Адылі ў глыбіні душы Біл спадзяваўся, што Лізі раздумаецца наконт заняткаў. Як-ніяк, гэта захавае колькі фунтаў. Яго зрыньвала ў паніку думка аб тым, якая частка заробка сайдзе на пагашэньне пазыкі, і ці здолее ён хоць штосьці прынесьці дахаты напрыканцы месяца. Яго новы пільчак дастаўляў яму задавальненьне, але не да такой ступені. Як бы яму не давялося шкадаваць аб сваёй неразважнай экстравагантнасьці.
— Што за выдатны пільчак. Чыстая поўсьць? — пацікавілася жанчына за сталом. Старая, вядома, за пяцьдзесят. Але з цудоўнай усьмешкай. Яна памацала краёк яго рукава.
— Так, — адказаў Біл. — Лёгкая поўсьць, аднак даводзіцца плаціць за крой. Так мне вытлумачылі.
— Зразумела. Італьянскі, ці ня так? — У яе ірляндзкай вымове адчуваўся лёгкі акцэнт, нібы яна доўга жыла замежжам. Яна падалася яму цікавай. Яго будучая настаўніца? Білу казалі, у іх будзе весьці сапраўдная італьянка. Гэта што, яна?
— Вы настаўніца? — спытаў ён. Ён яшчэ не разьвітаўся з сваімі грашыма. Можа ня варта на гэтым тыдні ўносіць плату за Лізі і за сабе самога? Якое глупства — аддаваць грошы безвач.
— Так і ёсьць. Мяне клічуць Сыньёра. Я дваццаць шэсьць гадоў пражыла ў Італіі, у Сыцыліі і дагэтуль думаю і мару па-італьянскі. Спадзяюся, у мяне атрымаецца натхніць гэтым вас і ўсіх іншых, хто прыйдзе ў кляс.
Зараз біць адбой стала цяжэй. Нельга быць такім Спадарам Цудоўным Хлопцам. Шматлікія людзі з банка лёгка выйшлі бы з падобнага становішча. Біл з Граніей звалі іх акуламі.
Думка аб Граніі нагадала яму аб яе бацьку. — У вас набралася для кляса досыць чалавек? — спытаў ён. Раптам тут для яго знойдзецца шчыліна? Можа, ніякіх заняткаў і ня будзе.
Але твар Сыньёры сьвяціўся запалам. — Si, si, нам так пашанцавала. Людзі з самых розных месцаў пазнаюць аб нашым клясе. Дзе вы пазналі, сыньёр Бурк?
— У банку, — адказаў ён.
— У банку! — Радасьць Сыньёры была такая вялікая і шчырая, ён ня мог азмрочваць яе. — Толькі ўявіць, аб нас ведаюць у банку.
— Як вы лічыце, я здолею авалодаць банкаўскімі тэрмінамі? — яго вочы шукалі пацьверджаньня на яе твары.
— Менавіта якімі?
— Ну, тыя словы, што мы выкарыстоўваем падчас працы… — Біл ня мог выказацца больш пэўна, ён не ўяўляў, якія тэрміны спатрэбяцца яму аднойчы ў італьянскім банку.
— Вы можаце запісаць усе патрэбныя выразы, і я знайду іх для вас, — паабяцала Сыньёра. — Але, шчыра кажучы, курсы не нацэленыя на банкаўскую справу. Мы плянуем у цэлым больш увагі надаць мове і культуры Італіі. Хацелася б абудзіць у вас любоў да гэтай краіны, разуменьне таго, што прыехаўшы туды, вы апыняцеся дома, сярод сяброў.
— Выдатна, — адказаў Біл і працягнуў грошы за сябе і за Лізі.
— Martedi, — хітнула Сыньёра.
— Даруйце?
— Martedi, аўторак. Вось вы і пазналі першае слова.
— Martedi, — паўтарыў Біл і рушыў да аўтобуснага прыпынку. Ён адчуваў, такое ўкладаньне грошай нават лепш за яго файны, ваўняны, выдатнага крою пільчак.
— Што мне апрануць на заняткі? — спытала Лізі ўвечары у панядзелак. Адно Лізі магло такое трапіць ў галаву. Іншага бы чалавека цікавіла, ці трэба ўзяць з сабою сшыткі, слоўнікі, асадкі.
— Штосьці, здольнае нікога не адцягваць ад вучобы, — прапанаваў Біл.
Прывідная надзея і марная прапанова. Гардэроб Лізі не ўключаў рэчаў, што маглі б не адцягваць увагі. Нават зараз, напрыканцы лета, на ёй была кароценькая спаднічка, што дэманстравала доўгія загарэлыя ногі, шчыгульны топік і накінуты на плечы жакет.
— Але менавіта што?
Зразумела, пытаньне тычыцца ня стылю. Справа ў колеру. — Мне падабаецца чырвонае, — пакорліва адказаў ён.
Яе вочы зазьзялі. Нескладана даставіць Лізі задавальненьне. — Зараз паспрабуем, — прамармытала яна, выцягваючы з шафы чырвоную спадніцу і чырвоную зь белым блюзку. Яна выглядала цудоўна, сьвежая, юная, з бліскучымі залацістымі валасамі — нібы з рэклямы шампуню.
— А што, калі завязаць на валасы чырвоную стужку? — падавалася, яна хістаецца.
Біла захліснула хваля вялізнай адказнасьці. Ён сапраўды патрэбен Лізі. Яна безь яго загіне, хоць ён і падобны да савы, і сплачвае пазыкі з маніякальнай зацятасьцю.
— Сёньня ўвечары, — наступным днём паведаміў ён Граніі на працы.
— Толькі ты мне ўсё дакладна распавядзеш, добра? Ва ўсіх дробязях, — вельмі сур'ёзна запатрабавала Гранія. Ёй неабходна ведаць, як гэта абвінецца для яе бацькі, ці будзе ён выглядаць добра альбо ўвогуле жахліва.
Біл упэўніў яе, што раскажа шчыра, але выдатна ўсьведамляў, наколькі гэта малаверагодна. Нават калі ўсё апынецца горш няма куды, ён ня здолее прызнацца.