— Мяне — не, пасьля таго, як … ну, пасьля той ночы з Тоні, тысячу гадоў таму. Ці бачыш, літаральна на наступны дзень я выявіла, што ён здрадліва адабраў працу ў майго бацькі. Я распавядала табе?
Яна распавядала, і ня раз, але Біл быў вельмі добры. — Колькі я памятаю, ты казала, гэта быў цяжкі час.
— Горш не бывае, — разнэрвавалася Гранія. — Ведай я раней, я бы ня стала адкладаць размову на дзень, а даведайся пазьней, я, можа, ужо гэтулькі прывязалася да яго, што гэта нічога бы не зьмяніла. — Яна літаральна месца сабе не знаходзіла.
— Думаю, ты бы вярнулася да яго, калі б не баялася прыкончыць тым бацьку.
Гранія кінула на яго пранізьлівы погляд. Біл павінен быць тэлепатам, каб ведаць, як яна кідалася і варочалася ўсю мінулую ноч, абдумваючы магчымасьць вярнуцца да Тоні А’Брайна. Ён так цьвёрда пакінуў рашэньне тага пытаньня на яе меркаваньне, ён дасылае ёй такія падбадзёрваючыя паштоўкі. Немагчыма не рэагаваць на гэта. Але яна не магла прычыніць боль свайму бацьку. Ён так быў упэўнены ў тым, што атрымае пасаду Дырэктара; ён павінен быў адчуваць гэта значна горш, як паказваў. — Ведаеш, я думала аб тым, — павольна сказала Гранія. — І вырашыла трохі пачакаць, разумееш, пакуль у таты справы ня пойдуць лепей. Тады, магчыма, яму будзе лягчэй пагадніцца з гэтым.
— Лічыш, ён абмяркоўвае такія рэчы з тваёй маці?
Гранія пакруціла галавой. — Яны наогул амаль не размаўляюць. Мая маці цікавіцца адно сваёй рэстарацыяй і сустрэчамі зь сёстрамі. Тата амаль увесь час робіць сабе нешта накшталт кабінэта. Ён зараз вельмі самотны, і я не магу ўсьперці на яго новыя нягоды. Але, мабыць, калі з гэтым вечаровым клясам усё пойдзе добра і ўсе будуць яго ухваляць … тады я змагу паднесьці яму іншы амбарас. Калі, вядома, будзе што падносіць.
Біл захоплена паглядзеў на Гранію. Як і ён сам, яна была значна больш ўпэўненая у сабе, як яе бацькі, і гэтак жа як ён, не жадала хваляваць іх. — У нас так шмат агульнага, — нечакана мовіў ён. — Шкада, што мы не пакахалі адно аднаго.
— Я ведаю, Біл. — Уздых Граніі быў поўны цеплыні. — Ты вельмі сымпатычны хлопец, асабліва ў гэтым новым пільчаку. І у цябе цудоўныя бліскучыя каштанавыя валасы і ты малады, ты не памрэш, калі мне стукне сорак. Крыўдна, што мы ня здольны пакахаць адно аднаго, але я не магу, ніяк не магу.
— Ведаю, — хітнуў Біл. — Я таксама. Ну ці ня глупства?
Каб даць сям'і магчымасьць разьвеяцца, ён вырашыў зладзіць падабед на беразе мора. Яны селі ў лятучку пад назвай ДАХТ.
— Мы едзем не ДАХаТы, а да мора, — паўтарала Алівія людзям у лятучцы і яны ўсьміхаліся ёй. Усе скрозь ўсьміхаліся Алівіі, яна была такая непасрэдная. Яны тлумачылі ёй, што ДАХТ азначае Дублінскі Абласны Хуткасны Транзыт, але яна не зьвяртала ўвагі.
Спускацца ў гавань, каб разгледзець байды, ім давялося праз натоўп фатаграфуючых навакольлі турыстаў. Потым яны пад лёгкім паветрам прайшліся па галоўнай вуліцы мястэчка і зазірнулі ў крамы. Маці Біла сказала, што было б цудоўна жыць у месцы накшталт гэтага.
— У маладосьці нам карцела жыць у гэтай старонцы, — падхапіў бацька Біла. — Але ў тыя дні падавалася, што гэта занадта далёка, а лепшая праца была непадалёк ад горада, мы не маглі пераехаць сюды.
— Добра бы Біл калісьці, прасунуўшыся па службе, пасяліўся тут, — прапанавала маці, баючыся нават даць таму веры.
Біл паспрабаваў ўявіць сабе, як жыве у адной з гэтых старых хат альбо ў сучаснай кватэры разам зь Лізі. Ён будзе езьдзіць у Дублін на ДАХТе, а чым будзе займацца цэльнымі днямі яна? Ці знойдзе яна тут сабе сяброў, як знаходзіла заўсёды і скрозь? Ці будуць у іх дзеці? Лізі гаварыла аб адной дзяўчынцы і аб адным хлопчыку, і на гэтым ўсё. Але даўно. Зараз пры кожнай спробе абмеркаваць тую тэму яна адказвала значна больш нявызначана. — А калі б ты зацяжарала, — неяк уначы выказаў здагадку Біл. — Тады бы мы мусілі трохі паскорыць нашыя пляны.
— Лухта, Біл, сэрцайка маё, — адказала яна. — Мы б мусілі перакрэсьліць усе нашыя пляны.
І ўпершыню ён пабачыў нейкую жорсткасьць за яе ўсьмешкай. Але, вядома, не дадаў таму ўвагі. Біл ведаў, Лізі цалкам ня жорсткі чалавек. Яе, як любую жанчыну, палохае магчымасьць непрыемных і выпадковых здарэньняў зь яе целам. Няшчыра прырода ўладкавала. Жанчыны нават ня здольны пераадолець напружаньне, калі займаюцца каханьнем, ведаючы, што ў выніку можа здарыцца нешта нечаканае накшталт цяжарнасьці.
Алівія хутка стамлялася ад хады, маці ўсё роўна жадала наведаць царкву, таму Біл з бацькам адны падняліся да вуліцы Віка, элегантнай зьвілістай вулачцы, абгінаючай бухту, якую часта параўноўвалі з Нэапалітанскай Бухтай. У шматлікіх тутэйшых вуліц былі італьянскія назвы, напрыклад Віка альбо Саррэнта, і хаты тут зваліся Ля Скала, Мілан, Анкона. Людзі прывозілі з падарожжаў успамін аб далёкіх узьбярэжных выглядах. Да таго ж, як кажуць, тутэйшыя ўзгоркі нагадваюць італьянскае ўзьбярэжжа.