Калі яны ўвайшлі, Біл не пазнаў запыленую школьную прыбудову. Усё зьмянілася. Сьцены ўпрыгожвалі вялізныя плякаты, малюнкі Фантана Трэві, Калізэю і Мікэлянджэлаўскага Давыда, рэпрадукцыя Моны Лізы. Іх яркім фарбам падтаквалі вінаград і італьянскія талеркі. На пакрытых чырвонай, белай і зялёнай гафрыраванай паперай сталах чакалі зацягнутыя плёнкай папяровыя талеркі.
Падаецца, ежа сапраўдная, скрылікі салямі і сыра. Побач папяровыя кветкі, на кожным вялікі цэтлік з назвай. На гвазьдзіках garofani… Хтосьці прыклаў плойму сіл.
Білу карцела, каб усё гэта спрацавала. Дзеля дзіўнай жанчыны зь незвычайнымі рудавата-сівымі валасамі, якую клікалі проста Сыньёра, дзеля прыемнага мужчыны, якія трымаўся на заднім пляне, хутчэй за ўсёй, бацькі Граніі, дзеля ўсіх тых, хто сабраўся тут у няёмкім і нэрвовым чаканьні пачатку. Кожны з сваімі надзеямі і мроямі. Але, на першы погляд, нікога, хто зьбіраецца рабіць міжнародную банкаўскую кар'еру.
Сыньёра папляскала ў ладкі і назвалася. — Mi chiamo Signora. Come si chiama? — спытала яна чалавека, які, мусібыць, быў бацькам Граніі.
— Mi chiamo Aidan, — адказаў ён. І так, па крузе, увесь кляс.
Лізі спадабалася. — Mi chiamo Lizzie, — выгукнула яна, і ўсе з захапленьнем заўсьміхаліся, быццам яна зьдзейсьніла нешта надзвычайнае.
— Зараз паспрабуем зрабіць нашы імёны больш італьянскімі. Вы можаце казаць: “Mi chiamo Elizabetta.”
Гэта прыйшлося Лізі яшчэ больш па гусьце, яна бясконца паўтарала новы выраз.
Потым яны ўсе пісалі Mi chiamo і свае імёны на вялізных кавалках кардона і прышпільвалі іх. Навучыліся запытвацца адно у аднаго як справы, што за гадзіна, што за дзень, дзе жывуць.
Паказвалі на Біла: — Chi e?
— Guglielmo, — выкрыкваў увесь кляс.
Неўзабаве яны ведалі імёны кожнага на італьянскім. Кляс відавочна адчуў сябе вальней. Сыньёра раздала аркушы паперы. На іх былі ўсе фразы, якімі сёньня карысталіся. На чутку ўжо знаёмыя, але паспрабуй дакладна вымавіць іх, не паглядзеўшы спачатку, як яны пішуцца.
Яны зноў і зноў пыталі і адказвалі што за дзень, што за гадзіна, як вас клічуць. Твары паволі рабіліся амаль самаздаволенымі.
— Bene, — сказала Сыньёра. — У нас засталося дзесяць хвілін. — Гэта апынулася поўнай нечаканасьцю. Ну не маглі яшчэ мінуць дзьве гадзіны. — Вы ўсе добра папрацавалі, зараз невялічкі пачастунак. Але перш як зьесьці салямі, вымавім назву. Усе разам — formaggio.
Цалкам па-дзіцячаму трыццаць сталых людзей накінуліся на каўбасу і сыр, паўтараючы словы.
— Giovedi, — вымавіла Сыньёра пасьля.
— Giovedi, — хорам разьвіталіся ўсе. Біл пачаў складаць крэслы ў шэраг уздоўж сьцяны. Сыньёра зірнула на бацьку Граніі, як бы жадаючы даведацца, ці ўсё слушна. Той лагодна хітнуў. Астатнія прыняліся дапамагаць. Праз хвілю ў клясе панаваў парадак. Вартаўніку і прыбіраць ня прыйдзецца.
Біл зь Лізі накіраваліся да прыпынку аўтобуса.
— Ti amo, — нечакана вымавіла яна.
— Што гэта? — перапытаў ён.
— Ну, ты ж ў нас разумны, — заўсьміхалася Лізі. — Скем. Ti … як перакласьці?
— Бадай, гэта “ты”, — адказаў Біл.
— А “amo”?
— Кахаю?
— Гэта значыць я цябе кахаю!
— Адкуль ты ведаеш? — уразіўся ён.
— Я спытала яе перш як сысьці. Яна сказала, гэта два найпрыгажэйшых слова ў сьвеце.
— Так і ёсьць, так і ёсьць, — пацьвердзіў Біл.
— Гэта сапраўды было файна, — распавядаў Біл Граніі ў захліп наступным днём.
— Бацька, дзякуй Богу, вярнуўся дахаты бы на крылах, — радавалася Гранія.
— Яна сапраўды малайчына. Ведаеш, літаральна за пяць хвілін прымушае цябе адчуць, што ты здольны размаўляць па-італьянскі.
— Так табе ўжо трэба афармляцца ў італьянскае аддзяленьне, — падражніла яго Гранія.
— Нават Лізі спадабалася, яна сапраўды зацікавілася. У аўтобусе працягвала паўтараць сказы. Уяўляеш, да яе там усе далучыліся.
— Не сумняваюся, — адрэзала Гранія.
— Годзе, ня трэба так. Яна сапраўды так захапілася, як я і спадзявацца ня мог. Зараз заве сябе Элізабэт. — Біл ганарыўся.
— Ды ўжо трымаю заклад, яна так і робіць, — змрочна нахмурылася Гранія. — А яшчэ я гатовая біцца, што уроку на трэцім яна пачне хадзіць на вагары.
Так здарылася, што Гранія апынулася права. Але не з-за нястачы ў Лізі цікавасьці. З-за прыезду ў Дублін яе маці.
— Яна не была тут цэльную вечнасьць, я павінна сустрэць яе зь цягніка, — апраўдвалася яна перад Білам.
— Ці нельга сказаць ёй, што ты вернесься а палове на дзесятую? — угаворваў Біл. Варта сэньярыце Элізабэт прашвэндаць хоць адзіны урок, усё будзе скончана. Потым яна абвесьціць, што занадта адстала і ня ў стане нагнаць астатніх.