Сям'я Лізі на другім баку царквы заўжды паўставала ў марах Біла аб дні вясельля даволі смутна. Яна распавядала аб сваёй маці, якая жыла ў Вэст Корке, бо там ёй больш падабалася, і аб сваім бацьку, які атабарыўся ў Галуэйе, паколькі там жыло шмат яго прыяцеляў. У яе была сястра ў Штатах і брат, які працаваў на лыжным курорце і не зьяўляўся гадамі. У Біла ў галаве не зьмяшчалася, як усе яны сабяруцца разам.
Ён распавёў Лізі аб курсах. — Ты бы жадала займацца са мной? — з надзеяй спытаў ён.
— Гэта яшчэ навошта? — заразьлівы сьмех Лізі прымусіў яго разрагатацца разам зь ёй, хоць ён і не разумеў, над чым.
— Але ж сама разумееш, табе прыйдзецца мець зносіны з італьянцамі, калі мы паедзем туды.
— А яны што, не гавораць па-ангельскі?
— Некаторыя гавораць, але хіба не выдатна было бы размаўляць зь імі на іх уласнай мове?
— І што, мы будзем вучыцца гаварыць па-італьянскі ў такіх старых трушчобах, як Выгляд-На-Гару?
— Кажуць, цалкам прыстойная школа. — Ён адчуў жудасную крыўду за Гранію і яе бацьку.
— Усё магчыма, хоць па выглядзе і ня скажаш, але табе патрэбен куленепрабівальны пінжак, каб соўгацца па тым раёне.
— Гэта, вядома, ня самы лепшы раён, але яны проста бедныя, вось і ўсё.
— Бедныя, — выгукнула Лізі. — Мы ўсе бедныя, Божа ж ты мой, але ж мы не паводзім сябе, як яны.
Біла часьцяком бянтэжылі погляды Лізі. Як яна можа параўноўваць сябе зь сем'ямі, якія жывуць на дапаможнік і сацыяльныя сродкі? Большасьць дамачадцаў якіх ніколі не працавала? Справа ў яе наіўнасьці. І усё ж ня варта імкнуцца зьмяняць людзей, якіх вы кахаеце. Ён даўно гэта зразумеў.
— Добра, я ў любым выпадку зьбіраюся туды хадзіць, — сказаў ён. — Аўтобус спыняецца акурат побач школы, заняткі па аўторках і чацьвяргах.
Лізі круціла ў пальцах кветку. — Я бы пайшла з табой, Біл, але, шчыра кажучы, у мяне проста няма грошай. — Яна падняла на яго свае вялізныя вочы. Як было бы цудоўна паўтараць словы, вывучаць мову, седзячы побач зь ёй.
— Я заплачу за твае курсы, — паабяцаў Біл Бурк. Зараз яму сапраўды прыйдзецца ісьці ў іншы банк і браць пазыку.
У іншым банку да яго паставіліся вельмі дабразычліва. Яны і самі трапляюць ў такія сытуацыі, усім час ад часу прыходзіцца зычыць грошы. Усё можна ўлагодзіць без усялякай складанасьці.
— Маглі бы ўзяць і больш, — сказаў малады прыемны службоўца пасьля таго, як Біл выказаў сутнасьць справы.
— Ведаю, але ж потым трэба вяртаць … кожны месяц гэтулькі выдаткаў.
— Каму ты распавядаеш, — горача падхапіў хлопец. — А жахлівыя кошты на вопратку? Калі жадаеш купіць нешта прыстойнае, прыходзіцца выкладваць цэльнае багацьце.
Біл згадаў аб пільчаку, згадаў аб сваіх бацьках і аб Алівіі. Яму так карцела, каб улетку яны кудысьці зьезьдзілі. Ён узяў пазыку роўна ўдвая больш за тую суму, якую зьбіраўся заняць, выпраўляючыся ў банк.
Яе бацька быў абсалютна шчасьлівы, пазнаўшы, што яна знайшла яму двух новых жадаючых, распавяла Білу Гранія. Ужо набралася дваццаць два чалавекі. Справы ідуць някепска, і яшчэ застаецца тыдзень. Яны вырашылі пачаць заняткі першага сэмэстра, нават калі не зьбяруць трыццаць чалавек, каб не расчароўваць тых, хто запісаўся, і пазьбегнуць поўнага фіяска.
— Хтосьці яшчэ можа адмовіцца, — зазначыў Біл.
— Кажуць, звычайна больш за ўсё людзей адсеецца пасьля трэцяга ўроку, — растлумачыла Гранія. — Але давай спадзявацца на лепшае. Сёньня ўвечар паспрабую апрацаваць маю сяброўку Фіёну.
— Фіёну, якая працуе ў лякарні? — Біл адчуваў, што Гранія спрабуе ўсватаць яго. Яна заўсёды згадвала аб Фіёне ў самых цёплых выразах, прычым рыхтык у тых выпадках, калі Лізі рабіла нешта асабліва дурное альбо нязноснае.
— Ну так, ты ж ведаеш аб Фіёне, я заўжды распавядаю аб ёй. Яна наша з Брыджэт лепшая сяброўка. Мы заўсёды можам сказаць, што начавалі ў яе, калі нас там не было. Ты ж разумееш, што я маю на ўвазе.
— Я, вядома, разумею, што ты маеш на ўвазе, а як твае бацькі? — пацікавіўся Біл.
— Мае бацькі ня думаюць аб тым, вось як. Яны не зьвяртаюць на гэтыя рэчы ўвагі.
— І часта Фіёна мусіць пакрываць вас?