— Мне размаўляць зь ёй? Мне?
— Ну, ты ж казаў, што жадаеш сустрэцца зь ёй, Біл. Ты колькі разоў пытаў.
Ён зірнуў у прыгожы заклапочаны твар сваёй каханай. Вядома, ён жадаў сустрэцца з будучай цёшчай. Але ж не тады, калі яна сілом зачыненая ў кватэры. Не тады, калі яна выкрадзеная на трыццаць гадзін і гатовая выклікаць паліцыю. Такая сустрэча патрабавала дыпляматыі, аб якой Біл Бурк ня меў ні найменшага паданьня.
Ён паспрабаваў уявіць, як бы адолелі аналягічную сытуацыю героі яго ўлюбёных кніг, і з пэўнасьцю зразумеў, што ніхто і ніколі не паставіў бы іх у такое становішча.
Яны падняліся па лесьвіцы да кватэры Лізі. Адтуль ня чулася ні гука.
— Яна сысьці не магла? — прашаптаў Біл.
— Не, там нешта накшталт засаўкі пад вакном. Яна бы яго адчыніць ня здолела.
— А можа яна шкло разьбіла?
— Не, ты ня ведаеш маю маці.
З гэтым не паспрачаесься, падумаў Біл. Але зараз яму давядзецца зь ёй пазнаёміцца. Пры вельмі дзіўным зьбегу акалічнасьцяў. — Яна ня будзе буяніць, ня кінецца на мяне?
— Не, вядома не. — Ягоны спуд выклікаў у Лізі пагарду.
— Добра, пагавары зь ёй, усё такое, распавядзі, хто я.
— Не, на мяне яна злуе, а вось да кагосьці іншага паставіцца больш ветліва. — Вочы ў Лізі пашырэлі ад жаху.
Біл выпрастаў плечы. — М-м, спадарыня Даффі, мяне клічуць Біл Бурк, я працую ў банку. — Ніякай рэакцыі. — Спадарыня Даффі, з вамі ўсё добра? Магу я пераканацца, што вы не нэрвуецеся і няблага сябе пачуваеце?
— Як я магу не нэрвавацца альбо добра сябе адчуваць? Мая ўласная бязглуздая дачка замкнула мяне тут, і ёй прыйдзецца шкадаваць аб тым кожны дзень, кожную гадзіну з гэтага самага моманту і да сканчэньня яе жыцьця. — Голас гучаў злосна, але цьвёрда.
— Добра, спадарыня Даффі, калі вы трохі адыдзеце ад дзьвярэй, я ўвайду і ўсё вам растлумачу.
— Вы сябар Элізабэт?
— Так, вельмі добры сябар.
— Тады вы таксама шаленец, — вымавіў голас.
Лізі падняла вочы. — Бачыш, што я мела на ўвазе, — прашаптала яна.
— Спадарыня Даффі, мне падаецца, нам будзе больш зручна абмяркоўваць гэта твар да твару. Я зараз увайду, пасуньцеся, калі ласка, ледзь у бок.
— Вы ня ўвойдзеце. Я прыпхнула фатэля да дзьвярэй, на выпадак, калі ёй стрэльне прывесьці сюды іншых наркаманаў альбо бандытаў накшталт вас. Я застануся тут, пакуль хтосьці ня прыйдзе выратаваць мяне.
— Дык я і прыйшоў выратаваць вас, — з роспаччу ўпэўніў яе Біл.
— Калі жадаеце, можаце пакруціць ключ, вы ўсё роўна ня ўвойдзеце.
Так і апынулася. Яна сапраўды забарыкадавалася.
— У вакно? — запытаў ён у Лізі.
— Туды ня вельмі лёгка забрацца, але я табе пакажу.
Біл выглядаў занепакоеным. — Я думаў, ты палезеш у вакно.
— Я не магу, Біл, ты ж чуў. Яна як разьлютаваны бык. Яна мяне забье.
— Добра, няхай нават я туды забяруся. Што яна зробіць са мной? Яна ж лічыць, я наркаман.
У Лізі задрыжалі вусны. — Ты абяцаў мне дапамагчы, — голас у яе быў, як у маленькай.
— Пакажы вакно. — Зь некаторай напругай ён ускараскаўся на гзымс і адшукаў засаўку, што Лізі ўмацавала ў верх рамы. Біл выцягнуў яе, расхінуў вакно, адшмаргнуў фіранку. Бляндынка гадоў сарака, з выпацканым тушам тварам, убачыла яго ў той самы момант, калі ён саскочыў на падлогу, і рынулася на яго са стабурком у руках.
— Трымайся ад мяне далей! Прыбірайся прэч, пачвара, — крычала яна.
— Матуля, матуля, — екатала Лізі пад дзьвярыма.
— Спадарыня Даффі, калі ласка, калі ласка. — Біл схапіў патэльню, каб абараніцца. — Спадарыня Даффі, я прыйшоў вывесьці вас адгэтуль. Зірніце, вось ключ. Калі ласка, калі ласка, пакіньце стабурок.
Падаецца, ён сапраўды працягвае ёй ключ; яе вочы памякчэлі. Яна адсунула стабурок і насьцярожана зірнула на яго.
— Дазвольце мне адчыніць дзьверы, Лізі увойдзе і мы зможам усё паволі абмеркаваць, — сказаў ён, рухаючыся да ўвахода.
Але маці Лізі зноў схапілася за кухенны стабурок. — А ну прэч ад дзьвярэй. Хто ведае, якая хеўра там стаілася? Я казала Лізі, у мяне няма грошай, няма крэдытных картак … бессэнсоўна выкрадаць мяне. Ніхто ня стане плаціць выкуп. Вы сапраўды вылучылі ня тую жанчыну. — Яе вусны дрыжалі; яна так нагадвала сваю дачку, што Біла захлынула знаёмае жаданьне абараняць.
— Знадворку толькі Лізі, ніякай хеўры. Усё гэта непаразуменьне. — Яго голас гучаў заспакаяльна.
— Так я і дала веры. Гэтая вар'ятка замыкае мяне тут учора ўначы, пасьля ўцякае і пакідае у поўнай адзіноце, меркаваць, што там за дзьвярыма, потым вы залазіце ў вакно і накіроўваецеся да мяне з патэльняй.
— Не-не, я проста схапіў яе, калі вы кінуліся на мяне са стабурком. Глядзіце, зараз я пакіну яе на стале. — Голас Біла зрабіў вялізны ўплыў. Падавалася, кабета гатовая пагаварыць разумна. Яна паставіла чырвоны кухенны стабурок і села на яго, спустошаная, спалоханая, разгубленая.