Выбрать главу

— Так няшчыра, Біл, яна не занадта часта наведвае Дублін. Я павінна быць там. — Ён прамаўчаў. — Божа літасьцівы, ты ж досыць клапоцісься аб сваёй маці, жывячы разам зь ёй, чаму я не магу сустрэць сваю на Хьюстанаўскай Станцыі? Тут і размаўляць няма аб чым.

Яе даводка разьбіла Біла. — Так, — пагадзіўся ён. — Няма аб чым.

— Біл, ты не дасі мне грошай на таксоўку? Мая маці гадзіцца езьдзіць аўтобусам.

— Чаму б тады ёй не заплаціць за таксі?

— Ну ня будзь такім прагным. Жмінда ты, скнара, сьнегу ў цябе ўзімку не дапрасіцца.

— Гэта няшчыра, Лізі. Гэта хлусьня і гэта няшчыра.

— Добра, — яна сьцепанула плячыма.

— Што значыць добра?

— Нічога асаблівага. Атрымлівай асалоду ад уроку, Сыньёры ад мяне прывітаньне.

— Вазьмі грошы на таксоўку.

— Не, такія міласьці мне не патрэбныя.

— Мне хочацца, каб ты з маці паехала на таксоўке, сапраўды хочацца. Ты ж будзеш пачувацца шчасьлівай, шчодрай, гасьціннай. Калі ласка, Лізі, вазьмі. Калі ласачка.

— Добра, калі ты настойваеш...

Ён пацалаваў яе ў лоб. — Гэтым разам я пабачуся з тваёй маці?

— Спадзяюся, што так, Біл. Ты ж ведаеш, мы і ў мінулы раз жадалі, але ў яе шмат сяброў. Яны адымаюць увесь яе час. Разумееш, у яе гэтулькі знаёмых.

Сам сабе Біл адзначыў, што ў маці Лізі безьліч знаёмых, але сярод іх нікога, хто здолеў бы сустрэць яе на чыгуначнай станцыі з машынай альбо таксі. Але ўслых нічога не сказаў.

— Dov’e la bella Elizabetta? — запытала Сыньёра.

— La bella Elizabetta e andata alla stazione, — пачуў Біл уласны голас. — La madre di Elizabetta arriva stasera.

Сыньёра была ўзрушаная. — Benissimo, Gugliemo. Bravo, bravo.

— Ну ты і завучка, гадзяня маленькае. Вузьлікі вяжаш, — прабурчэў дужы хлопец са злосным тварам і імем Луіджы на блакітным цэтліку. Насамрэч яго клікалі Лу.

— Мы бралі andato на мінулым тыдні, яно было ў сьпісе, а stasera у першы дзень. Усе тыя словы мы ведаем. Я ніякіх вузьлікаў не вяжу.

— Адчапіся, — Лу яшчэ больш спахмурнеў і далучыўся да кляса, выгукаўшага, што на гэтай piazza мноства гожых хат. — Для пачатку, пакладзем, хлусьня, — прамармытаў ён, разглядаючы праз шыбу школьны будынак, што нагадваў барак.

— Двор стане лепш, школу ўжо пачалі фарбаваць, — зазначыў Біл.

— А ты, мабыць, Чарлі-цудатворац? — чмыхнуў Лу. — Чаго не кранеш, усё ў раскошу ператвараецца.

Біла так і падмывала адказаць, што з цудамі ў яго жыцьці кепска, ён змушаны жыць у хаце, дзе ўсе залежаць ад яго, яго дзяўчына не кахае яго нават настолькі, каб пазнаёміць з сваёй маці, ён не ўяўляе сабе, як сплаціць у наступным месяцы пазыку.

Але, зразумела, нічога гэтага ён не сказаў, а падхапіў разам са ўсімі in questa piazza ci sono molti belli edifici. Яму карцела ведаць, дзе зараз Лізі і яе маці. Ён, без усялякіх на то падстаў, спадзяваўся, што Лізі не павяла маці ў шыкоўную страўню і не адплацілася чэкам. Ужо гэтым разам праблем з банкам не абмінуць.

Усе ўзялі ў рукі маленькія лустачкі хлеба, чымсьці пакрытыя зьверху. Сыньёра назвала іх crostini. — А як наконт віна? — спытаў хтосьці.

— Я думала прынесьці vino, vino rosso, vino bianco. Але ж вы разумееце, гэта школа, яны не дазваляюць аніякіх трункаў. Не жадаюць падаваць дзецям благі прыклад.

— Годзе парахнёй рассыпацца, позна ўжо, — умяшаўся Лу.

Біл зь цікавасьцю паглядзеў на яго. Немагчыма зразумець, навошта такі чалавек вывучае італьянскі. Хоць наогул цяжка ўявіць, чаму тут любы зь іх. Ён не сумняваўся, шмат хто зьдзіўляецца наконт Лізі. Нікому не зразумець, чаму Лу, зараз пераўтвораны ў Луіджы, два вечары ў тыдзень губляе на тое, чым відавочна пагарджае, гледзячы на ўсіх зь непрыкрытым раздражненьнем. Прыйдзецца разглядаць гэта, як частку складанага ўзору быцьця, вырашыў Біл.

Адна з папяровых кветачак зламалася і ляжала на падлозе.

— Магу я ўзяць яе, Сыньёра? — спытаў Біл.

— Certo, Gugliemo, гэта для la bellissima Elizabetta?

— Не, для маёй сястры.

— Mia sorella, mia sorella, мая сястра, — усьміхнулася Сыньёра. — Вы добры, вельмі добры чалавек, Гугліема.

— Магчыма, але якая з таго карысьць? — пытаў сябе Біл па дарозе да аўтобуснага прыпынку.

Алівія чакала яго ля дзьвярэй. — Скажы па-італьянскі, — крыкнула яна.

— Ciao, sorella, — павітаўся ён. — Вось garofano. Адмыслова табе прынёс.

Ад выраза задавальненьня на яе твары ён адчуў сябе яшчэ горш, як раней, хоць і тады было моташна.

На гэтым тыдні Біл браў на працу лусьцікі. Нават буфэт апынуўся яму не па кішэні.

— У цябе ўсё добра? — спагадліва пацікавілася Гранія. — Выглядаеш стомленым.

— Вядома, мы, лінгвісты-міжнароднікі, напружана займаемся, — адказаў ён са слабай усьмешкай.

Гранія зірнула на яго, быццам зьбіралася спытаць пра Лізі, але раздумалася. Лізі. Дзе яна сёньня? Можа, зь сябрамі маці, на кактэйлю ў якой вялізнай рэстарацыі альбо дзесьці у Тэмпл Бары выведваюць новае мястэчка, аб якім яна, зіхаця вачыма, будзе яму распавядаць. Лепей бы яна патэлефанавала, пагаварыла зь ім, распытала аб учорашнім занятку. Ён бы прыгадаў, як безь яе нудзіліся і звалі прыгажуняй. І які сказ ён збудаваў, паведамляючы, што яна выправілася на станцыю сустракаць сваю маці. Яна бы распавяла, чым займалася. Чаму тэлефон маўчыць?