўся пабрацца зь ёй шлюбам. І не жадаў чуць грэблівых слоў у яе адрэсу ў сваёй хаце. Яны паважалі яго пачуцьці. Часам Біл уяўляў, як пройдзе яго вясельле. Бацькі, вядома, усхвалююцца. Маці будзе цэльную вечнасьць тлумачыць аб капялюшыку, што зьбіраецца набыць, і, не выключана, купіць некалькі, перш як вылучыць патрэбны. Усе пачнуць безупынна абмяркоўваць убор Алівіі, штосьці сьціплае, але элегантнае. Бацька стане турбавацца аб часе шлюбу, спадзеючыся, што ў гэты час ён ня будзе заняты ў супэрмаркеце. Ён працаваў у гэтай краме зь юнацтва, заўсёды прымячаў найменшыя дробязі, ніколі не шукаў уласнай выгады і безупынна хваляваўся, як бы зьмена кіраўніцтва не прывяла да яго звальненьня. Часам Білу карцела ўзварухнуць яго, растлумачыць, што ён варты больш, як усе ягоныя калегі разам узятыя, і што ўсе выдатна разумеюць гэта. Але бацька, у свае пяцьдзесят, без адмысловай адукацыі, бяз спрыту, уласьціваму моладзі, ніколі ня даў бы яму веры. Бацька заўжды будзе трымцець за сваю працу ў супэрмаркеце і застанецца ўдзячны гаспадарам да канца сваіх дзён.